Пасьля плянавых мэдаглядаў мэдыкі будуць інфармаваць упраўленьні ўнутраных спраў пра факты полавага жыцьця школьніц, маладзейшых за 16 гадоў.
Пра гэта 15 лютага на калегіі галоўнага ўпраўленьня адукацыі Менскага аблвыканкаму паведаміў начальнік аддзелу па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі УУС Менаблвыканкаму Яўген Дубаневіч, піша БелаПАН.
Навошта гэта рабіць і чаму «ўрачэбная таямніца не працуе»?
Паводле Дубаневіча, гэта робіцца дзеля таго, каб выявіць злачынствы супраць полавай недатыкальнасьці непаўналетніх. Гаворка ідзе пра крымінальны артыкул 168 «Полавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў», які можа карацца пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.
«Калі гаворка ідзе пра дзяўчынку 14–15 гадоў, то зьдзейсьнена злачынства, і ўрачэбная таямніца тут не працуе», — сказаў Дубаневіч.
Як гэта будзе адбывацца?
- Дзяўчаткі да 16 гадоў штогод будуць праходзіць мэдагляды.
- Калі выявіцца, што дзяўчына мела полавую сувязь, гінэколяг абавязаны паведаміць пра гэта начальніку мясцовага УУС, каб інфармацыя ня трапіла кудысьці яшчэ і не было грамадзкага ганьбаваньня.
- Дзяўчыну накіруюць да мэдычнага псыхоляга, які падрыхтуе яе да камунікацыі са сьледчымі.
- Сьледчыя будуць пытацца ў дзяўчыны, «чаму гэта здарылася і з кім». Па ўсіх выпадках будуць праводзіць праверку, пра яе паведамяць бацькам дзіцяці.
«Добра, калі гэта праз каханьне з хлопчыкам. Нікога яшчэ за гэта не пасадзілі. Але бываюць выпадкі, што дзяўчынка аказалася ахвярай гвалту. Яна ў сілу свайго ўзросту пабаялася пра гэта каму-небудзь сказаць», — растлумачыў Дубаневіч.
Ці будуць заводзіць крымінальную справу?
Прадстаўнік УУС падкрэсьліў, што пачатак крымінальнай справы аб полавым злачынстве — вельмі працаёмкі працэс менавіта па доказах.
«Калі па наркотыках і крадзяжах, забойствах мы маем прадмет злачынства, то тут — словы, словы, словы. Праводзіцца мноства экспэртыз, кожнае цяжкае злачынства супраць полавай недатыкальнасьці становіцца на кантроль старшыні Сьледчага камітэту», — паведаміў ён.
Дубаневіч параіў пэдагогам у гутарках аб полавай недатыкальнасьці і бясьпецы «не праводзіць грань па полавай прыкмеце».
«Статыстыка сьведчыць, што хлопчыкі і дзяўчаткі становяцца ахвярамі пэдафілаў у роўнай ступені», — адзначыў прадстаўнік УУС.