Былы прэзыдэнт Пэру Алан Гарсія памёр у шпіталі Лімы пасьля спробы самагубства падчас затрыманьня па справе аб карупцыі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на пэруанскія улады.
Раней суд вынес рашэньне аб заключэньні Гарсіі пад варту тэрмінам на 10 дзён. Калі былому прэзыдэнту паказалі ордэр на затрыманьне, той стрэліў сабе ў шыю. Інцыдэнт адбыўся ў доме Гарсіі ў Ліме.
Па справе аб карупцыі таксама затрыманыя былы міністар прамысловасьці Пэру Люіс Нава, віцэ-прэзыдэнт дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petroperu Мігель Аталя, а таксама былы прэм’ер-міністар і прэзыдэнт краіны Пэдра Пабла Кучынскі.
Гарсія быў прэзыдэнтам Пэру з 1985 па 1990 і з 2006 па 2011 гады. Расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго пачалі ў 2014 годзе пасьля карупцыйнага скандалу вакол бразыльскай будаўнічай кампаніі Odebrecht. Сьледзтва лічыць, што экс-прэзыдэнт Перу атрымаў ад кампаніі 100 тысяч даляраў у абмен на заключэньне выгадных кантрактаў. Сваю віну ён адмаўляў. У лістападзе мінулага году Гарсія прасіў прытулак у Ўругваі.