Высокапастаўлены ўкраінскі службовец на мірных перамовах у Стамбуле 16 траўня абвінаваціў Маскву ў выстаўленьні «непрымальных патрабаваньняў», якія раней не абмяркоўваліся. З расейскага боку пайшлі заклікі вывесьці войскаў зь вялікіх участкаў украінскай тэрыторыі, каб было ўведзена поўнае спыненьне агню.
Службовец, які гаварыў з Associated Press на ўмовах ананімнасьці, бо ня быў упаўнаважаны рабіць афіцыйныя заявы, сказаў, што, здаецца, расейская дэлегацыя «наўмысна хоча сысьці зь сёньняшняй сустрэчы безь якіх-небудзь вынікаў».
Ён дадаў, што ўкраінскі бок паўтарыў: ён надалей канцэнтруецца на дасягненьні рэальнага прагрэсу — неадкладнага спыненьня агню і шляху да грунтоўнай дыпляматыі, «як прапанавалі ЗША, эўрапейскія партнэры і іншыя краіны».
«Інтэрфакс-Украіна» паведаміла, што ў часе перамоваў украінская і расейская дэлегацыі размаўлялі празь перакладніка. У 2022 годзе ўкраінцы пагадзіліся перайсьці на расейскую мову, цяпер размаўлялі на сваёй.
Расейская дэлегацыя ўзяла паўзу ў перамовах у Стамбуле. Аб заканчэньні сёньняшняй сустрэчы паведамляе агенцтва Reuters з спасылкай на крыніцу ў МЗС Турэччыны. Крыніца расейскага ТАСС таксама сьцьвярджае, што сустрэча завершаная.
Крыніцы таго ж ТАСС паведамляюць, што прадстаўнікі Масквы і Кіева пакуль не прынялі канчатковага рашэньня, ці працягнуцца перамовы наагул. Рыхтуецца заява для прэсы.
Пазьней стала вядома, што адна з дэлегацый зьбіраецца пакінуць палац Далмабахчэ, дзе праходзілі перамовы. Але невядома, чыя.
Першыя вынікі стамбульскіх мірных перамоваў
Украінская і расейская дэлегацыі абмеркавалі пытаньне абмену палоннымі ў прапорцыі 1000 на 1000, а таксама спыненьня агню. Дзяржавы могуць падрыхтаваць сустрэчу на ўзроўні лідэраў краін. Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Рустэм Умераў.
Расейская дэлегацыя адзначыла, што задаволеная вынікамі перамоваў з украінскім бокам. Яна пацьвердзіла, што рыхтуецца маштабны абмен палоннымі ў фармаце «1000 на 1000». Пра гэта заявіў кіраўнік расейскай перамоўнай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі, паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва РІА «Новости». Паводле яго, Кіеў таксама ініцыяваў сустрэчу лідэраў дзяржаваў, і Масква «прыняла гэта да ведама».
Украіна і Расея дамовіліся пазьней падрабязна апісаць свае прапановы што да ўвядзеньня рэжыму спыненьня агню.
Прапанова Ватыкану
Свае паслугі ў мірным урэгуляваньні прапанаваў таксама Ватыкан. Папа Леў XIV заявіў, што можа прапанаваць Ватыкан як месца наступнага этапу мірных перамоваў дзьвюх дзяржаваў. Пра гэта заявіў кардынал П’етра Паралін, перадаючы словы папы.
Паралін назваў вынікі мірных перамоваў у Турцыі «трагічнымі» пасьля таго, як расейскі лідэр Уладзімір Пуцін не зьявіўся на прапанаваную ім самым сустрэчу.
Форум