Міжнародная рабочая група захаваньня балотаў заклікала ўлады Беларусі спыніць будаўніцтва дарогі праз Альманскія балоты. Адпаведную рэзалюцыю прыняла 18-я Генэральная асамблея ў Утрэхце (Нідэрлянды), якая праходзіць што 2 гады. Удзельнікі Асамблеі прадстаўлялі 23 краіны шасьці кантынэнтаў.
Міжнародная рабочая група захаваньня балотаў (IMCG) занепакоеная плянамі будаўніцтва сыстэмы дарог на Альманскіх балотах, якія ўжо пачалі ажыцьцяўляцца. Балотазнаўцы і прыродаахоўнікі IMCG заклікаюць перагледзець пляны і прыпыніць праект.
«Заяўленая мэта будаўніцтва сыстэмы дарог — палегчыць доступ тэхнікі для барацьбы з пажарамі. Аднак пажары, як правіла, не нясуць сур’ёзнай пагрозы неасушаным тарфянікам, бо тарфяная глеба пастаянна затопленая вадой. Наадварот, эфэкт дамбы з аднаго боку дарогі можа прывесьці да падзеньня ўзроўню вады з другога боку, што разам з ростам даступнасьці тэрыторыі для людзей і машын павялічвае, а зусім не памяншае рызыку пажараў», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
IMCG падкрэсьлівае, што найбуйнейшыя балотныя масівы, захаваныя ў натуральным стане, у кожнай частцы сьвету павінны быць захаваныя як здабытак чалавецтва і каштоўныя прыродныя тэрыторыі. Гэта таксама важна для навуковых дасьледаваньняў, у тым ліку дзеля захаваньня і аднаўленьня балотаў, якія празь неразумнае выкарыстаньне прыйшлі ў заняпад.
У рэзалюцыі адзначаюццца ўнікальныя асаблівасьці Альманскіх балотаў, дзякуючы якім комплекс мае такую высокую міжнародную каштоўнасьць:
- Буйная прыродная тэрыторыя, што для Эўропы вельмі вялікая рэдкасьць. Вялікі памер і недаступнасьць дазваляюць захоўваць дзікую прыроду і біяразнастайнасьць безь вялікіх матэрыяльных рэсурсаў.
- Унікальная разнастайнасьць тыпаў балотаў фармуе найбольшы ў Эўропе комплекс нізінных, пераходных і верхавых балотаў, захаваных у іх натуральнай занальнасьці. Альманскія балоты маюць статус тэрыторыі асаблівай прыродаахоўнай значнасьці Смарагдавай сеткі, вылучанай у рамках Бэрнскай канвэнцыі, якую Беларусь падпісала ў 2013 годзе.
- Дзякуючы велічыні ахоўнага прыроднага комплексу тут пасяліліся вялікія групоўкі буйных відаў дзікай жывёлы: воўк, рысь, драпежныя птушкі, якім пагражае глябальнае зьнікненьне.
Будаўніцтва на Альманскіх балотах пагражае тым, што дарогі будуць калідорамі расьсяленьня інвазіўных відаў расьлінаў і жывёлы, а таксама спросьцяць доступ людзей у раней цяжкадаступныя месцы і палегчаць эксплюатацыю тарфянікаў. У выніку будаўніцтва могуць зьмяніцца мясцовыя эка-гідралягічныя ўмовы, што вельмі нэгатыўна паўплывае на экалягічную цэласнасьць балотнага комплексу, гаворыцца ў рэзалюцыі.
Таму балотазнаўцы і прыродаахоўнікі IMCG заклікаюць спыніць праект. Яны гатовыя перадаць беларускаму ўраду свой досьвед і экспэртныя веды для пошуку экалягічна адказнага рашэньня. «Мы прапануем гэтую падтрымку як прызнаньне міжнароднай важнасьці Альманскіх балотаў», — заяўляецца ў рэзалюцыі.
Цяпер праз Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Альманскія балоты» будуюць дарогу, здаць плянуюць у верасьні. Яе кошт — 1 мільён даляраў. 14 кілямэтраў грунтавой дарогі пракладаюць празь некранутае балота, што прывядзе да парушэньня гідрарэжыму і ляндшафту гэтага ўнікальнага прыроднага комплексу.
У плянах лясгасу пабудаваць яшчэ дарогі № 4 і № 5, якія канчаткова парэжуць Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балотаў, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане, маюць статус водна-балотнай зоны міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй.
Міжнародная рабочая група захаваньня балотаў (International Mire Conservation Group) — глябальнае партнэрства для ўстойлівага кіраваньня і выкарыстаньня тарфяных рэсурсаў. Мэтай рабочай групы ёсьць разьвіццё палітыкі і заканадаўства ў сфэры абароны водна-балотных зонаў. Група аб’ядноўвае 550 навукоўцаў, кансультантаў, дзяржаўных службоўцаў і прадстаўнікоў прыродаахоўных арганізацыяў каля 60 дзяржаваў, уключаючы Беларусь, якія працуюць у гэтай сфэры.