Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: Украіне заплацілі першы штраф за палёты над Крымам


Казахстанская кампанія Euro-Asia Air заплаціла Ўкраіне 136 тысяч грыўняў за палёт у забароненай зоне над анэксаваным Расеяй Крымам, паведамляе ў Фэйсбуку камандаваньне паветраных сіл Украіны.

Як паведамляецца, гэта першы штраф за выкарыстаньне забароненай паветранай прасторы Ўкраіны.

Паводле паведамленьня, ад часу, калі Ўкраіна забараніла ўзьлёт-пасадку з аэрапорта Сімфэропаля ў 2014 годзе пасьля анэксіі Крымау і закрыла паветраную прастору над усёй тэрыторыі паўвыспы, колькасьць парушэньняў перасягнула 200 тысяч, «і за ніводнае зь іх ніхто так і не панёс фінансавай адказнасьці».

«На запыт АрміяInform у Дзяржаўнай авіяцыйнай службе паведамілі, што 8 жніўня 2019 году самалёт казахстанскага акцыянэрнага таварыства Авіякампанія Euro-Asia Air выканаў палёт у межах забароненай зоны над акупаваным паўвостравам. Пасьля гэтага дзяржаўная авіяцыйная служба вынесла пастанову аб накладаньні штрафу за парушэньне правіл грамадзянскай авіяцыі 7 лістапада 2019 году. У адрозьненьне ад расейскіх авіякампаній, якія штодня робяць каля сотні ўзьлётаў у Крыме і ўпарта ня плацяць штрафаў, казахстанскія авіялініі прызналі сябе вінаватымі і добраахвотна заплацілі грошы. Такім чынам, нядаўна Дзяржаўны бюджэт Украіны вырас на 136 тыс. грн», — гаворыцца ў паведамленьні.

Дзяржаўная авіяцыйная служба спадзяецца, што выпадак з казахстанскай авіякампаніяй стане прэцэдэнтам і прывядзе да пачатку працэсу выплаты штрафаў і расіянамі.

Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі. Заходнія краіны ўвялі шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла пра пачатак часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй 20 лютага 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG