Генэральны пракурор ЗША Джэф Сэшнс падаў у адстаўку. У сваім лісьце з просьбай аб звальненьні Сэшнс адзначыў, што пакідае сваю пасаду на просьбу прэзыдэнта Дональда Трампа, паведамляе «Настоящее время».
Прэзыдэнт ЗША ў сваім твітэры падзякаваў Сэшнсу за працу і абвясьціў аб прызначэньні кіраўніка апарата міністэрства Мэт’ю Ўітакера выканаўцам абавязкаў генпракурора. «Ён будзе добра служыць нашай краіне», — напісаў Трамп.
Пра кандыдатуру на пасаду міністра абвесьцяць пазьней.
Reuters піша, што адстаўка Сэшнса зьвязаная зь неаднаразовай крытыкай з боку Трампа з прычыны ягонай адмовы ўдзельнічаць у расьсьледаваньні меркаванага ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе. Дональд Трамп раней заяўляў, што прызначыў бы на пасаду генпракурора каго-небудзь іншага, калі б ведаў пра плян Сэшнса адмовіцца ад удзелу ў расьсьледаваньні.
Дэмакратычная большасьць у Палаце прадстаўнікоў выказвалася супраць таго, каб Трамп звальняў генпракурора Джэфа Сэшнса. Калі ж прэзыдэнт будзе настойваць на звальненьні Сэшнса і ягонага намесьніка Рода Розэнстайна, ня выключана, што дэмакраты ў ніжняй палаце Кангрэсу ў адказ пачнуць працэдуру імпічмэнту ўжо ў дачыненьні самога Трампа, абвінаваціўшы яго ў чыненьні перашкод правасудзьдзю.
Намесьнік генпракурора Род Розэнстайн быў адказным за «расейскую справу». Менавіта ён у 2017 годзе прызначыў Робэрта Мюлера спэцыяльным пракурорам для расьсьледаваньня меркаванага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Сам ён працягваў быць куратарам гэтай справы.
Пазьней у прэсе пісалі, што афіцыйна Розэнстайна адхілілі ад назіраньня за расьсьледаваньнем.
7 лістапада прэс-сакратар Дэпартамэнту юстыцыі адзначыў, што дзейны генэральны пракурор, г. зн. Уітакер, які зьмяніў на пасадзе Сэшнса, адказвае за «ўсе справы», у тым ліку за справу аб меркаваным расейскім умяшаньні.
Лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі назвала гэта «абуральнай спробай» падарваць ход расьсьледаваньня «расейскай справы», у той час як лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр напісаў у твітэры: «Ясна, што ў прэзыдэнта ёсьць што ўтойваць».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп называе расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў».