Пра гэта на пасяджэньні Рады Эўразьвязу ў агульных пытаньнях у Брусэлі заявіў намесьнік міністра замежных справаў Літвы Сігітас Міткус, паведамляе сайт МЗС Літвы.
Намесьнік міністра Сігітас Міткус на паседжаньні Рады падняў пытаньне аб гібрыдных атаках Беларусі, накіраваных на парушэньне паветранай прасторы Літвы з выкарыстаньнем бесьпілётных лётных апаратаў. Паводле яго, парушэньні літоўскай паветранай прасторы кантрабанднымі балёнамі, запушчанымі з тэрыторыі Беларусі, трэба разглядаць як сьвядомую гібрыдную апэрацыю.
«Заклікаем ясна пазначыць дзеяньні рэжыму Беларусі як гібрыдную атаку на дзяржаву — сябра Эўразьвязу і разгледзець новыя санкцыі супраць адказных беларускіх чыноўнікаў і ўстановаў», — падкрэсьліў намесьнік кіраўніка МЗС Літвы.
Таксама намесьнік міністра зазначыў, што Беларусь павінна неадкладна дазволіць грузавікам, зарэгістраваным у ЭЗ, вярнуцца на тэрыторыю Эўразьвязу.
«Дзеяньні Беларусі недапушчальныя, яны дыскрымінуюць кампаніі ЭЗ і наносяць дадатковыя фінансавыя страты», — заявіў службовец.
18 лістапада пачаліся тэхнічныя перамовы паміж намесьнікамі кіраўнікоў памежных службаў Беларусі і Літвы наконт адкрыцьця мяжы і заблякаваных на загад Лукашэнкі літоўскіх грузавікоў.
Старшыня камітэту замежных справаў Сейму Літвы Рэмігіюс Мотузас раней заявіў, што рашэньне аб адкрыцьці 2 памежных пераходаў зь Беларусьсю будзе залежаць ад вынікаў перамоваў.
«Рашэньне [аб адкрыцьці мяжы] будзе вызначацца, перш за ўсё, вынікамі тэхнічных перамоваў. Але пакуль, калі зыходзіць з сытуацыі, тэндэнцыя хутчэй схіляецца да таго, што межы могуць быць адкрытыя раней за 30 лістапада. Канчатковае рашэньне будзе прынятае з улікам высноваў і рэкамэндацыяў камісіяў, а таксама рашэньняў на заўтрашнім паседжаньні ўраду», — заявіў Мотузас 18 лістапада ў этэры радыё LRT.
З словаў дэпутата, адкрыцьця мяжы патрабуюць ня толькі некаторыя літоўскія перавозьнікі, але і Кітай, і краіны Цэнтральнай Азіі, незадаволеныя парушанымі ланцужкамі паставак.
Форум