Кожнае чацьвёртае з 16 трансьмежавых балотаў, якія ёсьць у сьвеце, — беларускае.
Пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў Беларусі Мікалай Сьвідзінскі. Паводле яго, два беларускія балотныя масівы мяжуюць з Украінай, па адным — зь Літвой і Латвіяй.
Птушка ВКЛ
Дзякуючы фінансавай падтрымцы Эўразьвязу распачаўся першы беларуска-літоўскі праект. Ён ахоплівае больш за 20 тысяч гектараў на трох беларускіх і чатырох літоўскіх балотах. Праект атрымаў назву «Вялікае княства вяртлявай чаротаўкі».
Навуковец Нацыянальнай акадэміі Беларусі Міхась Максіменкаў патлумачыў: гэта зьвязана з тым, што вяртлявая чаротаўка водзіцца амаль выключна на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Яна лічыцца самай рэдкай сьпеўнай птушкай з усіх, што ёсьць цяпер у Эўропе. 95% вяртлявай чаротаўкі зьнікла цягам мінулага стагодзьдзя з прычыны асушэньня амаль усіх нізінных балотаў.
«Лёгкія Эўропы — ня лес, а балоты»
Мікалай Сьвідзінскі згадаў меркаваньне, што найбольшую колькасьць кіслароду ў атмасфэру выдзяляюць лясы, — і сказаў, што насамрэч гэта ня так.
«У лясоў прапорцыя 50 на 50. То бок палова кіслароду ідзе ў атмасфэру, а палова — на патрэбы самога лесу. У балотаў прапорцыя 70 на 30. 70% кіслароду вылучаецца ў атмасфэру, і толькі 30% — на падтрымку расьліннага жыцьця ў саміх балотных масівах», — сказаў навуковец.
Беларусь прыме закон аб ахове балот
Законапраект аб ахове балот і тарфянікаў ужо перададзены ў Палату прадстаўнікоў. Мяркуецца, што дэпутаты разгледзяць яго напрыканцы веснавой сэсіі. У дакумэнце 9 разьдзелаў і 45 артыкулаў. Законапраект прадугледжвае шэраг вызначэньняў, якіх раней ніколі не было ў заканадаўстве: напрыклад, што такое тарфянік, што такое балота і г.д. Гэта будзе першы ў сьвеце такі закон, сказаў Міхась Максіменкаў. Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо існуюць два ўнікальныя дакумэнты, якіх няма ў іншых краінах: стратэгія выкарыстаньня балотаў і іх пашпарты. Дарэчы, пашпартызацыя паказала, што найбольшая плошча балотаў у Беларусі прыпадае на Віцебскую вобласьць.
За што ў БССР найчасьцей давалі зоркі?
Мікалай Сьвідзінскі падлічыў, што калі ўзяць усіх калгасьнікаў БССР, якія сталі Героямі сацыялістычнай працы, то высьвятляецца, што найбольшая колькасьць была адзначаная за вырошчваньне высокіх ураджаяў на асушаных тарфяніках. Звычайна на такіх землях ад 5 да 8 гадоў і сапраўды былі рэкордныя ўраджаі. Але затым «высмактаную» зямлю закідалі, яна зарастала хмызьзём і ўрэшце выводзілася зь сьпісу зямельных угодзьдзяў.
Новы законапраект прадугледжвае адказнасьць за такую дзейнасьць.