Дата дня
14 лютага 1937 году нарадзіўся Міхась Стральцоў, беларускі пісьменьнік, крытык, перакладчык. Сярод кніг Стральцова — празаічныя зборнікі «Блакітны вецер», «Сена на асфальце», «Падарожжа за горад», зборнікі вершаў «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла», «Яшчэ і заўтра», «Мой сьвеце ясны», кнігі выбраных твораў «На ўспамін аб радасьці», «Выбранае». Таксама пісьменьнік займаўся літаратуразнаўствам, перакладаў на беларускую мову творы Аляксандра Пушкіна, Барыса Пастарнака, Нікаляса Гільена, Пабла Нэруды і інш.
Пасьмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Мой сьвеце ясны».
У памяць пра Міхася Стральцова ў 2012 годзе быў заснаваны міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце», які сёлета праходзіць у Вільні 13–16 лютага.
Таксама ў гэты дзень
269 — згодна зь легендай, у гэты дзень пакараны сьмерцю за парушэньне загаду імпэратара Клаўдзія аб бясшлюбнасьці для вайскоўцаў хрысьціянскі сьвятар Валянцін. Ён таемна вянчаў закаханых і за гэта быў асуджаны на сьмерць. У 1496 годзе Папа Аляксандар VI абвясьціў сьвятога Валянціна апекуном закаханых.
1834 — у францускім Ліёне пачаўся страйк ткачоў, падчас якога ўпершыню быў узьняты чырвоны сьцяг як сымбаль рэвалюцыйнай барацьбы працоўных.
1876 — Аляксандар Грэм Бэл запатэнтаваў тэлефон.
1924 — у Вільні пачала выдавацца газэта «Голас беларуса».
1924 — заснаваная кампанія IBM.
1928 — у Савецкім Саюзе пачалі ўжываць грыгарыянскі каляндар.
1946 — у лябараторыі балістычных дасьледаваньняў Арміі ЗША запусьцілі першы электронны кампутар ENIAC, так пачалася кампутарная эра ў гісторыі чалавецтва.
1948 — утварылася Згуртаваньне беларусаў у Аўстрыі.
1956 — пачаўся XX зьезд КПСС, дзе прагучаў даклад Мікіты Хрушчова з асуджэньнем культу асобы Сталіна.
1989 — іранскі рэлігійны правадыр аятала Хамэйні абвясьціў фатву на брытанскага пісьменьніка Салмана Рушдзі за абразу ісламу ў кнізе «Сатанінскія вершы».
2005 — створаны сэрвіс YouTube.
У гэты дзень нарадзіліся
1891 — Павал Корчык, беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.
1905 — Уладзімер Дзядзюшка, актор тэатру і кіно.
1906 — Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.
1907 — Алесь Звонак, беларускі паэт.
1913 — Віталь Цьвірка, народны мастак Беларусі.
1914 — Павал Масьленікаў, беларускі жывапісец, тэатральны мастак, пэдагог.
У памяці
1984 — Язэп Найдзюк, беларускі нацыянальны дзеяч, выдавец.
1989 — Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі нацыянальны дзеяч, у 1971–1982 гадах старшыня Рады БНР.
2014 — Гаўрыла Вашчанка, народны мастак Беларусі.