Найбуйнейшы ў Беларусі вытворца шынаў, бабруйская кампанія «Белшына», спыніла тры заводы. Кіраўніцтва тлумачыць прастой плянавым абслугоўваньнем абсталяваньня і праблемамі з абаротнымі сродкамі і закупліваньнем сыравіны. Свабода даведалася, што гавораць работнікі горадаўтваральнага прадпрыемства.
Пакуль «Белшына» будзе прастойваць, работнікаў перавялі на заробак, роўны 2/3 ад тарыфнай стаўкі.
Пра кампанію «Белшына». Сьцісла
Найвялікшае прадпрыемства ў Бабруйску, існуе ад 1973 году.
- У штаце працуе 7 тысяч чалавек.
- На трох заводах вырабляюць больш за 300 мадэляў шынаў для легкавых, грузавых, буйнагрузавых, а таксама для сельскагаспадарчых машын і трактароў.
- Асноўныя спажыўцы прадукцыі — беларускія і расейскія прадпрыемствы.
- Згодна зь фінансавай справаздачай (PDF), за 9 месяцаў 2019 году выручка прадпрыемства ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась зьменшылася з 579 905 рублёў да 509 869 рублёў.
Работнік «Белшыны»: прастоі былі і раней
Паводле начальніка аддзелу ідэалягічнай працы «Белшыны» Юрыя Андрэеўскага, заводы масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шынаў спынілі 17 лютага. Завод звышбуйнагабарытных шынаў прастаіць да 1 сакавіка, паколькі «выканаў вытворчую праграму лютага». Астатнія адновяць працу 21 лютага.
Юры Андрыеўскі, спасылаючыся на загад генэральнага дырэктара кампаніі Ўладзімера Карпяка, асноўнай прычынай прастою называе «правядзеньне пэрыядычнага абслугоўваньня тэхналягічнага абсталяваньня, выпраўленьне непаладак і падтрыманьне яго ў спраўным стане».
У інтэрвію інтэрнат-выданньню Naviny.by Андрыеўскі прызнаўся, што апошнія гады прадпрыемства мае цяжкасьці з абаротнымі сродкамі. Вырасла дэбіторская і крэдыторская запазычанасьць, бракуе сродкаў на сыравіну.
Пра недахоп сыравіны кажуць і работнікі, якія ў размове са Свабодай прасілі захаваць ананімнасьць.
Паводле работніка заводу масавых шынаў Сяргея, пра спыненьне вытворчасьці гаварылі яшчэ на пачатку лютага. Сьцьвярджае, прастоі здараліся і раней, асабліва на заводзе звышбуйнагабарытных шынаў. Яго прадукцыю бяруць, каб «абуваць» самазвалы БелАЗ.
Сяргей кажа, што на іншых заводах «у вымушаныя водпускі» работнікаў таксама адпраўлялі, але ня ўсіх адразу.
«Напрыклад, з брыгады з 6 чалавек на 2/3 стаўкі пераводзілі 2-3 работнікаў, — тлумачыць ён. — Дзе-нідзе ёсьць чэргі з тых, каго выправяць «адпачываць» чарговы раз. Нехта пагаджаецца сам пайсьці, каб вырашыць свае пытаньні».
Паводле суразмоўцы, такая сытуацыя выклікае незадаволенасьць у калектыве, бо прыводзіць да зьмяншэньня заробку.
Работнік «Белшыны»: працуем без спадзеву, што сытуацыя палепшыцца
Яшчэ адзін работнік прадпрыемства Аляксандар кажа, што ў працоўным асяродзьдзі настроі пэсымістычныя. Маўляў, у студзені без прастояў работнікі недалічыліся 300-350 рублёў. У яго асабіста сьнежаньскі заработак быў 1200, а студзеньскі ўжо 900 рублёў.
Нягледзячы на пагаршэньне эканамічнага становішча, работнікі трымаюцца за свае працоўныя месцы, бо зарабіць больш, чым на «Белшыне», «у Бабруйску няма дзе». Аляксандар кажа, што звальняюцца толькі тыя, хто мае альтэрнатыву. Некаторыя ягоныя знаёмцы зьехалі працаваць дальнабойнікамі ў краіны Балтыі. Іншыя выбіраюць Менск ці Расею.
Па словах Сяргея, найбольш пасьпяховымі для «Белшыны» былі пачатак і сярэдзіна 2000-х гадоў, калі «на Расею ліўся залаты дождж і пырскі перападалі беларускаму прадпрыемству». Ён кажа, што тады заробак сягаў 1000 даляраў. Перабоі пачаліся пасьля 2010 году.
«Тады прадукцыю збыць не маглі, — тлумачыць ён. — Яе развозілі па складах, але ўсё роўна ад заводу патрабавалі вал».
Па ягоных словах, цяпер на «Белшыне» працуюць ад месяца да месяца, не зазіраючы далёка наперад і без спадзеву, што сытуацыя палепшыцца. На сходах кіраўніцтва просіць калектыў «зацягнуць паясы».
«Ды і ня ўсё залежыць ад кіраўніцтва. Прыбяры цяперашняга генэральнага дырэктара і пастаў Рыгоравіча (Лукашэнку. — РС) — нічога ня зьменіцца. Рынак перанасычаны прадукцыяй, як наша. У крамах ляжаць, акрамя нашых шынаў, кітайскія, карэйскія, расейскія. Канкурэнцыя вялізная», — падсумоўвае ён.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.