У віцебскай студыі інклюзіўнага танцу «Імпэт» займаюцца тыя, хто, здавалася б, і марыць пра такое ня можа: людзі з псыхічнымі захворваньнямі і вазочнікі. Але заданьне «Імпэту» якраз такое: пераканаць, што іхныя магчымасьці — неабмежаваныя.
Каб вучыць іншых, давялося самой сесьці ў інвалідны вазок
Кіраўніца студыі Марына Булатоўская скончыла прэстыжны факультэт міжнародных адносінаў у Менску, але вярнулася ў Віцебск. У родным горадзе яна з самага дзяцінства займалася танцамі — ад балету да эстрады. Падчас працы ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну (ТЦСАН) вырашыла стаць партнэркай хлопца на інвалідным вазку.
Па словах Марыны, яе заўжды захаплялі танцы вазочнікаў, калі глядзела іх па тэлевізары. А потым яна і сама села ў інвалідны вазок, каб вучыць танцам іншых.
Перадусім Марыне давялося папрактыкавацца. Яна некалькі разоў езьдзіла на майстар-клясы да чэмпіёнкі сьвету ў танцах на інвалідных вазках Ганны Гарчаковай.
На вазках і на «Крылах надзеі»
Раз на тыдзень Марына Булатоўская праводзіць заняткі «на ножках», як яна гэта называе, і на інвалідных вазках. Займацца прыходзяць людзі з абмежаванымі фізычнымі або інтэлектуальнымі магчымасьцямі — выхаванцы клюбнага дому «Крылы надзеі» для людзей з псыхічнымі захворваньнямі.
Танцы павінны прыносіць задавальненьне, лічыць кіраўніца. Таму не патрабуе ад сваіх выхаванцаў надзвычайных высілкаў.
Яшчэ адзін клопат — не нашкодзіць і без таго не ідэальнаму здароўю выхаванцаў. Кожныя заняткі пачынаюцца з самых простых рухаў, якія павінны дапамагчы расслабіць мышцы і засяродзіць увагу.
Марына Булатоўская распрацавала адмысловы комплекс практыкаваньняў, уключыўшы туды элемэнты у-шу, пілатэсу і нават клясычнага балету. Трэніроўка павінна несьці аздараўленчы эфэкт і вучыць камунікаваньню людзей, якія праз свае асаблівасьці часта абмежаваныя ў зносінах.
Выступленьні як лекі. І для артыстаў, і для гледачоў
Групы, зь якімі займаецца Марына Булатоўская, рознаўзроставыя. Самым старэйшым удзельнікам — каля 50, а наймалодшай вучаніцы — 12 гадоў.
Аліна зь дзяцінства перасоўваецца ў інвалідным вазку, на заняткі прыяжджае разам з маці, і ў «Імпэце» яны танцуюць разам. Цяпер удзельнікі рыхтуюцца да выступу на Парафіядзе дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. «Імпэтам» апякуецца дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас», заняткі праходзяць у кавярні віцебскага катэдральнага касьцёла Езуса Міласэрнага.
Усе, хто прыходзіць, мараць пра выступленьні. Некаторыя пары з удзельнікамі-вазочнікамі ўжо нават перамагалі на міжнародных спаборніцтвах. Але ў «Імпэце» радуюцца любой магчымасьці, калі можна паказаць свае здольнасьці. Гэта важна ня толькі для выступоўцаў, лічыць Марына Булатоўская, але і для гледачоў. Каб людзі з асаблівымі патрэбамі не адчувалі сябе іншымі і незразуметымі. А тыя, хто побач зь імі, каб пераканаліся, што ў магчымасьцяў няма межаў.
Інклюзіўны танец — сучаснае танцавальнае мастацтва, у якім удзельнічаюць звычайныя людзі і людзі з інваліднасьцю. Спалучае ў сабе мастацтва, рэабілітацыю і валянтэрства. Само паняцьце «інклюзія» — гэта працэс сацыялізацыі грамадзян, і найперш тых, хто мае цяжкасьці ў фізычным і псыхічным разьвіцьці.