У час размовы з журналістамі пасьля галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў Лукашэнка выказаў сваё стаўленьне да постаці Кастуся Каліноўскага, а таксама ўзгадаў Курапаты.
«Я ведаю ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі. Але не настолькі, як, вы думаеце, вы ведаеце. Там было вельмі шмат нюансаў, і я сваіх палітыкаў і вучоных перасьцерагаю, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, ня ўдарыліся ў нейкую палітыку. Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце — грамадзянінам. І ад гэтага нікуды не падзецца. Нават як гісторык я баюся паглыбляцца ў гэтую праблему», — заявіў Лукашэнка.
Як сказаў Лукашэнка журналісту Свабоды, «гэта для некаторых вашых калегаў яна вельмі простая, як праблема Курапатаў. „Там Сталін усіх расстрэльваў“... Прыйдуць камуністы да ўлады, яны будуць казаць, што там расстрэльвалі немцы, фашысты і гэтак далей».
«Калі вы мяне прымусілі паглыбіцца ў гэтую праблему, я дастаў усе архівы, якія мы маем, і я пабачыў, што там ня ўсё адназначна. Хапала і тых, і другіх. І ўцягваць грамадзтва ў гэтую дыскусію хопіць, людзі ўжо гэтага наеліся.
Таму я вырашыў: гэтыя могілкі, дзе пахаваныя бязьвінна забітыя людзі, ня важна кім, абгарадзіць, прывесьці да ладу, каб там не выгульвалі сабак і каб годна, хто туды хоча прыйсьці памянуць гэтых людзей, маглі памянуць. А калі дождж будзе — зайшлі... там нібыта рэстаран, супраць якога ваююць... „Поедем поедим“? Там чарку выпілі якога-небудзь напою і памянулі гэтага чалавека. Я хачу, каб гэтыя праблемы нас не разьядноўвалі, а аб’ядноўвалі. Народ», — заявіў Лукашэнка.
На пытаньне, ці варта было вярнуць парэшткі Каліноўскага ў Беларусь, Лукашэнка рашуча адказаў: «Ня трэба».
«Косьці варушыць ня трэба. Калі мяне пахаваеце дзе-небудзь тут, ня трэба мяне нікуды вазіць», — дадаў ён.
Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага
Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.
- Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
- У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
- У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
- У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
- Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
- Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
- У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
- У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.
Публікацыі на тэму
- Што важна ведаць пра Кастуся Каліноўскага
- Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі
- Як расейцы пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі зьвязаныя за сьпінай, цела засыпанае вапнай. ФОТА
- «Гэта страшная праўда». Як шукалі і «знайшлі» магілу брата Кастуся Каліноўскага
- 40 мясьцінаў у Беларусі, дзе можна ўшанаваць паўстанцаў Каліноўскага. МАПА