Актывіст анархісцкага руху Зьміцер Паліенка спрабаваў ускрыць вены на судзе 17 кастрычніка на знак пратэсту супраць закрыцьця працэсу — тройчы парэзаў руку шпількай. Пасьля гэтага паседжаньне зрабілі адкрытым.
Працэс меў пачацца а палове на 11-ю, але на самым пачатку Зьміцер Паліенка ўзяў востры прадмет і тройчы парэзаў сабе руку. Яго павялі з залі, у калідоры «людзі ў цывільным» сталі нападаць на наведнікаў суду.
Праз гадзіну Паліенку вярнулі ў залю, дзе пачынаўся працэс. Суд пагадзіліся зрабіць адкрытым. Паліенка заявіў, што свайго дамогся. Яго сустрэлі авацыяй.
Судзьдзя Пётра Арлоў папярэдзіў прысутных пра неабходнасьць трымацца парадку ў залі і працягнуў працэс. Відэа і фота на судзе забаранілі праз пазыцыю пракурора.
***
Судовы працэс над былым палітвязьнем Паліенкам меў пачацца 25 верасьня ў закрытым рэжыме. Але разгляд справы адклалі нібыта з прычыны хваробы судзьдзі Пятра Арлова.
На знак пратэсту супраць закрыцьця працэсу Паліенка раней абяцаў маўчаць у судзе. Праваабаронцы заяўлялі, што калі працэс не адкрыюць, то падсуднага прызнаюць палітвязьнем.
Ад сакавіка Зьмітра Паліенку трымалі у СІЗА на вуліцы Валадарскага, каралі карцарам.
Паліенку абвінавачваюць у пашкоджаньні маёмасьці нанясеньнем графіці антыміліцэйскага зьместу, у распальваньні варожасьці да міліцыянтаў і ў злосным хуліганстве — нібыта ён з хуліганскіх памкненьняў распыліў пярцовы газ у вочы грамадзяніну. Ён віны ў хуліганстве не прызнае і даводзіць, што мусіў абараняцца ад нападу невядомага ў пад’езьдзе. Інцыдэнт актывіст называе правакацыяй праваахоўнікаў.
Што важна ведаць пра справу Паліенкі?
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка за тое, што ён распыліў газавы балёнчык у твар мужчыну, які нібыта зрабіў яму заўвагу за курэньне на лесьвічнай пляцоўцы (сам Паліенка казаў, што скарыстаў балёнчык у мэтах самаабароны — толькі тады, калі на яго напаў п'яны мужчына).
Пазьней сьледчыя прадʼявілі яму яшчэ некалькі крымінальных абвінавачаньняў:
- «Псаваньне маёмасьці ў грамадзкім месцы» — за графіці на Ахоцкай вуліцы ў Менску (арт. 341).
- «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» — за словы на адрас былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча (арт. 369).
- «Асабліва злоснае хуліганства» — за графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на будынку ў Заводзкім раёне Менску (ч. 3 арт. 339).
- «Распальваньне сацыяльнай варожасьці» (ч. 1 арт. 130).