У гэтую восень я зазнаў добра знаёмае і рэдкае цяпер пачуцьцё пагружэньня ў тэкст, калі ты расчараваны і незадаволены тым, што кніга скончылася, а табе яшчэ хочацца чытаць і чытаць далей.
Гэтым тэкстам стаў дзёньнік культавага для майго пакаленьня пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, апублікаваны ў 78-м нумары часопісу «Дзеяслоў».
У дзёньніку процьма цікавых месцаў, зьвестак, назіраньняў і нават афарызмаў. Важна было сустрэць перагукваньне з уласнымі думкамі. Калісьці я напісаў канстатацыю «Каханая жанчына — каханая і на раніцу». А тут Караткевіч піша пра сваю былую маскоўскую сымпатыю: «Быў час: было з кім спаць — не было з кім прачынацца».
У дзёньніку мы знаходзім цікавыя акалічнасьці выхаду ў сьвет раману «Каласы пад сярпом тваім» і творчай лябараторыі пісьменьніка. Караткевіч быў неверагодна працавіты. Вось ён піша ў дзёньніку пра папярэднія адзінаццаць дзён: «Усе дні шалёна працаваў. У адзін толькі дзень быў у лесе, на рагачоўскіх „валатоўках“, дзе новыя акопы разрылі старыя курганы і выкінулі косьці. Многа хадзіў, думаў».
А вось ягоная думка пра натхненьне: «Учора таксама цэлы дзень пісаў. І расьпісаўся. Гэта вельмі пакутна: павараціць урэшце мазгі і душу на такі стан, падобны да натхненьня. Часта гэтага нельга сабе дазваляць — з глузду зьедзеш і сэрца сарвеш. Пасьля зь месяц, як ачмурэлы, ходзіш. Але часам гэта рабіць трэба».
А вось як ён разумеў сваё пакліканьне: «І заўтра працаваць, працаваць. За сябе. А калі ўдасца, яшчэ і за тых, хто ўжо ня можа».
А вось, нарэшце, выгук Караткевіча пра мітусьню і фальш, якія спадарожнічаюць жыцьцю кожнага сапраўднага талента: «Пане ты мой Божа! Няўжо дзеля таго, каб рабіць тую справу, дзеля якой ты створаны і якую можаш скончыць толькі ты — трэба ўцякаць у скіт ад ілжэпрыяцеляў, ілжэжанчын, ілжэлюдзей, ілжэдумак. І... дзе ён, гэты скіт?»
Цікава, што адразу пасьля выхаду ў «Полымі» часопіснага варыянту «Каласоў», у Менск пацягнуліся перакладчыкі. Вось запіс лета 1965 году: «У Саюзе загадалі пазваніць А. Васілевіч, бо ў яе сёньня будзе такая Вігурская, якая зьбіраецца перакладаць «Каласы» на ўкраінскую мову. Але тут прыйшла сама Алена, і пайшлі да Вігурскай ў «Мінск».
Герой «Каласоў» Кастусь Каліноўскі быў для Караткевіча культавай постацьцю. Пішучы пра Каліноўскага ўжо пасьля часопіснай публікацыі «Каласоў», ён не называў нават ягонага імя — дастаткова было займеньнікаў «ён», «ягоны». Пісьменьнік шматкроць блукаў па Вільні сьцежкамі свайго героя: «Адарваўся на хвіліну ад паперы і ўспомніў, як у сотую гадавіну пакараньня сядзеў на гары Гедыміна і глядзеў на горад, і як у сьнегавую завею хадзіў Мурамі, і які быў горад у дождж. Я часам так губляю розьніцу паміж сваім часам і ягоным, што страшнавата».
І далей пра містычную сувязь паміж Вільняй, Кастусём і сабой: «Горад зробіць усё за мяне. Усё прыйдзе і стане на месца пад дажджом, у вузкіх вулках, калі слата і мокры сьнег».
Аўтарам выдавецкай рэцэнзіі на раман «Каласы пад сярпом тваім» быў Максім Лужанін. Вось як Караткевіч у нататцы за ліпень 1965 году post factum апісвае выпадак, як ледзьве не пабіўся з Лужаніным: «24-га на студыі быў прагляд, пасьля рэдсавет, а пасьля я з Макаёнкам паехаў да яго на дачу. Цішыня і вялізная навальнічная залева. Вечарам сядзелі ў Лужаніна, гаварылі. Здаецца, памірыліся-такі. А колькі ён мне зла прычыніў. Ды добра хаця, што быў шчыры вораг, ня ў прыклад некаторым іншым. І разумны, калі не асьляпляла злосьць. А каго яна не асьляпляла? Лезьлі мы зь ім адзін на аднаго з вачыма, налітымі крывёй... Наступнага дня некалькі гадзін сядзелі з Л. у яго на дачы і абгаворвалі, што мне правіць у рамане».
Нягледзячы на замірэньне, ухіліцца ад прапанаваных Лужаніным зьменаў было немагчыма — час быў такі. Інакш раман зусім бы ня выйшаў кнігай. І вось празь месяц, 19 жніўня, Караткевіч запісвае: «Хіба што за гэтыя дні скончыў работу над апрацоўкай „Каласоў“ па заўвагах Лужаніна. Усяго скараціў 8 з паловай аркушаў і яшчэ 6-7 засталося скараціць. Ведаю, будзе больш стройна і, аднак, штосьці згубілася. Штосьці ад непасрэднасьці, калі апавяданьне ліецца само сабою — зьнікла».
Калі хто ня ведае, то нагадаю, што аўтарскі або ўмоўна-выдавецкі аркуш у СССР налічваў 40 тысяч друкаваных знакаў і ў залежнасьці ад шрыфту быў роўны 20-24 старонкам тэксту. Такім чынам, мы ўсе і наша беларуская літаратура страціла цэлы том «Каласоў». Раман выйшаў у 1968 годзе ў дзьвюх кнігах, а мог бы выйсьці ў трох.
Караткевіч гэтую асабістую і агульна-нацыянальную страту разумеў і адчуваў вельмі востра. Не дарэмна ён тут жа ўсклікнуў: «...Шкада і многіх сцэн. Калі пасьпею (а гэта наўрад) пад канец жыцьця пакіну свой варыянт. А не, то давядзецца падумаць хаця б аб аднаўленьнях таго, што папсавалі нажніцы ў прадчуваньні іншых нажніц».
Але і гэта яшчэ быў не канец стратаў. Вось запіс канца студзеня 1966 году: «У Лужаніна працаваў над раманам. 72 ст. рэцэнзіі. Вось амаль два месяцы і працаваў».
Галоўны гістарычны раман беларускай літаратуры, як вядома, застаўся няскончаным. І вось у дзёньніку мы знаходзім адказ самога аўтара, чаму так сталася.
У сакавіку 1966 году Ўладзімер Караткевіч разам з Адамам Мальдзісам паехалі ў Літву працаваць у архівах. Пасьля наведваньня аднаго з музэяў пісьменьнік занатаваў у дзёньніку тое, што мяне асабіста ўразіла: «Там, ля „Прыгоннай шыбеніцы“ і „Скону паўстанца“, зразумеў я веліч узаемнай нянавісьці мужыка і шляхцюка-паўстанца яшчэ раз і з асаблівай сілай. Веліч і горыч. А горыч таму, што лепшых не зразумелі, і загінула мая радзіма. Надоўга. Вось таму я і не канчаю, баюся, пакуль, канчаць „Каласы“. Кожны дзень нясе новае разуменьне, а потым будзе шкада».