Дзеючы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сёньня на стадыёне «Алімпійскі» больш як 45 хвілін чакаў свайго апанэнта Ўладзіміра Зяленскага на дэбаты перад другім турам галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах.
Уладзімір Зяленскі так і не прыехаў на стадыён, таму ўвесь гэты час Пятро Парашэнка адказваў на пытаньні журналістаў, а пасьля выйшаў да сваіх прыхільнікаў, якія прыйшлі на стадыён яго падтрымаць. Паводле інфармацыі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, на акцыю прыйшлі калі 5 тысяч грамадзян.
Пятро Парашэнка заявіў, што не плянуе да парлямэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца сёлета ўвосень, замяняць міністра замежных справаў Паўла Клімкіна і міністра абароны Сямёна Палтарака.
Затое паведаміў, што вызваліў Сяргея Семачка з пасады намесьніка кіраўніка Службы вонкавай выведкі Ўкраіны. Згодна з журналісцкім расьсьледаваньнем, ягоныя жонка і дачка маюць расейскія пашпарты.
Яшчэ адзін выклік. Тэлевізійны
На працягу сваёй сустрэчы з журналістамі Пятро Парашэнка неаднарозова заклікаў Уладзіміра Зяленскага прыехаць на дэбаты. Потым паведаміў, што наступным разам чакае яго ня толькі 19 красавіка, а і заўтра ў этэры аднаго з украінскіх тэлеканалаў, што запрасіў на праграму абодвух кандыдатаў на прэыздэнта:
«Мне не падабаецца, калі ў краіне выбарчая кампанія падобная на нямое кіно... Калі кандыдат мільгаціць на экранах, але нічога ня кажа, для большасьці гэта проста сюжэт з фільму „Слуга народа“. Але мы выбіраем не Галабародзьку, а прэзыдэнта Ўкраіны», —сказаў Парашэнка.
Роспуск парлямэнту — шлях да таталітарызму
Раней каманда Ўладзіміра Зяленскага заяўляла, што мае «сакрэтны плян» адносна парлямэнту. Згодна з нацыянальным заканадаўствам, менавіта парлямэнт фармуе ўладную кааліцыю і фармуе ўрад. Улічваючы цяперашні склад Вярхоўнай Рады, Уладзіміру Зяленскаму ў выпадку ягонай перамогі на выбарах будзе даволі складана паўплываць на кадравыя зьмены ва ўкраінскім урадзе. Экспэрты не выключалі, што каманда Ўладзіміра Зяленскага плянуе роспуск парлямэнту. Але паводле заканадаўства немагчыма распусьціць парлямэнт за паўгоду да наступных парлямэнцкіх выбараў.
Пятро Парашэнка падкрэсьліў, што канстытуцыйныя падставы для спыненьня паўнамоцтваў парлямэнту адсутнічаюць.
«Ці ёсьць рызыка таго, каб у любы спосаб новаабраны прэзыдэнт распускаў парлямэнт і прызначаў дэпутатаў... Я лічу, што гэта —шлях да таталітарызму, нічога агульнага з дэмакратыяй гэта ня мае», — перакананы дзейны прэзыдэнт Украіны.
Зяленскі і Пуцін
Пятро Парашэнка неаднарозава падкрэсьліваў, што ніколі ня ставіў і ня будзе ставіць знак роўнасьці паміж расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і сваім апанэнтам Уладзімірам Зяленскім: «Гэта ня так. Я толькі хачу нагадаць словы Пуціна, што для яго любы прэзыдэнт, акрамя Парашэнкі —гэта яго мара».
Дзейны прэзыдэнт Украіны перакананы, што Ўладзімір Пуцін «наўмысна падвесіў пытаньне вызваленьня закладнікаў і ваеннапалонных», чакаючы новага прэздыэнта.
Дзейны прэзыдэнт таксама заявіў, што спыніў свае сустрэчы зь кіраўніком палітычнай рады партыі «Апазыцыйная плятформа — за жыцьцё», кумам Пуціна Віктарам Медзьведчуком. Аляксандар Лукашэнка ад пачатку году правёў зь ім ужо тры сустрэчы, у тым ліку ў лютым у Сочы.
У Эўразьвяз — праз рэфэрэндум
Пятро Парашэнка паведаміў, што перад уступленьнем ў Эўразьвяз ва Ўкраіне адбудзецца адпаведны рэфэрэндум.
Паводле дзейнага прэзыдэнта, заяўка на ўступленьне ў ЭЗ можа быць пададзена да 2023 году, але толькі тады, калі будзе адпавядаць неабходным крытэрам: «Рэфэрэндум праводзіцца не па пытаньні ісьці ці ня йсьці. Пытаньне на рэфэрэндуме будзе: ці гатовы ўкраінскі народ дэлегаваць частку паўнамоцтваў наднацыянальнаму органу, як гэта зрабілі 27 або 28, у залежнасьці ад вынікаў Brexit, членаў Эўразьвязу».
«Я хачу падкрэсьліць, што сяброўства Ўкраіны ў ЭЗ і NATO — гэта не паслабленьне сувэрэнітэту, а наадварот — узмацненьне. Гэта гарантыі незалежнасьці нашай дзяржавы і, па маім цьвёрдым перакананьні, я не сумняваюся, што ўкраінскі народ за гэта падчас рэфэрэндуму прагаласуе», — падкрэсьліў Пятро Парашэнка.
- Уладзімір Зяленскі — актор-комік, кіраўнік студыі «Квартал 95» — пабудаваў сваю перадвыбарчую кампанію на абяцаньнях барацьбы з карупцыяй, абнаўленьня палітычных элітаў і іх амаладжэньня. У першым туры выбараў ён апярэдзіў Парашэнку амаль на 15%.
- Перад другім турам выбараў Зяленскі запрасіў Парашэнку на дэбаты на стадыёне «Алімпійскі». Прэзыдэнт Украіны пагадзіўся і прапанаваў дату — 14 красавіка. Зяленскі, аднак, заявіў, што меў на ўвазе 19 красавіка. Кандыдаты паспрачаліся пра дату ў жывым эфіры каналу 1 + 1 на гэтым тыдні.
- Пятро Парашэнка ў нядзелю зноў пацьвердзіў, што 19 красавіка прыйдзе на дэбаты на тэлебачаньне, а на стадыён — толькі калі час ня будзе супадаць з тэлевізійнымі дэбатамі.
- Зяленскі пакуль не камэнтаваў сёньняшні выступ Парашэнкі.
- Другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны адбудзецца 21 красавіка.