«Гістарычная спадчына — перашкода ці не?» Экспэрты ў галіне гарадзкога разьвіцьця і архітэктуры, гарадзкія актывісты, менчукі абмеркавалі 28 лістапада ў «Прэс-клюбе», ці змогуць гістарычныя кварталы Менску ўжывацца з сучаснай забудовай, што рабіць, каб гістарычныя будынкі не ішлі пад знос дзеля будоўлі новых гатэляў, гандлёва-забаўляльных комплексаў і спальных шматпавярховікаў. Свабода прапануе самыя цікавыя фрагмэнты дыскусіі.
У Менску няма сапраўднага гаспадара
Міхаіл Гаўхфэльд, намесьнік старшыні Беларускага саюзу архітэктараў, галоўны архітэктар Упраўленьня па арганізацыі будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпрам трансгаз Беларусь», кажа, што прычына частых канфліктаў паміж жыхарамі Менску і чыноўнікамі, забудоўшчыкамі, інвэстарамі — у тым, што ў горадзе няма гаспадара. І гэта адбіваецца на ўсім абліччы сталіцы.
«За апошнія 15 гадоў мянялі Генэральны плян Менску тры разы. Адпаведна, пад новы Генплян мяняліся праекты: то зносіць увесь прыватны сэктар, то частку пакінуць. Мяняліся прыярытэты, і гэтыя пастаянныя ваганьні ні да чога добрага не прыводзяць».
Архітэктар Міхаіл Гаўхфэльд узгадаў 1960-я гады, калі Менгарвыканкам прымаў рашэньне, што ўвесь цэнтар сталіцы павінен пайсьці пад знос. Але знайшліся энтузіясты, якія змаглі ўсё ж такі пераламіць сытуацыю і адстаяць тое, што засталося. І цяпер стаіць задача — выхоўваць новае пакаленьне так, каб яно ўсьведамляла, што трэба захаваць кожны пласт у гісторыі гораду.
«З XVII стагодзьдзя ўжо няма чаго захоўваць. Менск — горад другой паловы ХХ стагодзьдзя, давайце захоўваць тое, што ёсьць. А ня зносіць тое, што пабудавалі ў 1950–1960-я гады», — прапанаваў Гаўхфэльд.
Трэба навучыцца цаніць сваё
На галоўнае пытаньне дыскусіі «Гістарычная спадчына — перашкода ці не?» бальшыня экспэртаў адказвала па-філязофску: што гэта тэма для добрай дысэртацыі; што трэба вызначыцца, як разумець само паняцьце «гістарычная спадчына» і дзе яго межы; што ў жыхароў і тых, хто прымае рашэньні, розная сыстэма вымярэньня каштоўнасьцяў.
«Можна правесьці аналёгію: а сталыя людзі — гэта перашкода для грамадзтва ці не? Гэта мудрасьць, досьвед і раўнавага», — адказала Тацяна Пятрова, магістарка мастацтвазнаўства, сябра моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Гісторыка».
На яе думку, яшчэ адна з асноўных праблем — адчуваньне непаўнавартасьці нашай спадчыны.
«Мы лічым, што спадчына Парыжа, Гданьску, Варшавы — яна ёсьць, яна годная. А наша ўсё — шэранькае, непрыгожае. Нам трэба перастаць параўноўваць. Гэта — наша! І яно адметнае тым, што яно наша, з нашымі рысамі. Няхай там будзе крыху правінцыйнасьці, але гэта — наша правінцыйнасьць, адметнасьць, якой ты нідзе больш ня знойдзеш. І гэта нельга параўноўваць, як мокрае і гарачае. Гэта — рознае. Трэба навучыцца цаніць сваё. Трэба пазбавіцца вось гэтага комплексу непаўнавартасьці», — перакананая Тацяна Пятрова.
Рашэньні прымаюцца «людзьмі зь іншай плянэты»
Культуроляг Максім Жбанкоў выказаў меркаваньне, што шмат праблем узьнікае з прычыны непаразуменьня паміж тымі, хто прымае рашэньні, і тымі, хто жыве ў горадзе. У чыноўнікаў і жыхароў — розныя задачы і розная сыстэма вартасьцяў.
«Самы просты спосаб расправіцца са старым — яго зьнішчыць. Самы просты спосаб расправіцца з праблемай — пусьціць бульдозэры. Як размаўляць з бульдозэрам, калі табе баліць, а бульдозэр жалезны?
Складаецца ўражаньне, што ў Менску прымаюць рашэньні людзі зь іншай плянэты. Мне страшна, калі прыходзяць у стары квартал людзі, якія хочуць штосьці палепшыць. Часьцяком гэта сканчаецца архітэктурным галакостам.
Як дагрукацца да тых, хто прымае рашэньні — наконт Асмалоўкі, наконт Трактарнага? Як пераканаць тых, хто прымае рашэньне, што жыхары — ня ворагі, а саюзьнікі, і мы адстойваем агульныя інтарэсы? Гістарычная памяць, перакананьне, што гэта каштоўнасьць, якую нам трэба захаваць, а ня зьнішчыць — гэта ў нашым гарадзкім ляндшафце адсутнічае цалкам», — кажа Максім Жбанкоў.
Праблема — тыя, хто «панаехаў»
Дырэктар НПЦ «Рэстабіліс», старшыня фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць» Вадзім Гліньнік кажа, што бараніць менскую спадчыну пачалі адносна нядаўна.
«У 1930-я гады мы ня мелі ніводнага інтэлектуала, які б мог бараніць культурную спадчыну — яны ўсе ўжо былі зьнішчаныя сталінскімі рэпрэсіямі. У нас не было таго гісторыка, які б меў аўтарытэт і пасьля вайны мог сказаць: „Гэта зносіць нельга, гэта варта, каб захаваць для будучых пакаленьняў“. Гэтыя гісторыкі зьявіліся толькі праз 50 гадоў: адбыўся 50-гадовы разрыў у інтэлектуальным асваеньні прасторы», — тлумачыць рэстаўратар.
І яшчэ адна праблема ў тым, што ў сталіцы многія гараджане — у першым ці другім пакаленьні, вялікая колькасьць жыхароў прыехала зь вёскі.
«Пасьля вайны ў Менску жыло 100 тысяч чалавек. Праз два пакаленьні — пад 2 мільёны. Гэта горад, які вельмі дынамічна расьце. Адкуль яны ўзяліся? „Панаехалі“, як і мае бацькі — будаваць Трактарны завод.
Колькі працэнтаў сельскага насельніцтва можа перасяліцца ў гістарычны горад, каб ён ня страціў свой гістарычны традыцыйны характар празь зьмену ладу жыцьця? Паводле мэтодык эўрапейскіх сацыёлягаў, 2–3%.
Кожны ахоўвае тыя рэчы, гістарычную каштоўнасьць якіх ён разумее. Мы гарадзкія жыхары ў другім пакаленьні, мы ня выйдзем бараніць помнікі зь віламі. У нас няма графа Чапскага, для якога горад — каштоўнасьць», — падсумаваў Вадзім Гліньнік.
Архітэктар Міхаіл Гаўхфэльд кажа, што калі будавалі Асмалоўку, ніхто ня думаў ствараць шэдэўр, твор мастацтва. Будавалі зручнае жылое асяродзьдзе, якое праз 60–70 гадоў ужо можна ацаніць ня як твор мастацтва, а як помнік архітэктуры канца 1940-х гадоў. Іншай такой забудовы ў Менску няма, і ў гэтым каштоўнасьць Асмалоўкі.
А цяпер, на думку спадара Гаўхфэльда, усё вырашаюць фінансы.
«Два гады таму „Менскграда“ зрабіла праект дэталёвага плянаваньня (ПДП) — Асмалоўку пад знос, а на яе месцы пабудаваць 5–7-павярховікі. Дзякуючы праціўнікам зносу пачалі шукаць альтэрнатыву. Пераканалі, што дамы ў Асмалоўцы — не баракі, што яны не струхлелі.
У Асмалоўкі ёсьць два шляхі: альбо раён бярэцца пад ахову, у звод помнікаў архітэктуры, і тады трэба чакаць фінансаваньня па вельмі сьціплым ручайку на аб’екты культуры, альбо другі варыянт — шукаць камэрцыйны складнік. Я яго пакуль таксама ня бачу.
Таму адзіны спосаб захаваньня Асмалоўкі — памяняць плян „Менскграда“, зрабіць звычайны капітальны рамонт, які вядзецца па ўсім горадзе. Прывесьці фасады ў парадак, добраўпарадкаваць тэрыторыю, і раён ажыве», — перакананы архітэктар.
Што рабіць з пасёлкам Трактарнага заводу
Ёсьць ПДП 2008 году, які прадугледжвае знос двухпавярховікаў, што на Трактарным, а на іх месцы будоўлю сяміпавярховых і вышэйшых будынкаў. На сёньняшні дзень ажыцьцявілі знос невялікага кварталу, на месцы якога яшчэ нічога не пабудавалі, кажа адзін з заснавальнікаў кампаніі «Генплян — для менчукоў!» Дзяніс Кобрусеў.
«За 10 гадоў амаль нічога не адбылося, але стан самога пасёлку пагоршыўся — тут жыве збольшага сталае пакаленьне, у якога няма ні фінансавых, ні фізычных магчымасьцяў падтрымліваць жытло ў добрым стане. Таму яны хочуць зьехаць у новае жытло. Моладзь хоча застацца. Таму ідзе такі ўмоўны падзел 50 на 50. Аднак пры гэтым ніхто ня хоча зьяжджаць з гэтага раёну — Трактарнага.
Таму наша задача — каб гэты пасёлак быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, трохпавярховыя дамы сталі помнікамі, а двухпавярховікі ўвайшлі ў так званую зону ахоўнага ляндшафту і ў зону рэгуляванай забудовы, яны рэканструяваліся альбо над імі надбудоўваліся мансарды — каб атрымалася штосьці больш гуманнае, чым тое, што мы бачым цяпер у Каменнай Горцы ці іншых спальных раёнах, — кажа Дзяніс Кобрусеў, грамадзкі актывіст і адзін з заснавальнікаў кампаніі «Генплян — для менчукоў!».
А пакуль жыхары Трактарнага ў падвешаным стане. Рамантаваць, укладаць у сваё жыльлё і інфраструктуру людзі ня важацца.
На думку Дзяніса Кобрусева, трэба вызначыць канкрэтны тэрмін, да прыкладу, 10 гадоў, каб зрабіць парадак у Трактаразаводзкім пасёлку, і пасьля гэтага ўжо глядзець, што атрымалася, і прымаць канчатковае рашэньне.