Свабода ўжо пісала пра Марыну Кіявец зь Янава Берасьцейскай вобласьці. Ёй 36 гадоў. У Беларусі яна працавала інжынэрам-хімікам. Брала ўдзел у пратэстах 2020 году. Падчас ейнага затрыманьня муж толькі пасьмейваўся зь яе. Пасьля гэтага жанчына выехала з траімі дзецьмі ў Польшчу. Там сярэдняму сыну паставілі дыягназ «аўтызм». Каб утрымліваць сям’ю, Марына пайшла працаваць у таксі. Пасьля публікацыі ейнай гісторыі чытачы Свабоды ў складаны час дапамаглі беларусцы.
Тры дні, каб прыгнаць машыну ў Кіеў
Каля году таму Марына Кіявец пачала ганяць машыны для ўкраінскіх вайскоўцаў.
«Калі глядзіш на сытуацыю ва Ўкраіне, то хочацца чымсьці дапамагчы. Данаціць я не магу, бо я адна з траімі дзецьмі. На вайну я можа б і паехала, калі б у мяне не было дзяцей», — расказвае суразмоўца.
Яна знайшла групу ўкраінак, якія ў Беластоку плятуць маскавальныя сеткі для ўкраінскіх вайскоўцаў. Сталых удзельніц менш за дзесяць. Яны зьбіраюцца некалькі дзён на тыдзень у памяшканьнях унівэрсытэту і касьцёла і разам робяць сеткі. Сеткі бываюць плошчай больш за 100 квадратных мэтраў, расказвае суразмоўца.
Пазьней яна пачула, што беларускія валянтэры перавозяць машыны на вайну. Падумала, што яна таксама можа. Знайшла кантакты. Яе прынялі ў валянтэрскую супольнасьць. Спачатку Марына пераганяла машыны толькі частку шляху, па тэрыторыі Польшчы. Урэшце вырашыла вазіць транспарт і ва Ўкраіну.
«Калі я зь Беластоку да Варшавы ганю машыну, то гэта паўдня часу. Калі з Беластоку аж да Кіева, то гэта содні толькі туды, содні назад, калі аўтобусам. Потым трэба яшчэ мінімум содні, каб адаспацца і ачуцца», — расказвае Марына.
У Варшаву, кажа, перавезла шмат аўтамабіляў. Бывала, што па два на тыдзень. Ва Ўкраіну пачала вазіць у верасьні мінулага году. Перагнала ўжо 4 або 5 машын.
«Гэта мой уклад у перамогу над Расеяй», — кажа суразмоўца.
Дзяцей пакідае сяброўкам
Марына выхоўвае трох сыноў адна, бяз мужа. Яна прызнаецца, што вагалася, ці брацца за такую справу. Дапамаглі блізкія сяброўкі. Ім яна стала пакідаць сваіх дзяцей на час ад’езду.
«Я ведаю, што ў такой справе, як вайна ва Ўкраіне, любая дапамога вельмі каштоўная. Маю надзею, што тыя машыны, якія мы ганяем, і тыя сеткі, якія мы пляцём, ратуюць жыцьці. Калі пакласьці гэта на шалі, так, ёсьць дадатковыя складанасьці, але яны таго вартыя», — кажа суразмоўца.
За перавоз аўтамабіляў на вайну Марына не атрымлівае грошай. Гэта валянтэрская дзейнасьць. Сама яна траціць грошы толькі на перакусы падчас дарогі. За паліва наперад, а таксама за зваротны квіток у Польшчу плаціць украінскі бок, які атрымлівае машыны. Сяброўкі зь яе не бяруць грошай за тое, што глядзяць у гэты час дзяцей.
Першым аўтамабілем, які Марына перагнала ва Ўкраіну, быў мікрааўтобус Volkswagen. Раней яна працавала ў таксі на кампактнай Škoda Fabia, адзначае суразмоўца.
«Калі ты прызвычаіўся езьдзіць на машыне, на якой добра ўсё кіруецца, лёгка... Скрыня перадач адрозьніваецца ва ўсіх машынах. Але што зробіш? Прыстасоўваесься і едзеш», — кажа кіроўца.
Допыт на мяжы
Адкуль бяруцца гэтыя машыны, хто іх купляе або перадае, Марына дакладна ня ведае. Тлумачыць, што прызначаны яны не для канкрэтных беларускіх падразьдзяленьняў, а агулам для Ўзброеных сілаў Украіны. Паводле суразмоўцы, дастаўляюць аўтамабілі на вайну ня так шмат чалавек. Яна ведае менш за дзесяць, сярод іх больш жанчын.
«Чалавеку трэба тры-чатыры дні, каб загнаць адну машыну. Ня ўсе гэта могуць. Калі ў чалавека дыстанцыйная праца, тады магчыма. Калі ты пастаянна працуеш, нават калі б і хацеў, ня змог бы», — тлумачыць яна пра перашкоды.
Яны едуць па адным чалавеку ў аўтамабілі, зьменнага кіроўцы няма. Часам калёнай зь некалькіх машын. Зь Беластоку выяжджаюць звычайна позна ўвечары. Ранкам даяжджаюць да ўкраінскай мяжы. Там ёсьць магчымасьць адпачыць, пакуль афармляюць паперы. Калі машыны едуць да Харкава, то робяць прыпынак у Кіеве. Там ёсьць дом, дзе можна пераначаваць, расказвае Марына. Канчатковая мэта — Львоў, Кіеў, Харкаў, дзе ўжо фронт. Залежыць, адкуль быў запыт на машыну.
«Пакуль пройдзеш мяжу, гэта кавалак часу. Можа, і да дзьвюх гадзін дня, можа, да трох. А пасьля едзеш да Кіева», — расказвае яна.
З сабой валянтэры маюць паперу пра тое, што вязуць гуманітарную дапамогу ад дабрачыннай арганізацыі ў выглядзе машын або таксама іншых рэчаў. Яе паказваюць на мяжы, дадае кіроўца.
«Заўсёды выклікаюць нас на допыт, бо мы беларусы. Розныя пытаньні задаюць... Я шчыра адказваю, што я на баку Ўкраіны і дапамагаю», — кажа Марына.
Беларуска зазначае, што ракета трапіць можа паўсюль. Невядома, калі і дзе будзе абстрэл.
«Калі я першы раз ехала, мне было крыху дзіўна адчуваць, што на тэрыторыі гэтай краіны вайна, могуць быць прылёты, а я не падрыхтаваная. Што рабіць, калі будзе прылёт, абстрэлы? Ці ехаць, ці спыняцца?», — дзеліцца яна.
Жанчына дадае, што паплечнікі параілі лепш выходзіць з машыны на час абстрэлу. Але такіх выпадкаў яшчэ не было, кажа кіроўца. Аднойчы падчас начлегу яна чула, як ляцяць «шахеды».
«Гэта было жудасна. Ты чуеш гэты гук, які набліжаецца, і разумееш, што ён нясе за сабой сьмерці. Гэта страшна», — успамінае Марына.
У першы вечар, калі яна трапіла ва Ўкраіну, спынілася ў знаёмых. Селі вячэраць. Недзе ўдалечыні загула сырэна. Інтэрнэт на тэлефоне беларускі пераключыўся на ўкраінскі. Ёй прыйшло паведамленьне пра паветраную трывогу.
«Для мяне гэта было жудасна. Гляджу, ніхто не рэагуе. Сырэна гучыць ужо бліжэй. Я гляджу на іх, яны на мяне. Яны разумеюць, што нешта ня так, што я чамусьці перапалоханая. Я кажу: „Сырэна“. Яны: „Ну“. Я яшчэ раз: „Сырэна“. Яны такія: „Так, мы чуем. Галоўнае, каб абстрэлаў не было“. Калі людзі звыкліся, што гудуць сырэны, гэта палохае. Але калі пачула гукі „шахедаў“, зразумела, што сырэна — гэта ня так страшна», — успамінае яна.
Аварыя на галалёдзіцы
Сёлета ў студзені Марына пераганяла ва Ўкраіну Škoda Octavia. У тыя дні была галалёдзіца, складана было нават хадзіць, успамінае кіроўца. Яна была ўжо за 10 кілямэтраў ад украінскай мяжы. Ехала каля 40 км/г.
«Там была машына „ліхачы на дарозе“. Ня ведаю, хто можа ліхачыць у такое надвор’е. Нейкая машына прамігнула. Я не ўтрымала стырна, крыху варухнула ім. Так бывае, калі спужаўся трохі. Машыну панесла. Я адчувала, што яе разварочвае. Ціснула на пэдаль тормазу, а машыну як несла, так і нясе. Кіравала троху стырном», — кажа яна.
У выніку «Шкода» заехала пад наступную машыну, высокі Ford, які таксама везьлі для войска. Зь людзей ніхто не пацярпеў, «Форд» таксама не атрымаў пашкоджаньняў. У «Шкоды» пацярпелі капот, крылы, радыятар, фары.
Выклікалі эвакуатар, каб адвезьці аўтамабіль у Львоў. Рамантаваць вырашылі ўжо ва Ўкраіне. Падлічылі, што за непрадбачаныя выдаткі трэба заплаціць 1500 даляраў. Гэтую суму мае кампэнсаваць Марына, бо яна была за стырном. Яна сама ня мае такіх грошай. Адкрылі зборы ў Польшчы і ва Ўкраіне, каб аплаціць выдаткі. За тыдзень сабралі менш за 300 даляраў. Марына кажа, што пакуль машына чакае на СТА, бо няма грошай, каб замовіць запчасткі.
Падзяка і сьлёзы ад украінцаў
Марына Кіявец гаворыць, што сама не кантактуе з байцамі, для якіх вязе машыны. Але ведае ад паплечнікаў, што яны дзякуюць і зьдзіўляюцца, што «крохкія жанчыны» пераганяюць транспарт. Суразмоўца расказала, што неяк пасьля допыту на мяжы яе праводзіў да машыны ўкраінскі памежнік, пытаўся, якія машыны вязуць.
«Ён кажа, што гэта добрыя машыны, вельмі добра дапамагаюць. Я паглядзела ў ягоныя вочы, а ў яго столькі болю ў іх было. Кажа: „Дзякуй вялікі за тое, што вы робіце. Гэта вельмі дапамагае нам на фронце. Я там быў. Цяпер мяне камісавалі, і вось я тут. Тое, што вы робіце, гэта вялікая справа“. Кажу: „Да перамогі разам!“. Ён у гэты момант заплакаў», — расказвае суразмоўца.
Іншым разам, калі стаялі на мяжы, да Марыны падышоў мужчына, які працуе на вялікім грузавіку, і папытаў, хто яна і адкуль, бо ўбачыў, што мае падарожны дакумэнт, а ня пашпарт. Калі адказала, што беларуска, той моцна зьдзівіўся.
«Кажу, я ніколі гэтага не хавала. Беларуска, возім машыны для УСУ. Ён кажа: „О, беларусы — і машыны ганяюць. Дзякуй вам вялікі. Я ежджу на гэтых машынах, зарабляю грошы, а вы валянтэрыце і дапамагае нашым вайскоўцам“. Звычайны чалавек, які мяне ня ведаў увогуле, але стаў дзякаваць», — расказвае суразмоўца.
Яна кажа, што стаіць у агульнай чарзе на мяжы. Ейны новы знаёмы падышоў да чалавека ў чарзе і папрасіў прапусьціць Марыну.
«Слухай, дай ім прайсьці. Яны ж валянтэры, вязуць для нашых хлопцаў гэтыя машыны», — пераказала яна словы спадарожніка.
Далейшага лёсу перагнаных машын Марына ня ведае. Але ведае, як працуюць іхныя маскавальныя сеткі.
«Ваяры пішуць заўсёды: „Вось, вашая сетка сёньня выратавала чатыры жыцьці“. Гэта сапраўды дзейсныя мэтады. Калі лятаюць дроны, яны чапляюцца за гэтыя сеткі, а ў хлопцаў ёсьць час, каб адскочыць убок», — дзеліцца валянтэрка.
Кінула працу ў таксі, вучыцца і падпрацоўвае
Марына цяпер вучыцца ў паліцыяльнай школе для дарослых на кірунку «Лягістыка». Навучаньне ідзе паўтара года. Раней яна скончыла паліцыяльную школу па кірунку «Флярыстыка», каб падвучыць польскую мову.
Суразмоўца расказала, што спыніла працу на таксі празь небясьпечныя сытуацыі ад пасажыраў, калі яна «ня ведала, ці вернецца дадому». Ейнаму сярэдняму сыну канчаткова паставілі дыягназ «аўтызм». Яму прызначылі хатняе навучаньне. У час урокаў маці абавязаная знаходзіцца дома. Яна адзначае, што знайсьці працу з такімі ўмовамі складана.
Цяпер сям’я жыве на дапамогу ад польскай дзяржавы на дзяцей. Гэта каля 600 даляраў на месяц. Падпрацоўвае нянькай, у клінінгу, дапамагае з пошукам жытла іншым людзям.
Раней Марына таксама пайшла ў Каардынацыйную раду. Яна адзначыла, што ў Беларусі на яе завялі ўжо некалькі крымінальных справаў. Яна ня надта баялася агучваць, як цяпер дапамагае Ўкраіне.
«Калі я прымала рашэньне ісьці ў Каардынацыйную раду, я вырашыла для сябе, што для мяне перамога ў Беларусі, перамога ва Ўкраіне стаяць вышэй, чым магчымы перасьлед ад беларускіх спэцслужбаў», — прызнаецца Марына.
Форум