Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місія ЗША пры АБСЭ: Выбары ў Беларусі прайшлі ў рэпрэсіўнай абстаноўцы


Саміт АБСЭ
Саміт АБСЭ

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 26 студзеня прайшлі ў рэпрэсіўнай абстаноўцы (зь дзяржаўнай цэнзурай, рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў дачыненьні да незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, выключэньнем дзеячоў дэмакратычнай апазыцыі з палітычнага працэсу), гаворыцца ў заяве часовай паверанай у справах ЗША пры АБСЭ Кэтрын Брукер.

«Працэс быў глыбока непаўнавартасны», і ў ходзе яго Аляксандар Лукашэнка «не сутыкнуўся з рэальнай канкурэнцыяй», адзначыла дыпляматка.

Яе цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Ягоны рэжым працягвае затрымліваць і кідаць у турмы тых, хто адважваецца выказваць думку, якая супярэчыць зацьверджанаму наратыву», — сказана ў заяве.

У ёй адзначана, што цяпер за кратамі знаходзяцца больш за 1200 палітычных зьняволеных, «нягледзячы на нядаўняе вызваленьне некалькіх дзясяткаў чалавек».

У місіі выказалі шкадаваньне, што Менск не накіраваў своечасовае запрашэньне Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ для назіраньня, што «яшчэ больш падарвала давер да выбараў і іх транспарэнтнасьці».

«Мы нагадваем Беларусі аб важнасьці прынцыпаў і абавязаньняў АБСЭ, якія яна, як і ўсе дзяржавы-ўдзельніцы, абавязалася выконваць, уключаючы павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў усіх людзей», — заявіла Брукер.

Дэлегацыя афіцыйнага Менску на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ ў Вене (Аўстрыя), якое адбылося напярэдадні, як паведамляюць дзяржСМІ, «унесла ў парадак дня пасяджэньня асобнае пытаньне, у рамках якога праінфармавала аб выніках выбараў і дэзавуявала крытычныя выпады прадстаўнікоў краін Захаду».

Пра тое, што выбары ў Беларусі «пазбаўленыя ўсялякай легітымнасьці», заявілі 26 студзеня вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас і камісарка па пытаньнях пашырэньня ЭЗ Марта Кос.

Аб непрызнаньні «фіктыўных выбараў» у Беларусі ўжо заявілі краіны Эўразьвязу, Вялікая Брытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зэляндыя, Украіна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG