Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Пэру арыштавалі ў ЗША праз абвінавачваньне ў карупцыі


Алехандра Таледа, сакавік 2019 году
Алехандра Таледа, сакавік 2019 году

Былога пэруанскага прэзыдэнта Алехандра Таледа арыштавалі 16 ліпеня ў ЗША на запыт аб экстрадыцыі на радзіму. Пра гэта гаворыцца ў твіты, апублікаваным сёньня генэральнай пракуратурай Пэру, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Алехандра Таледа, які кіраваў краінай з 2001-га па 2006 год, уцёк з Пэру пасьля таго, як органы юстыцыі абвінавацілі яго ў атрыманьні хабару ў памеры 20 млн даляраў ад бразыльскай будаўнічай кампаніі Odebrecht. У абмен на хабар Таледа, на думку сьледзтва, дапамог кампаніі атрымаць падрады на працу на дзяржаўны заказ. Улады Пэру папрасілі ЗША экстрадаваць былога прэзыдэнта яшчэ год таму.

73-гадовы Таледа адмаўляе ўсе абвінавачваньні.

«Былы прэзыдэнт упершыню паўстане перад судовымі органамі ЗША ў рамках працэсу ягонага вяртаньня ў краіну», — гаворыцца ў заяве генпракуратуры Пэру.

У Пэру за апошнія некалькі гадоў адбылося адразу некалькі гучных арыштаў, зьвязаных з карупцыяй — і ва ўсіх гэтых выпадках хабар высокапастаўленым чыноўнікам прапаноўвалі кіраўнікі бразыльскай Odebrecht. Былога прэзыдэнта Пэдра Пабла Кучынскі таксама арыштавалі праз абвінавачваньне ў атрыманьні хабару ад бразыльцаў.

Яшчэ адзін былы пэруанскі прэзыдэнт Алан Гарсія застрэліўся, каб пазьбегнуць арышту. Гэта адбылося ў красавіку. Абвінавачаньні супраць Гарсіі таксама былі выстаўленыя ў межах справы Odebrecht.

Адвакат Таледа ў інтэрвію пэруанскай радыёстанцыі RPP заявіў, што генпракуратура выставіла абвінавачаньне супраць экс-прэзыдэнта з працэдурнымі парушэньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG