Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічба дня. Дзяржкантроль выявіў больш за 1300 «забруджаных гноем» фэрмаў


Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі за сакавік-красавік 2019 году выявіў 1841 «факт безгаспадарчасьці» ў сельскагаспадарчых арганізацыях.

Самая тыповая прыкмета безгаспадарчасьці — «забруджанасьць гноем» (што па-расейску назвалі «занавоженность») памяшканьняў з жывёламі і прылеглых тэрыторыяў. Такіх выпадкаў зафіксавалі больш за 1300.

Таксама выяўлялі беспарадак на мэханізаваных дварах (больш за 530 выпадкаў адсутнасьці агароджы, безгаспадарнага захоўваньня тэхнікі, мэталалому, захламленасьці) і фэрмах (зарастаньне пустазельлем, адсутнасьць падсьцілачнага матэрыялу для жывёлаў).

На 11 траўня, сьцьвярджае Дзяржкантроль, ліквідавалі 73% выяўленых парушэньняў. Працягваюць ліквідоўваць, напрыклад, парушэньні зь няўцягнутымі ў сельскагаспадарчы абарот землямі і неэксплюатаванымі аб’ектамі, завяршаюць рамонт і будаўніцтва аб’ектаў.

Па выніках праверкі завялі 15 крымінальных спраў (у прыклад прыводзяцца дзьве ў Любанскім і Краснапольскім раёнах — за «злоўжываньне ўладай» паводле ч.3 арт. 424 КК РБ), да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнутыя 188 кіраўнікоў і працаўнікоў сельскагаспадарчых арганізацыяў, да дысцыплінарнай адказнасьці — 83 кіраўнікі прадпрыемстваў і спэцыялісты райвыканкамаў.

Пытаньне «забруджанасьці гноем» пачало шырока абмяркоўвацца ў Беларусі пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі на малочны комплекс «Сьліжы» ў Шклоўскім раёне, дзе ён учыніў «разнос у кароўніку», пабачыўшы «абас...ных кароваў» і «Асьвенцім».

Па выніках «разносу» ў адстаўку пайшлі кіраўнік Магілёўскай вобласьці, віцэ-прэм’ер і міністар сельскай гаспадаркі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG