Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксычная маскуліннасьць, 19 моваў і вірусна папулярныя трэкі. Чаго вы маглі ня ведаць пра Эўравізію-2025


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Швайцарыі праходзіць 69-я «Эўравізія». У фінале ў суботу, 17 траўня, выступяць прадстаўнікі 26 краін. Расказваем пра асаблівасьці фэстывалю ў гэтым годзе.

Беларусь ня можа ўдзельнічаць у «Эўравізіі» ад ліпеня 2021 году. Летась Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз паведаміў, што гэтае рашэньне бестэрміновае.

Моўная разнастайнасьць: рэкорд за апошнія гады

У 2025 годзе на сцэне «Эўравізіі» гучаць песьні на 19 мовах — гэта найвышэйшы паказьнік з таго часу, як у 1999 годзе быў скасаваны абавязак выконваць песьні на нацыянальных мовах. Сярод іх — ангельская, француская, італьянская, фінская, швэдзкая, нямецкая, ісьляндзкая, латыская, літоўская, грузінская, украінская і іншыя.

Варта адзначыць вяртаньне некаторых моваў пасьля доўгага перапынку:

Швэдзкая: Швэцыя ўпершыню з 1998 году прадстаўляе песьню на сваёй нацыянальнай мове.

Нямецкая: прадстаўнікі Германіі ўпершыню з 2007 году выконваюць песьню цалкам на нямецкай.

Латыская: Латвія вяртаецца зь песьняю на латыскай мове ўпершыню з 2004 году.

Грузінская: Грузія прадстаўляе песьню на грузінскай мове ўпершыню з 2019 году.

Скандал з цэнзурай: Мальта і Kant

Прадстаўніца Мальты Мірыяна Контэ спачатку плянавала выступіць з песьняй пад назвай Kant, што азначае «сьпевы» на мальтыйскай мове. Аднак гэтае слова гучыць падобна да ангельскага нецэнзурнага выразу, што выклікала скаргу з боку BBC. У выніку Эўрапейскі трансьляцыйны зьвяз (EBU) запатрабаваў зьмяніць назву і тэкст песьні. Новая вэрсія атрымала назву Serving, а сьпявачка выказала расчараваньне, але паабяцала працягнуць удзел у конкурсе.

Палітычныя супярэчнасьці

Аўстрыя

Сьпявак JJ, прадстаўнік Аўстрыі, у інтэрвію адзначыў, што натхненьнем для яго песьні Wasted Love стала расейская опэрная сьпявачка Ганна Нятрэбка, вядомая сваёй актыўнай падтрымкай палітыкі Пуціна.

Грузія

Прадстаўніца Грузіі Марыям Шэнгелія раней выказвала падтрымку Ўкраіне, але пазьней удзельнічала ў мерапрыемствах прарасейскай партыі «Грузінская мара». Частка грамадзкасьці заклікала яе дыскваліфікаваць.

Эстонія

Эстонію на конкурсе прадстаўляе эпатажны рэпэр Томі Кэш (Tommy Cash), які выступае зь песьняй Espresso Macchiato. У інтэрвію ён адзначыў, што пачуваецца напалову эстонцам, напалову расейцам, бо нарадзіўся ў Таліне ў раёне, дзе шмат расейскамоўных, а яго бабуля мае расейскі пашпарт. Томі Кэш запісаў шмат трэкаў з расейскімі выканаўцамі.

Пра што расказваюць выканаўцы: таксычная маскуліннасьць і эмансыпацыя жанчын

Фінляндыя

Прадстаўніца Фінляндыі Эрыка Вікман вяртаецца на «Эўравізію» зь песьняй Ich komme — назва зь нямецкай перакладаецца «Я прыходжу», і далейшыя інтэрпрэтацыі гледачы робяць самі. У інтэрвію Вікман сказала, што яе песьня «пра радасьць, жаданьне і брак кампрамісаў».

Люксэмбург

Прадстаўніца Люксэмбургу Ляўра Торн выступае зь песьняй La poupée monte le son («Лялька уключае гук»), сучасным пераасэнсаваньнем песьні Poupée de cire, poupée de son («Васкавая лялька, гукавая лялька»), якую сьпявала Франс Галь, пераможца «Эўравізіі» 60 гадоў таму. У сваёй песьні Ляўра сьцьвярджае: Je ne suis pas ta marionnette («Я не твая марыянэтка»).

Італія

Італію сёлета прадстаўляе Люча Корсі зь песняй Volevo essere un duro — гэта можна перакласьці як «Я хацеў быць крутым». Корсі — музыка, якога часта параўноўваюць з іконамі глэм-року 70-х. У сваім нумары ён спрабуе разабрацца, што значыць быць мужчынам, калі ўсе вакол чакаюць ад цябе жорсткасьці, сілы і маўчаньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG