Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Горад на гары». У Вільні прэзэнтавалі анталёгію сучаснай літоўскай паэзіі на беларускай мове


Анталёгія сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары»
Анталёгія сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары»

13-16 лютага Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў ладзіць у Вільні міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова. 

13 лютага ў рамках фэстывалю прайшлі паэтычныя чытаньні літоўскіх паэтаў зь перакладамі на беларускую мову, прымеркаваныя да выхаду анталёгіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары», паведамляе Reform.news.

У кнізе «Горад на гары» — 29 галасоў найноўшай літоўскай лірыкі, многія з аўтараў перакладзеныя на беларускую мову ўпершыню. Перакладчыкі — Андрэй Адамовіч, Уладзіслаў Гарбацкі, Уладзімер Лянкевіч, Марыя Мартысевіч, Ванда Марцінш, Андрэй Хадановіч, Сяргей Шупа, Ціхан Чарнякевіч. Рэдактары — Марыя Мартысевіч і Андрэй Хадановіч.

Ідэя кнігі належыць паэтцы і перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Цягам больш як дзесяці гадоў на паэтычным фэстывалі «Вершы на асфальце» традыцыйна выступалі госьці зь Літвы — паэты і перакладчыкі, кіраўнікі пісьменьніцкіх арганізацый. Прачытаныя на фэсьце вершы ня раз друкавалі ў пэрыядычных выданьнях, перадусім у часопісе «Дзеяслоў», але ніколі не аб’ядноўвалі ў кнігу. Як разьвіцьцё гэтай ідэі зьявілася думка прадставіць сучасную паэзію Літвы як мага больш шырока, бо прадстаўнічыя анталёгіі зь дзясяткамі аўтараў не выходзілі на беларускай мове з савецкіх часоў.

14 лютага, у дзень нараджэньня патрона фэстываля Міхася Стральцова, адбудзецца ўрачыстая імпрэза адкрыцьця фэсту, а таксама абвесьцяць імя новага ляўрэата ці ляўрэаткі Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова.

З праграмай фэстывалю цалкам можна азнаёміцца па спасылцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG