Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роскомнадзор» заблякаваў сайт апанэнтаў паправак у Канстытуцыю Расеі


«Роскомнадзор» на падставе рашэньня раённага суду заблякаваў сайт кампаніі «Не!», дзе ішоў збор подпісаў супраць паправак у Канстытуцыю Расеі. Суд прыняў рашэньне аб блякаваньні 11 сакавіка, паведамляе сайт ведамства.

12 сакавіка Заканадаўчы сход расейскіх рэгіёнаў прыняў рашэньне падтрымаць прапанаваны закон аб зьменах у Канстытуцыі Расеі.

У шэрагу расейскіх гарадоў праходзяць пікеты супраць «папраўкі Церашковай», якая датычыць абнуленьня прэзыдэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна. Актывістаў затрымлівае паліцыя.

Сама Валянціна Церашкова заявіла, што людзі, якія крытыкуюць яе папраўку, ня любяць Расею і «робяць усё для таго, каб гадасьці рабіць».

Старшыня Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін заклікаў дэпутатаў выступіць у абарону Церашковай, якая ўнесла папраўку ў Канстытуцыю аб абнуленьні прэзыдэнцкіх тэрмінаў. «Атакі, якія сёньня ідуць на Церашкову — гэта атакі на нашу краіну», — заявіў Валодзін. Кажучы пра крытыку прапанаваных паправак, ён дадаў: «Ня нафта і газ наша перавага. Як бачыце, і нафта, і газ могуць падаць у цане. Наша перавага — Пуцін, і мы яго павінны абараніць».

Больш за 120 расейскіх праваабаронцаў, палітыкаў, юрыстаў, экспэртаў у галіне канстытуцыйнага права падрыхтавалі і падпісалі адкрыты зварот у Раду Эўропы з заклікам даць заключэньне на ўнесеныя ў Канстытуцыю Расеі папраўкі і на саму працэдуру іх прыняцьця.

Уладзімір Пуцін знаходзіцца ва ўладзе ў Расеі ўжо больш за 20 гадоў. Ён чатыры разы абіраўся прэзыдэнтам і двойчы ўзначальваў урад. Калі папраўкі аб абнуленьні тэрмінаў Пуціна ўступяць у сілу, ён можа прабыць на пасадзе прэзыдэнта да 2036 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG