Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве і Беларусі пачалі кампанію, каб надпісы на магілах паўстанцаў Каліноўскага былі і па-беларуску


Пахаваньне знойдзеных у 2017 годзе на Гедымінавай гары ў Вільні парэшткаў паўстанцаў Кастуся Каліноўскага перанесьлі на восень.

На 23 сакавіка ў Вільні плянавалася перапахаваць удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863–64 гадоў, чые парэшткі знайшлі пазалетась на Замкавай гары, калі ўмацоўвалі схіл пасьля апоўзьня. Аднак канчаткова апазнаньне пакуль не завершанае, да таго ж узьніклі моўныя спрэчкі. Цырымонію адклалі на восень.

Тым ня меней з ініцыятывы беларускіх арганізацый Літвы ў гэты дзень адбудзецца традыцыйнае ўшанаваньне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Будзе шэсьце на Лукіскі пляц, гістарычны круглы стол і сьвятая імша ў касьцёле сьвятога Барталямэя.

Касьцёл Сьвятога Барталямэя ў Вільні
Касьцёл Сьвятога Барталямэя ў Вільні

Чые парэшкі знайшлі на гары Гедыміна

Адразу пасьля таго, як паўстаньне ў 1864 годзе было здушана, на Лукіскай плошчы ў Вільні пакаралі сьмерцю больш за два дзясяткі яго лідэраў і ўдзельнікаў. Парэшткі сямнаццаці зь іх знайшлі на гары Гедыміна, дзе ў той час стаяў гарнізон расейскага акупацыйнага войска. На гэты час 13 чалавек ідэнтыфікавалі. У некаторых выяўленыя прыкметы павешаньня, у іншых — расстрэлу. Сярод ахвяраў царскага рэжыму Зыгмунт Серакоўскі, а таксама браты Раўкоўскія — іх забілі разам, генэтычна выяўленая іх крэўная роднасьць.

Пярсьцёнак Зыгмунта Серакоўскага
Пярсьцёнак Зыгмунта Серакоўскага

Зь вялікай доляй верагоднасьці там можа быць і Кастусь Каліноўскі, чыё месца пахаваньня больш за 150 гадоў заставалася невядомым. Цяпер экспэрты высьвятляюць, ці належаць парэшткі кіраўніку паўстаньня ў Беларусі і Літве.​

«Пакуль да канца ня вызначана, чые гэта парэшткі, сьпяшацца зь перапахаваньнем няма ніякай патрэбы, — мяркуе кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. — Калі з тым жа Зыгмунтам Серакоўскім усё зразумела — быў заручальны пярсьцёнак на пальцы — адносна Кастуся Каліноўскага ёсьць спрэчкі: большасьць думае, што ён, але стопрацэнтнай упэўненасьці няма. Значыць, дзеля надзейнасьці патрэбна дадатковае дасьледаваньне».

Адносна парэшткаў, якія могуць належаць Кастусю Каліноўскаму, у Літве правялі антрапалягічныя дасьледаваньні, на падставе якіх экспэрты схіляюцца да вэрсіі, што гэта сапраўды ён. Аналіз на ДНК не праводзіўся, паколькі не знайшлося спадкаемцаў па мужчынскай лініі.

Пасьля сэнсацыйнай знаходкі была ўтвораная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня парэшткаў паўстанцаў, якую ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Было прапанавана перанесьці іх у цэнтральную капліцу на віленскія могілкі Росы. Менавіта там на магілах маюць усталяваць мэмарыяльныя надпісы, якія выклікалі вострыя спрэчкі.

Гара Гедыміна ў Вільні, фота ©Shutterstock
Гара Гедыміна ў Вільні, фота ©Shutterstock

Чаму праігнаравалі беларускую мову

Пытаньне, на якіх мовах будзе надпіс на магілах, паўстала ў сакавіку 2019 году, калі стала вядома пра варыянт афармленьня толькі па-польску і па-літоўску, безь беларускай мовы.

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч у 2018 годзе браў удзел у паседжаньні дзяржаўнай камісіі, створанай пасьля знаходкі парэштак паўстанцаў. Ён мяркуе, што галоўная сярод прычын ігнараваньня беларускай мовы — інэртнасьць афіцыйнага Менску.

«Яшчэ летам мяне выклікалі, мы размаўлялі зь віцэ-канцлерам, адказным за справу. Ён тады абяцаў, што беларускі бок далучыцца і ўсе надпісы будуць на трох мовах. Але, як падалося асабіста мне, яго і іншых крыўдзіць і раздражняе адзін момант: беларускі афіцыйны бок не ідзе на перамовы. Ігнараваньне ня поўнае, але на 90%. Зрэшты, калі ў афіцыйных СМІ пішуць, што Каліноўскі — кіраўнік „польскага паўстаньня“, чаму зьдзіўляцца? Па сутнасьці, змагаліся і паміралі тры народы: беларусы, палякі, літоўцы. І лягічна ўшанаваць памяць на іх мовах, а не дзяліць на нашых і ня нашых, правільных і няправільных».

Як кажа Алесь Адамковіч, нядаўна камісія сабралася наноў, прысутнічалі прадстаўнікі ўрадаў Літвы і Польшчы. Праз абыякавасьць беларускага боку для бальшыні надмагільных надпісаў вырашылі пакінуць дзьве мовы — літоўскую і польскую. Выключэньне зрабілі толькі для Кастуся Каліноўскага — на ягонай магіле нібыта пагадзіліся дадаць інфармацыю і па-беларуску.

Шыльда ў месцы зьняволеньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні
Шыльда ў месцы зьняволеньня Кастуся Каліноўскага ў Вільні

Як будзе выглядаць пахаваньне паўстанцаў

Паводле Алеся Адамковіча, на віленскіх могілках Росы ў капліцы, якая цяпер там стаіць, будуць абсталяваныя адмысловыя нішы накшталт рымскіх пахаваньняў. Пры кожнай будзе мэмарыяльная дошка з надпісам. Суразмоўца дадае, што цяпер беларускія арганізацыі рыхтуюць зварот, каб былі надпісы і па-беларуску.

«Спадзяёмся, таксама выкажуцца з гэтай нагоды мясцовыя палякі, ужо пагадзіліся нас падтрымаць некалькі літоўскіх арганізацый. Паколькі ўсё адносіцца на восень, яшчэ ёсьць нейкі час, а зь ім і шанцы дамагчыся беларускай мовы менавіта на магілах. Бо, выглядае, на інфармацыйным стэндзе і ў Каліноўскага яна ўсё ж будзе», — кажа беларускі актывіст.

Могілкі Росы ў Вільні, фота ©Shutterstock
Могілкі Росы ў Вільні, фота ©Shutterstock

У Літве і Беларусі рыхтуюць звароты

Як сказаў Свабодзе дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, гісторык Алег Трусаў, днямі і ў Беларусі пачалася кампанія зваротаў у дзяржаўныя органы Літвы з патрабаваньнем дадаць на помнік Каліноўскаму і яго паплечнікам беларускую мову.

11 сакавіка на сустрэчы ў Горадні з кіраўніцай Таварыства беларускай мовы і дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Аленай Анісім удзельнікі прынялі рашэньне скласьці пэтыцыю на беларускай і літоўскай мовах, даслаць яе ў літоўскую амбасаду і прэзыдэнту Літвы.

«Не сумняюся, што жыхары Горадзеншчыны як адзін падпішуцца, бо Каліноўскі — іх зямляк, — кажа суразмоўца. — Таму трэба самім людзям брацца за асадкі і пісаць літоўскім чыноўнікам, каб ушанаваць памяць герояў у тым ліку па-беларуску — не чакаючы, пакуль гэта зробяць беларускія ўлады. Ніхто ня супраць, калі МЗС ці іншыя ведамствы падтрымаюць, але практыка паказвае: яны прачынаюцца толькі пасьля таго, як падымае галаву грамадзкасьць».

На гэты момант афіцыйныя ўлады Беларусі ды спэцыялізаваныя акадэмічныя інстытуты стаўленьня да праблемы пакуль што не акрэсьлілі.

У сваю чаргу старшыня Віленскага беларускага клюбу «Сябрына» Валянцін Стэх сказаў Свабодзе, што ад імя беларускай грамадзкасьці Літвы будуць падрыхтаваныя лісты ва ўсе зацікаўленыя дзяржаўныя інстанцыі краіны, а таксама ў МЗС Беларусі з просьбай далучыцца.

«Што з гэтага атрымаецца, пакуль сказаць цяжка. Але ў любым выпадку будзе добра, калі такая хваля адначасова пойдзе і зь Беларусі, і зь Літвы», — перакананы Валянцін Стэх.

Хто такі Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі

Кастусь Каліноўскі, лідэр нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў Беларусі і Літве, нарадзіўся 2 лютага 1838 году ў маёнтку Мастаўляны на Горадзеншчыне. Ягоны бацька Сямён Каліноўскі быў безьзямельны шляхціц з Горадні, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры. Маці Вераніка Рыбінская памерла, калі сыну было 5 гадоў.

У 1863–1864 гадах Каліноўскі кіраваў «Мужыцкай праўдай» — першай нелегальнай рэвалюцыйнай газэтай на беларускай мове. Узначаліўшы паўстаньне супраць расейскіх уладаў, выступаў за тое, каб пашырыць паўстаньне на тэрыторыю Расеі, шырэй далучаць да яго сялянаў.

Нават асуджаны на сьмерць ён зьвяртаўся да народу зь «Лістамi з-пад шыбеніцы», у якіх заклікаў «не прызнаваць расейскую ўладу і ваяваць за свайго Бога, сваё права і сваю Радзіму».

Кастуся Каліноўскага пакаралі сьмерцю ў Вільні ў 1864 годзе, але шанец на годны спачын ён атрымаў толькі цяпер.

Многіх вядомых удзельнікаў тых падзеяў царскія ўлады асудзілі на сьмерць ці перасьледавалі за іхнія погляды. Гэта Рамуальд Траўгут, Тытус Далеўскі, Аляксандар Аскерка, Міхал Аскерка, Баляслаў Аскерка, Генрых Дмахоўскі, Юзаф Каліноўскі, Вітольд Міладоўскі, Ігнат Будзіловіч, Фэлікс Улодак, Міхал Андрыёлі, Аляксандар Акінчыц, Антон Баранцэвіч, Антон Яленскі, Напалеон Яленскі, Аляксандар Гінтаўт-Дзевалтоўскі, Пётар Уладзіслаў Брант, Станіслаў Ляскоўскі ды іншыя.

Праграма ўрачыстасьцяў 23 сакавіка ў Вільні

13.30 — збор удзельнікаў на вуліцы Сьвятога Ігната, 11 (Šv. Ignoto gatvė)

13.45 — шэсьце на Лукіскі пляц (Lukiškių aikštė)

14.20 — пачатак урачыстасьцяў на пляцы

16.00 — круглы стол у Нацыянальным музэі Літвы (Arsenalo gatvė, 3)

18.00 — імша ў касьцёле Сьвятога Барталямэя (Užupio gatvė, 17A).

Арганізатары — Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, Віленскі беларускі клюб «Сябрына», Таварыства беларускай культуры ў Літве, аб’яднаньне «Беларуская нацыянальная памяць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG