Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпершыню праз суд патрабуюць ад Лукашэнкі кампэнсацыі маральнай шкоды за падтрымку агрэсіі Расеі


Зьнішчаны і захоплены Расеяй ўкраінскі горад Бахмут у Данецкай вобласьці, 2023 год. Ілюстрацыйнае фота
Зьнішчаны і захоплены Расеяй ўкраінскі горад Бахмут у Данецкай вобласьці, 2023 год. Ілюстрацыйнае фота

Памер заяўленай кампэнсацыі вызначаецца 37-значнай лічбай.

Грамадзкая арганізацыя «ДрукАрмія» выставіла субсыдыярны пазоў супраць Расеі, Уладзіміра Пуціна, Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць Ірану і Паўночнай Карэі пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай грамадзянам Украіны ў выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі.

Як стала вядома Свабодзе, аўтар пазову прасіў адзін з раённых судоў далучыць у якасьці трэціх асобаў Кабінэт міністраў Украіны, урады ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю, ААН, Эўрапейскую камісію, а таксама амэрыканскую тэхналягічную кампанію Alphabet Inc. і ICANN — Карпарацыю кіраваньня дамэннымі імёнамі.

Арганізацыя мяркуе, што Расея, Беларусь, Іран і Паўночная Карэя павінны выплаціць украінцам 1,9 дэцыльярда грыўняў (лічба ў 37 знакаў). Аднак аўтар пазову не падаў разьлікі, на падставе якіх вызначылі памер такой кампэнсацыі.

Пакуль што суд пакінуў пазоў бяз руху: прапанаваў выправіць памылкі і даплаціць судовы збор, які ў выпадку патрабаваньня кампэнсацыі залежыць ад памеру вызначанай прэтэнзіі й складае 1,5% ад агульнай сумы пазову або ня менш за адзін памер пражытковага мінімуму і ня больш за 350 памераў пражытковага мінімуму для працаздольных.

Што вядома пра арганізацыю «ДрукАрмія»

Грамадзкая арганізацыя «ДрукАрмія» паўстала на грунце аднайменнай грамадзянскай ініцыятывы, удзельнікі якой ствараюць або друкуюць пры дапамозе 3D-прынтэра ўсё патрэбнае для дронаў і іншага ўзбраеньня ўкраінскага войска.

Грамадзкую арганізацыю ачоліў вядомы ўкраінскі юрыст Анатоль Тарасенка. Ён двойчы балятаваўся ў Вярхоўную Раду: у 1998 годзе ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Ўкраіны (спыніла існаваньне ў 2023 годзе), а ў 2012-м — ад партыі Натальлі Каралеўскай «Україна — Вперед!» (лідэрка гэтай партыі пазьней далучылася да Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча. — РС).

Анатоль Тарасенка валодае адвакацкай кампаніяй, але ягоная ліцэнзія на адвакацкую дзейнасьць спыненая.

Ён жорсткі прыхільнік перадачы Ўкраіне ўсіх расейскіх актываў, якія замарозілі ў ЗША і Эўропе.

У адным з інтэрвію для ўкраінскіх валянтэраў Анатоль Тарасенка прапанаваў сканфіскаваць у Расеі ўсе памяшканьні, у якіх да вайны былі расейскія консульствы і амбасада на тэрыторыі Ўкраіны, і разьмясьціць у іх ініцыятыву «ДрукАрмія», якая вырабляе неабходныя рэсурсы для ўкраінскага войска. «Ну а калі Расея абстраляе, то яна зьнішчыць сваю ж маёмасьць», — казаў ён.

Анатоль Тарасенка яшчэ ў лістападзе 2024 году анансаваў падачу такога субсыдыярнага пазову аб кампэнсацыі ўкраінскім грамадзянам за маральную шкоду з боку Расеі і «кожнай краіны, якая атрымала ад Расеі хаця б адзін рубель». Паводле яго, пазоў будзе грунтавацца на палажэньнях Будапэшцкага мэмарандуму, чым і тлумачыцца запрашэньне прадстаўнікоў урадаў ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі ў якасьці трэціх асобаў на судовым працэсе.

Свабода спрабавала зьвязацца з Анатолем Тарасенкам, каб высьветліць, ці будзе ён паўторна накіроўваць пазоў у суд пасьля выпраўленьня вызначаных судом памылак, але ён не адказваў або адхіляў званкі.

Першы прэцэдэнт пазову супраць Беларусі

З пачатку расейскай поўнамаштабнай агрэсіі ніводнае прадпрыемства або грамадзянін Украіны не зьвярталіся ў суд па кампэнсацыю маральнай шкоды ад Беларусі і іншых краін, якія фігуруюць у пазове Анатоля Тарасенкі. Усе пазовы выстаўляюць толькі расейскай дзяржаве.

Часьцей за ўсё суды выносяць станоўчыя рашэньні, але мэханізму іх выкананьня няма.

У той жа час фізычныя і юрыдычныя асобы Ўкраіны на падставе рашэньня нацыянальнага суду могуць зьвярнуцца ў міжнародныя структуры па кампэнсацыю шкоды, нанесенай баявымі дзеяньнямі ці абстрэламі Расеі. У красавіку 2024 году для гэтага ў Гаазе стварылі адпаведны Міжнародны рэестар.

На наступным этапе, які мусіць пачацца сёлета, у межах міжнароднага рэестру плянуюць стварыць кампэнсацыйную камісію ў складзе юрыстаў-міжнароднікаў. Гэтая камісія будзе прымаць рашэньні аб кампэнсацыі. Выплаты будуць з кампэнсацыйнага фонду, які плянуюць напаўняць за кошт арыштаваных расейскіх актываў.

Рашэньне стварыць міжнародны рэестар шкоды ўхваліла Генэральная Асамблея ААН у лістападзе 2022 году. У Крамлі тады назвалі гэтае рашэньне «фармалізацыяй крадзяжу» заблякаваных заходнімі банкамі расейскіх золатавалютных рэзэрваў.

У Расеі не прызнаюць стратаў, нанесеных Украіне і яе эканоміцы ў выніку баявых дзеяньняў і абстрэлаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG