Ужо сёньня можна больш-менш дакладна вызначыць час, калі ў беларускай вёсцы закрыецца апошняя беларускамоўная школа: пры ўмове, што такая ж дынаміка, як цяпер, захаваецца, гэта можа адбыцца ўжо ў наступныя два дзесяцігодзьдзі. Па тэмпах русыфікацыі школы рэжым Лукашэнкі аказаўся значна больш «хуткасным», чым камуністычны рэжым у позьнім СССР, які дагэтуль лічыўся самым згубным для беларускамоўнай адукацыі.
Школа пад знос
Савіцкую васьмігадовую школу Шчучынскага раёну, у якой я калісьці вучыўся па-беларуску, спачатку закрылі (у рэчышчы «аптымізацыі», як і сотні іншых невялікіх вясковых школ). А празь нейкі час увогуле зраўнялі бульдозэрам зь зямлёй — каб занядбаны будынак не псаваў краявіду. На маляўнічасьць ваколіц гэта, праўда мала паўплывала: нікому не патрэбны пляц паволі зарастае кустоўем і занепадае, як і ўся вёска Савічы.
Апошнія чвэрць стагодзьдзя выдалася ўвогуле фатальнай для маленькіх вясковых школ, якія былі пераважна беларускамоўнымі. Іх штогод «аптымізавалі» дзясяткамі і сотнямі — спасылаючыся на «малакамплектнасьць», на неадпаведнасьць стандартам, на эканамічную немэтазгоднасьць. Дакладнай статыстыкі пра колькасьць зьліквідаваных за гэты час школ у афіцыйных крыніцах мне знайсьці не ўдалося (хваліцца тут уладзе, натуральна, няма чым, лічбы гэтыя не афішуюцца). Але ўлічваючы, што толькі ў адным родным мне Шчучынскім раёне зьнікла каля двух дзясяткаў школ, у маштабах усёй Беларусі размова можа ісьці пра паўтары-дзьве тысячы. І схема практычна паўсюль аднолькавая: закрываецца невялікая беларускамоўная школа, а дзяцей, якія не давучыліся, пераводзяць у расейскамоўную школу ў суседні горад ці мястэчка.
На сайце Шчучынскага райвыканкаму, у разьдзеле, дзе выстаўлена на продаж дзяржаўная нерухомасьць, і цяпер можна ўбачыць каля дзясятка будынкаў колішніх школ — Красулёўскай, Багушоўскай, Пазьнякоўскай, Кямянскай, Дуткоўскай, Андрушоўскай, Ашмянцоўскай, Хадзілонскай...І ўсё гэта — адносна новыя, пераважна мураваныя будынкі 1970-1980-х гадоў. Фатаздымкі іх даўно і безнадзейна вісяць на сайце: пакупнік у абязьлюдзелых вёсках наўрад ці знойдзецца. Дзясяткі драўляных будынкаў школ, што ўзводзіліся ў 1950-1960-я гады, даўно пайшлі пад знос без усялякіх спробаў прадаць...
У русыфікацыі школы Лукашэнка перасягнуў Машэрава
Звычайна прынята лічыць, што русыфікацыя школы ў Беларусі найбольшы размах набыла ў позьнім СССР, у часы Пятра Машэрава. Аднак статыстыка абвяргае гэты стэрэатып. Лукашэнка значна абагнаў сваіх камуністычных папярэднікаў. У канцы існаваньня БССР, у 1988 годзе, у беларускамоўных школах вучыліся 22 адсоткі школьнікаў. Потым, у кароткі пэрыяд нацыянальнага адраджэньня, гэтая лічба істотна вырасла. А з 1995 году пачала пасьлядоўна зьніжацца. З 1995 да 2006 году доля беларускамоўных школьнікаў вярнулася на ўзровень канца 1980-х, а за наступныя 10 гадоў скарацілася яшчэ ўдвая — да 13 % у 2017/2018 навучальным годзе. І паступовы рух уніз працягваецца.
Лічыцца, што многія патрыятычна настроеныя беларускія чыноўнікі тайна спрыяюць беларускай справе, беларускамоўнай адукацыі. Сапраўды, ёсьць сярод іх такія, хто ў нефармальнай абстаноўцы ахвотна падтрымае размову па-беларуску і нават намякне, што яму не даспадобы татальная русыфікацыя, што беларуская мова мае патрэбу ў абароне, што гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы. Але калі даходзіць да канкрэтнай справы альбо ўключаецца тэлекамэра БТ... Гэта яны гатовыя экзальтавана прасьлязіцца, слухаючы банальныя сэнтэнцыі з высокай трыбуны. І яны ж імгненна пераходзяць на расейскую мову і пачынаюць гаварыць пра недапушчальнасьць якога б то ні было прымусу да вывучэньня альбо пашырэньня беларускай мовы, як толькі пачуюць адпаведны вокрык першай асобы («Замечаю: опять пошла эта языковая волна. Я же вас просил, не поднимайте этот вопрос вообще! Он закрыт в Беларуси!» — з выступу на Лукашэнкі ў Палаце прадстаўнікоў 19 красавіка 2019 г.).
Стратэгія: нічога не мяняць
Чакаць, што стаўленьне сёньняшняй улады да беларускай мовы зьменіцца пад ціскам якіх бы то ні было абставін, бескарысна і бясплённа. Пасьля 1995 году ў моўнай палітыцы Лукашэнкі была адна нязьменная і пасьлядоўная лінія — нічога не мяняць, не рабіць ніякіх рэзкіх зрухаў... Па сутнасьці, гэта было маўклівае спрыяньне паступовай русыфікацыі: беларускамоўныя вясковыя школы паміралі разам зь вёскамі.
Здавалася б, прыклад Украіны, рэальная пагроза незалежнасьці, непрыхаваныя імпэрскія памкненьні Масквы павінны былі натуральным чынам паўплываць на моўную палітыку ўлады. Але ж не. Пра ўмацаваньне і захаваньне ў нязьменным выглядзе рэжыму ўласнай аднаасобнай улады кіраўнік дзяржавы дбае, пра абарону і падтрымку мовы як асновы нацыянальнай ідэнтычнасьці — ані. І ўбачыўшы ля дарогі беларускамоўны надпіс «Выконвай хуткасны рэжым», ён думае не пра мову і не пра хуткасьць свайго аўтамабіля, а ўсё пра тое ж: «Пришлось вернуть название нормальное. Кто поймет, что это скоростной режим, а не диктатура Лукашенко...» (з таго ж выступу перад Палатай прадстаўнікоў 19 красавіка сёлета).
Для Лукашэнкі моўнае пытаньне вырашана, для гісторыі — не
Ці станем мы сьведкамі таго, як у Беларусі закрыецца апошняя беларускамоўная вясковая школа? Калі зыходзіць з дынамікі, якая існуе з 1995 году — так, гэта можа адбыцца ў блізкай пэрспэктыве. Аднак ня думаю, што да такога дойдзе.
Гэта для Лукашэнкі моўнае пытаньне ў Беларусі вырашана раз і назаўсёды. Для гісторыі ўсё інакш. Аўтарытарны «хуткасны рэжым» у маштабах чалавечага жыцьця можа здавацца бясконца доўгім, ледзь ня вечным. Але потым раптам бяз знаку бурыцца ў адно імгненьне. Разам са сваімі ўяўленьнямі пра «закрытасьць» і «вырашанасьць» моўнага пытаньня.
У хуткаплынным часе нам ня дадзена зазірнуць нават у самую блізкую будучыню.
Францішак Багушэвіч, аўтар палымянага закліку «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі...», паміраючы ў 1900 годзе, марыў пра тое, каб хаця б зьнялі забарону зь ягоных беларускамоўных кніг: пра беларускамоўныя школы і размовы не было. Але міне ўсяго пяць гадоў — і самадзяржаўны рэжым у імпэрыі аслабее, пачнуць выдавацца беларускамоўныя газэты, зьявіцца цэлае гронка маладых і таленавітых беларускіх пісьменьнікаў і публіцыстаў, пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.
Алаіза Пашкевіч з аднадумцамі, ствараючы ў 1915 годзе ў Вільні першую легальную беларускую школу, і марыць не маглі, што празь якія дзесяць гадоў беларускамоўных школ будуць сотні і тысячы...
Назіраючы на пачатку 1980-х, як беларуская мова выціскаецца з усіх сфэр грамадзкага ўжытку, мы, тагачасная моладзь, нават не ўяўлялі, што ўсяго празь некалькі гадоў «саюз непарушны» распадзецца, беларуская мова стане адзінай дзяржаўнай і ў краіне пачнецца магутны нацыянальны ўздым....
Што праўда, кожны раз пасьля ўздыму такой хвалі пачынаўся адкат назад, часта балючы і драматычны. Але асабіста я перакананы, што «хуткасны рэжым» Лукашэнкі скончыцца значна раней, чым зачыніцца апошняя беларуская школа. І ў сёньняшняй моладзі, якой рупіць беларуская справа, зьявіцца свой шанец — так, як гэта было і ў бацькоў іхных, і ў дзядоў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.