Улады Азэрбайджану вырашылі скараціць колькасьць супрацоўнікаў падкантрольнага Крамлю выданьня «Sputnik Азэрбайджан» з 40 да аднаго, паведамляе тэлеканал «Настоящее время» са спасылкай на азэрбайджанскія выданьні Caliber і Trend.
Паводле зьвестак выданьняў, такое рашэньне прынялі ў мэтах «аднаўленьня балянсу ва ўмовах, у якіх працуюць азэрбайджанскія дзяржаўныя выданьні за мяжой, і замежныя журналісты» ў Баку.
«Колькасьць журналістаў» Sputnik Азэрбайджан «у Баку будзе роўная колькасьці журналістаў дзяржаўнага агенцтва Azertag у Расеі. Гэта значыць скароціцца на сёньняшні дзень да аднаго карэспандэнта», — распавёў суразмоўца Trend.
Паведамляецца, што скарэктуюць таксама і працу азэрбайджанскай службы брытанскай ВВС. Пры гэтым не ўдакладняецца, на колькі чалавек скароцяць колькасьць супрацоўнікаў брытанскай вяшчальнай карпарацыі.
На мінулым тыдні Азэрбайджан праінфармаваў Расею аб спыненьні дзейнасьці прадстаўніцтва «Россотрудничество» (расейскі інфармацыйна-культурны цэнтар) на тэрыторыі краіны. Да гэтага праўладны тэлеканал Baku.tv паказаў рэпартаж аб працы расейскага цэнтру, у якім абвінаваціў яго супрацоўнікаў у несяброўскай і нават шпіёнскай дзейнасьці. Кіраўнік «Россотрудничества» Яўгеній Прымакоў на гэта заявіў, што цэнтар займаецца «выключна дзейнасьцю ў сфэры адукацыі, культуры, навукі».
Адносіны паміж Азэрбайджанам і Расеяй істотна пагоршыліся пасьля катастрофы самалёту «Азербайджанскіх авіяліній» у Казахстане ў сьнежні 2024 году. Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў аб датычнасьці Расеі да катастрофы, адзначыўшы, што ў момант, калі самалёт спрабаваў сесьці ў Грозным, там працавалі сыстэмы СПА Расеі. Аліеў раскрытыкаваў той факт, што расейскія ўлады не ўзялі на сябе адказнасьць за тое, што здарылася.
Форум