Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад 1900 да 68 000 памерлых». Варыянты барацьбы зь вірусам у Беларусі


Людзі ідуць адпачываць на Менскае мора ў нядзелю, 5 красавіка 2020
Людзі ідуць адпачываць на Менскае мора ў нядзелю, 5 красавіка 2020

Шырокі грамадзкі рэзананс у Беларусі атрымаў даклад няўрадавага Цэнтру дасьледаваньняў эўрапейскіх краінаў у пераходны пэрыяд (EAST Center) пра магчымыя варыянты разьвіцьця пандэміі ў Беларусі.

Свабода папрасіла дырэктара па дасьледаваньнях цэнтру, палітоляга Андрэя Елісеева, больш падрабязна распавесьці пра гэтыя прагнозы.

Сьцісла:

  • У выпадку, калі наагул ніякіх мераў ня будзе прымацца, колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў Беларусі можа скласьці 68 тысячаў чалавек
  • Афіцыйная статыстыка за апошнія тыдні зь вялікай імавернасьцю пацьвярджае прагнозы мадэлі
  • Беларусь уваходзіць у пандэмію са спазьненьнем
  • Тэрмінова неабходныя пэўныя крокі – скарачэньне сацыяльных кантактаў, павялічэньне сацыяльнай дыстанцыі, забарона на масавыя мерапрыемствы
  • У Кітаі афіцыйныя лічбы захварэлых былі ў 6 разоў меншыя, чым сапраўдная колькасьць тых, хто захварэў на каранавірус
  • Нават адносна мяккія меры, якія нанясуць эканоміцы адносна невялікую шкоду, дазваляюць захаваць сотні, калі ня тысячы жыцьцяў у краіне памераў Беларусі
  • Гэта не дакладны прагноз, а імавернасныя разьлікі міжнароднай групы навукоўцаў, якія з цягам часу і са зьяўленьнем большага масіву статыстычных дадзеных будуць зьмяняцца

— Андрэй, прагноз вашага цэнтру заснаваны на матэматычнай мадэлі распаўсюду пандэміі, распрацаванай Імпэрскім каледжам Лёндану, пад эгідай якога дзейнічае Цэнтар супрацоўніцтва Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) па мадэляваньні інфэкцыйных захворваньняў. Гэтыя навукоўцы на падставе мадэлі зрабілі разьлікі для вялікай колькасьці краінаў, у тым ліку і для Беларусі. Што ў іх атрымалася для Беларусі: якое «дрэва варыянтаў», пры якой палітыцы колькі хворых і памерлых прадказвае іх мадэль?

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

—Я хачу падкрэсьліць, што гэта ня мой уласны прагноз, я прыводжу прагноз гэтай міжнароднай каманды навукоўцаў. Яны зрабілі разьлікі паводле сваёй мадэлі для 200 краінаў і асобных тэрыторыяў сьвету (гл дадатак Imperial-College-COVID19-Globalunmitigated-mitigated-suppression-scenarios.xlsx у цытаванай публікацыі). Гэтая мадэль сапраўды дае прагноз вынікаў эпідэміі пры розных варыянтах урадавых захадаў супраць пандэміі.

Адносна Беларусі яны прыйшлі да высновы, што пры ўжываньні мяккіх захадаў процідзеяньня эпідэміі колькасьць сьмяротных сыходаў можа скласьці 15-30 тысячаў чалавек. Калі беларускія ўлады ў момант, калі колькасьць сьмерцяў складзе 18 на тыдзень, ужывуць стратэгію з даволі жорсткімі захадамі, колькасьць сьмяротных выпадкаў прагназуецца каля 1900 чалавек. А ў выпадку, калі наагул ніякіх мераў ня будзе прымацца, колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў Беларусі можа скласьці 68 тысячаў чалавек.

— Матэматыкі распрацавалі нейкую мадэль, зрабілі пэўныя дапушчэньні наконт сувязі пераменных, прынамсі, сацыяльна-дэмаграфічных паказьнікаў і колькасьці захварэлых і памерлых ад пандэміі. Але ці пацьвярджаюць мадэль эмпірычныя дадзеныя па краінах, дзе пандэмія ў разгары? На жаль, ужо ёсьць велізарны масіў дадзеных, прычым у дынаміцы, і па Кітаі, і па Італіі, і па Гішпаніі, і па ЗША. Наколькі рэальныя дадзеныя адпавядаюць мадэлі, збудаванай камандай экспэртаў?

Імпэрскі каледж Лёндану ​— цяпер асноўны дасьледны цэнтар у мадэляваньні хады пандэміі. І так — ідзе ўвесь час праверка мадэлі, параўнаньне яе прагнозу і афіцыйнай статыстыкі. Мадэль прадказвае ня толькі канчатковыя вынікі пандэміі па краінах, але і дынаміку. І афіцыйная статыстыка за апошнія тыдні зь вялікай імавернасьцю пацьвярджае прагнозы мадэлі.

— Якія парамэтры мадэлі? Якія асаблівасьці краінаў у ёй улічваюцца? Краіны адрозьніваюцца шчыльнасьць насельніцтва, доляй старога насельніцтва, узроўнем сыстэмы аховы здароўя і г.д. Разьлікі па Беларусі зробленыя з улікам якіх чыньнікаў?

— Там некалькі парамэтраў, сярод якіх, у прыватнасьці, колькасьць насельніцтва, яго ўзроставая структура, сярэдні памер хатніх гаспадарак, паказьнік шчыльнасьці сацыяльных кантактаў, колькасьць ложкаў у шпіталях і асобна колькасьць ложкаў у аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі. І гэтыя дадзеныя бяруцца з базаў дадзеных па кожнай краіне Сусьветнай арганізацыі здароўя і іншых міжнародных арганізацыяў. Так што гэта ня проста мадэль, распрацаваная для Брытаніі, экстрапалюецца на іншыя краіны.

— Пакуль у Беларусі паводле афіцыйных дадзеных 700 выяўленых захварэлых і 13 сьмерцяў. Гэта адносна невялікая колькасьць у параўнаньні зь іншымі краінамі, напрыклад, з ЗША, Італіяй, Гішпаніяй, тым жа Кітаем. Гэтыя цяперашнія беларускія лічбы — як яны ўкладаюцца ў мадэль, як яна тлумачыць іх? Чаму ў краінах з больш строгімі мерамі лік памерлых — на тысячы, у Беларусі, дзе ладзяць спартовыя спаборніцтвы і набажэнствы — пакуль няма і двух дзясяткаў?

— Паводле шэрагу навуковых дасьледаваньняў Беларусь уваходзіць у пандэмію са спазьненьнем. Як сказаў на мінулым тыдні кіраўнік офісу Ўсясьветнага банку ў Беларусі, Беларусь у хадзе эпідэміі адстае ад той жа Вялікабрытаніі на некалькі тыдняў, яна проста знаходзіцца на пачатковым этапе. І тэрмінова неабходныя пэўныя крокі — скарачэньне сацыяльных кантактаў, павялічэньне сацыяльнай дыстанцыі, забарона на масавыя мерапрыемствы. Гэта дазволіла б спыніць тэмп разьвіцьця пандэміі. І лічбы, якія мы маем на сёньня, не павінныя ўводзіць у зман. Важнай пераменнай зьяўляецца рэальная колькасьць захварэлых. А мы яе ведаем даволі ўмоўна.

— 700 хворых і 13 сьмерцяў — наколькі гэтыя лічбы адэкватныя? Зьяўляецца інфармацыя пра тое, што часам людзям пішуць іншую прычыну сьмерці — не каранавірус. Ці можна ацаніць, якія сапраўдныя лічбы?

— Ацаніць можна постфактум пры дапамозе матэматычных мадэляў, калі будуць вядомыя дакладныя дадзеныя па сьмяротных выпадках. І на падставе гэтай колькасьці рэтраспэктыўна можна будзе вызначыць, якая колькасьць рэальна хварэла. Такое рэтраспэктыўнае дасьледаваньне кітайскіх навукоўцаў паказвае, што ў Кітаі афіцыйныя лічбы захварэлых былі ў 6 разоў меншыя, чым сапраўдная колькасьць тых, хто захварэў на каранавірус. І гэтае заніжэньне — яно ў разы па кожнай краіне, у тым ліку і па Беларусі.

— Яно ў разы менш можа і не таму, што лічбу хаваюць, а таму што ня ўсіх ахопліваюць тэстамі. У Беларусі апошняя афіцыйная лічба 32 тысячы тэстаў.

— Афіцыйныя беларускія прадстаўнікі заяўлялі, што Беларусь — на 9-м месцы ў сьвеце па колькасьці тэстаў адносна насельніцтва. Але дадзеныя САЗ гэта абвяргаюць. Паводле іх Беларусь недзе на 40-м месцы паводле гэтага паказьніку.

— Ці ёсьць нейкія разьлікі эканамічнай цаны жорсткай стратэгіі (suppression strategy)? Колькі якой краіне гэта будзе каштаваць? У першым дакладзе гэтага Імпэрскага каледжу Лёндану, які тычыўся толькі Вялікабрытаніі, кіраўнік праекту Ніл Фэргюсан падкрэсьліваў, што мадэль прагназуе толькі мэдычныя наступствы той ці іншай палітыкі. А можа нехта гэтыя разьлікі ўсё ж рабіў?

— І ў дасьледаваньні па 200 краінах і тэрыторыях каманда навукоўцаў таксама пацьвярджае, што яны не ацэньваюць сацыяльна-эканамічныя наступствы той ці іншай палітыкі. Вынік дасьледаваньня палягае ў тым, што нават адносна мяккія меры, якія нанясуць эканоміцы адносна невялікую шкоду, дазволяць захаваць сотні, калі ня тысячы жыцьцяў у краіне памераў Беларусі. Яны не заклікаюць да абавязковага маштабнага карантыну.

— Мадэль той жа групы навукоўцаў, зробленая для Брытаніі, абнародаваная раней, не выключала паўторных хваляў захворваньня, вяртаньня вірусу, неабходнасьці пульсуючай жорсткай стратэгіі — увялі карантын, патрымалі месяц, распаўсюд эпідэміі запаволіўся, аслабілі карантын на месяц, тэмп распаўсюду ізноў павялічыўся, потым ізноў увялі карантын на месяц. Тая мадэль, пра якую мы гаворым, прадугледжвае гэтыя паўторныя хвалі? Каб сьмерцяў у Беларусі было каля 2 тысячаў, а не 68 тысячаў — як доўга павінная праводзіцца жорсткая стратэгія?

— У апошнім дасьледаваньні сапраўды гаворыцца, што можа зьявіцца неабходнасьць хваляў мераў супраць эпідэміі. І гэта тычыцца ўсіх краінаў, ня толькі Брытаніі, ЗША ці Беларусі. Я хачу падкрэсьліць, што дасьледаваньне, на якое я спасылаюся, не дакладны прагноз, а імавернасныя разьлікі міжнароднай групы навукоўцаў, якія з цягам часу і са зьяўленьнем большага масіву статыстычных дадзеных будуць зьмяняцца, і якія ня ўлічваюць магчымасьць зьяўленьня эфэктыўнай вакцыны ў бліжэйшым часе. Тым ня менш, яны даюць разуменьне рызыкаў, якія можа стварыць некантраляваны распаўсюд эпідэміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG