Арцём Зінкевіч хварэе на расьсеяны склероз. Ад гэтага апынуўся ў інвалідным вазку. Жыхар Мазыра зьняў ролік, як ён паўзе ў прыбіральню лякарні — бо вазок не пралазіць у дзьверы.
«Гэта помста. Бо яго заўважылі за курэньнем марыхуаны», — заявілі ў лякарні.
Арцёму 27 гадоў. Траціну зь іх ён жыве з дыягназам «расьсеяны склероз». Спачатку пагоршыўся зрок. Потым пачаліся нэўралягічныя праблемы. Пяць гадоў таму Арцём перасеў у інвалідны вазок. Гэта наступствы расьсеянага склерозу.
Малады чалавек жыве зь дзедам і бабкай у трохпакаёўцы. Свайго жытла няма.
«Колькі прасіў сацыяльнае жытло ў выканкаме як інвалід першай групы — адмаўляюць. Бо не самотны і не маламаёмасны», — заўважае жыхар Мазыра.
Арцём аформлены як індывідуальны прадпрымальнік. Зарабляе продажам аўтазапчастак. Мае пэнсію па інваліднасьці — 340 рублёў.
Нядаўна ўзяў шлюб. Маладая сям’я чакае дзіця. Зноў востра паўстае пытаньне: дзе жыць ужо ўтраіх?
Праблема № 1. Ліфт, які часта не працуе
Кватэра Арцёма на восьмым паверсе. Ліфт працуе не заўжды, а часам выходзіць са строю.
«Колькі разоў я захрасаў у ліфце. Выклікаў ратавальнікаў шмат разоў. Тэлефанаваў дыспэтчару, а мне адказвалі: „Ноччу ліфт не працуе, што мы зробім?“», — дзеліцца жыхар Мазыра.
Памяняць кватэру ён ня можа — гэта ўласнасьць дзеда і бабы. Іншага жытла няма.
Праблема № 2. Сем прыступак у падʼезд
Арцёму без староньняй дапамогі немагчыма трапіць у падʼезд. На вазку пераадолець сем прыступак нерэальна. Камунальныя службы зрабілі для яго драўляны «падʼёмнік». «Але толку зь яго няма. Замочак пасярэдзіне, я да яго не дацягнуся. Ды і ён небясьпечны — дошкі развальваюцца», — кажа малады чалавек.
Вынік: стаяць пад падʼездам і чакаць добрага і фізычна моцнага чалавека. Непадалёк ад дома Арцёма знаходзіцца будаўнічы ліцэй. Малады чалавек ведае расклад перапынкаў і чакае дапамогі ад навучэнцаў, якія прабягаюць паўз дом. Тыя дапамагаюць яму трапіць у падʼезд.
Праблема № 3. Разламаныя поручні каля крамы
Каля дома ёсьць харчовая крама. Арцём дэманструе «безбарʼерны асяродак»: поручні на «пандусе» ніяк не замацаваныя, хістаюцца, караскацца зь іх дапамогай небясьпечна.
Праблема № 4. Гарадзкая лякарня і яе бар’еры
Арцём два разы на год лечыцца ў гарадзкой лякарні. Ён зьняў відэа, як прабіраецца ў прыбіральню. Там вузкія дзьверы, вазок не праходзіць. Даводзіцца паўзьці ў літаральным сэнсе.
«Вельмі высокія ложкі, жах проста для інваліда-вазочніка. Прыбіральня для вазочнікаў ёсьць — у прыёмным аддзяленьні на першым паверсе. Будзеш езьдзіць туды-сюды на ліфце — ліфтары сварацца: чаго катаесься? Санітарак прасіць штораз дапамагчы з прыёмнікам мачы? Яго трэба спаражніць, прамыць — тыя злуюцца, у іх і так шмат працы. Я не прашу шмат! Мне б у прыбіральню схадзіць, рукі памыць. Павінна ж быць нейкая гігіена. Мне трэба не спачуваньне, а разуменьне», — кажа Арцём.
«Ён проста нам помсьціць!»
У Мазырскай гарадзкой лякарні запэўніваюць: безбарʼерны асяродак створаны ў «межах магчымасьцяў». Там бачылі відэа ў інтэрнэце з Арцёмам, які паўзе ў прыбіральню.
Галоўны лекар кажа, што «так праблемы не вырашаюцца», бо так рабіць, як Арцём, «неканструктыўна». Сяргей Ганковіч пералічвае, колькі ўсяго зрабілі для вазочнікаў у лякарні, колькі прыцягнулі для рамонту спонсарскіх сродкаў (летась больш за 70 тысяч рублёў).
«Да нас прыходзілі з таварыства інвалідаў, гадоў пяць таму. Прапаноўвалі, якія могуць быць прыбіральні, каб ім было зручна, якія поручні, пандусы. Мы пры рамонтах стараемся выкарыстоўваць іх парады», — запэўнівае намесьнік галоўнага лекара Ўладзімер Хоха.
Арцёма ж, па словах галоўнага лекара, у час лячэньня засьпелі на ўжываньні марыхуаны. «Злавілі» яго мэдыкі і выклікалі міліцыю. Сяргей Ганковіч і ягоны намесьнік Уладзімер Хоха кажуць, што відэа з прыбіральняй — помста мэдыкам.
Галоўны ўрач і намесьнік паказваюць, што ў нэўралягічным аддзяленьні ёсьць прыбіральня, куды можна трапіць з вазком — у палаце № 23. Пры лекарах з горам папалам Арцём праціснуўся туды. Палата цесная — на два месцы. Там цяжка разьвярнуцца з вазком. У той прыбіральні няма рукамыйніка.
«У гэтай палаце ляжалі жанчыны, калі я тут лячыўся. Як мне пры іх хадзіць у іхную прыбіральню? Як мне рукі памыць потым?», — кажа малады чалавек.
Тым часам галоўны лекар дэманструе, што на паверх вышэй ёсьць прыбіральні з шырокім праходам — у аддзяленьні рэабілітацыі.
«Але гэта іншае аддзяленьне. І мяне туды ня клалі на лячэньне, хоць я і прасіўся. Мне казалі: „Якая табе рэабілітацыя, расьсеяны склероз ня лечыцца“ і клалі заўсёды толькі ў нэўралёгію», — тлумачыць Арцём.
Ён прызнае, што інцыдэнт з «травой» меў месца. Але гэта ня тычыцца безбарʼернага асяродку, якога дабіваецца малады чалавек.
Быў суд, маладога чалавека пакаралі — далі год «хатняй хіміі» за захоўваньне «травы» і штраф.
«Пры чым тут гэта да таго, што я не магу трапіць у прыбіральню, у ванны пакой, не магу памыць рук, ускараскацца на высокі ложак, трапіць на масаж, атрымаць нармальнае лячэньне?», — зьдзіўляецца Арцём.
«Я хачу жыць, як чалавек»
Ён раскайваецца ў тым здарэньні з «травой» і кажа, што цяпер актыўна займаецца спортам — настольным тэнісам, більярдам. Гадзінамі гуляе на калясцы па Мазыры. Раней, да хваробы, займаўся грэбляй, любіў басэйн. Арцём удзельнічае ва ўсіх падзеях таварыства інвалідаў-вазочнікаў, езьдзіць на зьлёты, сходы, спартовыя спаборніцтвы і культурныя імпрэзы.
«Я надта актыўны, мяне дома ня зловіш. Хачу жыць, як чалавек. Люблю з каханай быць усюды, па крамах хадзіць. У мяне амаль заўсёды добры настрой, я радуюся жыцьцю, няма ніякай дэпрэсіі. Але вось толькі такія „дробязі“, як гэтая прыбіральня ў лякарні, як падʼёмнік, азмрочваюць мне жыцьцё. Мне ж нельга хвалявацца — сутаргі пачынаюцца, стан пагаршаецца. А сёньня ў лякарні як наляцелі гэтыя дактары, я адразу зьехаў, бо адчуваў — зараз блага будзе мне», — расказвае Арцём.
Неўзабаве ён чакае нараджэньня сына. Чакае таксама, што ў Мазыры зьменіцца стаўленьне да інвалідаў і іхных патрэб. Хаця б да самых простых, натуральных — як магчымасьць схадзіць у прыбіральню і памыць рукі ў лякарні.
Гэта публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.