Арганізатары запэўніваюць, што на імпрэзу, дзе звычайна прысутнічае Аляксандар Лукашэнка, зьбіраюць людзей без прымусу. За канцэрт трэба заплаціць па 10 рублёў.
Магілёўскія ўлады зьбіраюць наведнікаў на сьвяткаваньне Купальля, якое адбудзецца 6–7 ліпеня на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёну.
Гэта робіцца на даручэньне першага намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Васіля Акуліча.
Распаўсюджваюць тысячы білетаў
Блогер NEXTA апублікаваў дакумэнт, падпісаны старшынём Магілёўскага абкаму прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Віктарам Гейдэлем. Паводле разнарадкі, фэстываль «Купальле-2019» 6–7 ліпеня маюць наведаць больш за 2000 работнікаў з 24 магілёўскіх прадпрыемстваў, а таксама 21 раёну вобласьці. Як вынікае з дакумэнту, працаўнікі павінны набыць за 10 рублёў квіток на канцэрт Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры».
Прафсаюз: прымусу няма
У самім прафсаюзе Свабодзе пацьвердзілі існаваньне такога дакумэнту, але ня лічаць, што працоўных прымушаюць наведваць фэстываль. Там запэўніваюць, што даручэньні выдадзеныя дзеля інфармаваньня, а сам удзел у фэсьце разглядаецца як магчымасьць для работнікаў «адцягнуцца ад працы», бо яны «гэта заслужылі».
«Мы робім гэта ў інтарэсах людзей і для людзей», — кажа ў тэлефоннай гутарцы супрацоўнік абласной арганізацыі прафсаюзу. Ён дадае, што такім чынам прафсаюз бароніць «сацыяльна-эканамічныя» правы і інтарэсы працоўных.
Фэст пад узмоцненай аховай
Фэстываль «Александрыя сустракае сяброў» сёлета пройдзе дзявяты раз. Пляцоўка, на якой разгорнецца двухдзённы фэст, — за пяць кілямэтраў ад роднай вёсцы Аляксандра Лукашэнкі, «Александрыі-ІІ». Каля гэтай вёскі і адна зь ягоных рэзыдэнцыяў.
Тутэйшае Купальле на беразе Дняпра праходзіць пад узмоцненай аховай. Пэрымэтар пляцоўкі патрулююць людзі ў вайсковай уніформе. Традыцыйна фэстываль наведвае Лукашэнка з малодшым сынам Мікалаем. Афіцыйныя крыніцы штогод паведамляюць, што на фэсьце ў Александрыі пабывалі дзясяткі тысяч гледачоў.