Зь бюджэту Беларусі выдзеляць пазыку 186,2 мільёна рублёў (каля 85 мільёнаў даляраў), каб дабудаваць комплекс для вытворчасьці мелаваных і немелаваных відаў кардону Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы».
Адпаведны ўказ, які падпісаў Аляксандар Лукашэнка, апублікаваны 12 лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Увесьці ў эксплюатацыю комплекс плянуюць у 2020 годзе, а вывесьці яго на праектную магутнасьць — у 2022-м. Падрадчыкам па запуску асноўнага абсталяваньня выступіць аўстрыйская кампанія «Andritz AG».
Бюджэтную пазыку забудоўніку даюць для набыцьця абсталяваньня, аплаты праектных, пошукавых, будаўніча-мантажных, пусканаладачных работ і паслуг. Грошы даюцца пад 3% гадавых і павінны быць вернутыя на працягу 2023-2030 гадоў.
Указам таксама даецца шэраг ільготаў у падаткаабкладаньні.
Завод для выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону ў Добрушы (Гомельская вобласьць) павінны былі ўвесьці ў эксплюатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але кітайская кампанія «Сюань Юань», якая займалася будаўніцтвам, неаднаразова зрывала тэрміны з прычыны праблем зь фінансаваньнем. У 2018 годзе кантракт зь ёй скасавалі. З пачатку рэалізацыі праекту кітайскай кампаніі заплацілі больш за 265 мільёнаў даляраў.
Паводле старшыні канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава, цяпер завод гатовы на 90% (хаця ў кастрычніку 2019 кіраўнік Камітэту дзяржкантролю заяўляў пра гатоўнасьць у 95%). Для завяршэньня інвэстпраекту прадугледжвалася пазычыць зь бюджэту 83 мільёны даляраў.
Падчас візыту на завод 4 лютага Аляксандар Лукашэнка спытаў: «Навошта столькі грошай для гэтага, калі ўсё ёсьць?». Назараў патлумачыў, што палову грошай аддадуць аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая будзе праводзіць запуск абсталяваньня, бо ў Беларусі няма дастаткова кампэтэнтных спэцыялістаў. Пасьля гэтага Лукашэнка паабяцаў падпісаць указ аб фінансаваньні і заявіў, што завод запусьцяць да канца 2020 году.