Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Для правядзеньня эканамічных рэформаў у Беларусі няма палітычнай волі»


Архіўнае фота. «Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 (KEF) у Менску. 11 лістапада 2014 году
Архіўнае фота. «Кастрычніцкі эканамічны форум»-2014 (KEF) у Менску. 11 лістапада 2014 году

Чаму цягам пяці Кастрычніцкіх эканамічных форумаў, якія праводзяцца ў Беларусі з 2013 году, асноўныя дыскусіі разгортваюцца вакол эканамічных рэформаў? Што перашкаджае, што тармозіць правядзеньне рэформаў у Беларусі, на якіх настойваюць уплывовыя міжнародныя структуры, — Усясьветны банк, МВФ ды іншыя?

Свабода выслухала меркаваньні аднаго з арганізатараў КЭФ, кіраўніка Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Паўла Данэйкі, дэпутаткі Палаты прадстаўнікаў Ганны Канапацкай і вядомага польскага эканаміста Марэка Дамброўскага. Збольшага меркаваньні падобныя: няма палітычнай волі.

Марэк Дамброўкі: «Сілавікі актыўна ўрываюцца ў эканамічную сфэру»

Прафэсар Марэк Дамброўскі, адзін з «бацькоў» польскіх эканамічных рэформаў 1989-1990 гадоў, які быў першым намесьнікам міністра фінансаў Лешака Бальцаровіча, дарадца шэрагу постсацыялістычных урадаў, а цяпер старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў CASE, цікавіцца эканомікай Беларусі больш за 20 гадоў. Браў удзел у чатырох Кастрычніцкіх эканамічных форумах.

Марэк Дамброўскі
Марэк Дамброўскі

Прафэсар Дамброўскі заўважае мінімальныя зьмены ў эканамічнай сыстэме Беларусі ў параўнаньні з 1990-мі гадамі і кажа, што рэформы ў Беларусі ідуць вельмі павольна.

«У Беларусі няма палітычнай волі — у любой краіне рэформы залежаць ад палітычнай волі кіраўніцтва. Заўсёды неабходны палітычны імпульс, палітычнае прасоўваньне. У выпадку зь Беларусьсю гэты палітычны фактар тармозіць рэформы ня першы год» — перакананы Марэк Дамброўскі.

На яго думку, цяпер у прыярытэце павінны быць мікраэканамічныя рэформы. Бо крохкасьць макраэканамічнай стабільнасьці ўзьнікае менавіта праз нерэфармаваны сэктар дзяржпрапрыемстваў. Многія дзяржпрадпрыемствы Беларусі проста недзеяздольныя.

«Без рэструктурызацыі, прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, без сапраўднага адкрыцьця краіны для замежнага капіталу, бяз значнага аблягчэньня прадпрымальніцкага клімату вельмі цяжка будзе пазбавіцца макраэканамічных рызыкаў. Пакуль з боку ўраду ідуць толькі заявы, дэклярацыі», — кажа прафэсар.

Ён адзначае, што не зьяўляецца «вялікім энтузіястам стварэньня свабодных эканамічных зонаў» і што ўся краіна павінна стаць свабоднай эканамічнай зонай — але з нармальнымі падаткамі.

«Сыстэма падаткаў павінна быць простай, прадказальнай, абароненай ад свавольства сілавых органаў. Гэта, я думаю, праблема ня толькі Беларусі, а большасьці постсавецкіх краінаў: сілавікі займаюцца ня толькі абаронай грамадзтва ад злачынстваў, але яны актыўна ўваходзяць у эканамічную сфэру. Гэта абсалютна недапушчальна, гэта форма карупцыі», — перакананы прафэсар Дамброўскі.

Ганна Канапацкая: Калі неабходнасьць сутыкнецца з безвыходнасьцю, можа, штосьці і зрушыцца

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая кажа, што пастаянна чытае праграмы, мэты сацыяльнага разьвіцьця, чуе ад прэзыдэнта Беларусі «амбітную задачу дасягнуць да 2025 году ВУП у памеры 100 мільярдаў», але ня бачыць рэальных крокаў і мэханізмаў выкананьня гэтых мэтаў і задач.

Паводле дэпутаткі, эканоміка Беларусі апошнія пару гадоў падае, бо ёй не дазваляюць расьці сыстэма кіраваньня дзяржаўнымі актывамі, падаткавая нагрузка, падаткавае адміністраваньне, адсутнасьць стабільнай заканадаўчай базы, засільле сілавых структураў ды іншыя прычыны.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутатка запытвала ў новага прэм’ер-міністра Сяргея Румаса, калі ў Беларусі пачнуцца кардынальныя рэформы, прапанавала прыбраць вялікую колькасьць кантралюючых і правяраючых структур, стварыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу.

«Калі мы бачым, што за 20 гадоў 80% дзяржаўных прадпрыемстваў ня могуць стварыць ВУП, ня здольныя справіцца з пазыкамі, разгрузіць склады, можа, настаў час прымаць кардынальныя захады? Уводзіць у лексыкон кожнага словы «прыватызацыя, лібэралізацыя, паважлівае стаўленьне да бізнэсу, прыцягеньне любога інвэстара, стварэньне прывабнага інвэстыцыйнага клімату», — кажа Канапацкая.

Цяпер, паводле дэпутаткі, у новых дэкрэтах і ўказах прэзыдэнта няма нічога прынцыпова новага. Але калі паняцьце неабходнасьці сутыкнецца з паняцьцем безвыходнасьці, бо «далей ужо няма куды», можа, штосьці і зрушыцца. На думку Канапацкай, у новага прэм’ера Сяргея Румаса ёсьць разуменьне таго, што рэформы неабходныя. Аднак у яе паўстае пытаньне: ці дазволяць Румасу правесьці рэформы?

«Вось зараз выступае міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч. Чаму мы ня чуем паняцьце „закон“? Чаму гучыць толькі слова „ўказ“? Для інвэстара павінна стабільная заканадаўчая база. Патрэбны закон, які не мяняецца цягам 5 — 10 гадоў», — гаворыць Каапацкая.

Самае галоўнае — інвэстар павінен разумець, што ён зможа абараніць свае інтарэсы ў незалежным судзе, абараніць сваю ўласнасьць, вярнуць інвэстыцыі. І што чыноўнік на мясцовым узроўні ня будзе ўмешвацца ў яго гаспадарчую дзейнасьць і вымагаць хабар, перакананая Канапацкая.

Павал Данэйка: «Для выніку рэформаў патрэбна 50 гадоў. 25 прайшло, 25 яшчэ засталося»

Эканаміст, кіраўнік ІПМ Павал Данейка перакананы, што Беларусі зараз трэба выйсьці на стадыю новаўвядзеньняў, і таму неабходна многае памяняць.

Павал Данейка
Павал Данейка

«На стадыі новаўвядзеньняў дыскусіі пра рэформы ўжо не вядуць — вядуць размовы аб разьвіцьці. А мы яшчэ знаходзімся на даганяючым шляху разьвіцьця. Адпаведна, мы зьмяняем сыстэму ў такім крыху „папугайскім“ сэньсе. Аднак, хто б тут ва ўладзе ня быў, рэформы будуць непазьбежныя. Пакуль яны ідуць марудна — гэта на форуме і абмяркоўваецца», — тлумачыць Павал Данейка.

Эканаміст прыводзіць прыклады, як некаторыя краіны рэформы рабілі хутка, а толку і карысьці ў выніку было мала. Узгадвае Вугоршчыну.

«Калі не расьцеш больш за 3% у год цягам 30 гадоў, то ты адстаеш ад разьвітых краінаў, а не даганяеш іх. Вось Вугоршчына не расьце — зрабіла рэформы, але не расьце. А Беларусь марудна, але робіць рэформы.

Некалі была агучаная думка, што, маўляў, „за цывілізаваным сьветам мы ня пойдзем“, і яна аказалася нядрэннай. Я перакладу яе на агульнапрынятую мову: мы пойдзем тым шляхам, які прымальны для нашага грамадзтва».

Паводле эканаміста Паўла Данэйкі, цэлы шэраг рэфарматараў постсацыялізму былі ідэолягамі. А ідэолягі — будзь то камуніст альбо лібэрал — небясьпечныя для грамадзтва, таму што яны ведаюць правільныя адказы да пачатку аналізу, да пачатку дыскусіі, кажа Данэйка. Паводле яго, рашэньні знаходзяцца, калі яны грунтуюцца на пэўным дыялёгу ў грамадзтве, і ў Беларусі ён ідзе, хоць, магчыма, ня ў тых формах, якія мы прызвычаіліся бачыць у разьвітых краінах.

«Калі мы былі маладыя, я думаў, што калі аддаць дзяржаўную ўласнасьць у прыватныя рукі, гэта будзе прыватная ўласнасьць. Гэта памылка. Гэта будуць людзі, якія валодаюць уласнасьцю, што стварыла дзяржава. І гэтыя людзі будуць фармаваць новыя адносіны зь дзяржавай — аднак гэта яшчэ ня рынкавая эканоміка.

Рынкавая эканоміка — гэта тысячы і тысячы элемэнтаў, якія мы ствараем паступова і павольна. Для выніку рэформаў трэба 50 гадоў. 25 прайшло. Засталося яшчэ 25», — выказаў сваё меркаваньне эканаміст Павал Данэйка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG