На жалобную імпрэзу да 75-годзьдзя зьнішчэньня Менскага гета каля мэмарыялу «Яма» сабраліся некалькі сотняў чалавек. Сярод іх нашчадкі вязьняў гета, замежныя госьці, дыпляматы, прадстаўнікі розных канфэсій.
Пагромы рабілі па сьвятах
На сёньняшні дзень у Менску жывуць 54 вязьні гета, у асноўным гэта тыя, хто ў вайну быў дзіцем, як Фрыда Рэйзман. У 1941 годзе ёй было 6 гадоў. Яна ўзгадвае, што за 2 гады і 4 месяцы перажыла 6 пагромаў і багата аблаваў. Усе ахвяры, акрамя забітых падчас першага пагрому, ляжаць у Трасьцянцы. У гета загінуў і яе 16-гадовы брат Міша. Астатнім сямейнікам удалося выжыць.
«У гета не было ні ежы, ні вады, ні цяпла. Пагромы звычайна праводзіліся па вялікіх савецкіх сьвятах. Пасьля аднаго з пагромаў на вуліцы Абутковай цякла рака крыві... Я памятаю вочы дзяцей, што сядзелі ў сутарэньнях дзіцячага дома тут, на вуліцы Заслаўскай. Я памятаю той холад, як, седзячы ў яме-магіле, я чула крокі фашыста. А пасьля начных аблаваў я бачыла такое, пра што дагэтуль не магу гаварыць...» — не хавае сьлёз Фрыда Рэйзман.
Процістаяць любым праявам ксэнафобіі, — міністар Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў, што сама думка пра магчымасьць такога маштабнага, мэтанакіраванага зьнішчэньня людзей іншымі людзьмі не ўкладаецца ў сьвядомасьці, глыбока скаланае і раніць душу.
«Думаючы пра будучыню нашых дзяцей, мы не павінны забывацца пра тысячы загінулых у полымі Галакосту. Мы ніколі не даведаемся, чаго б яны дасягнулі, калі б вырасьлі, якімі лідэрамі маглі б стаць, якое шчасьце маглі б прынесьці сваім блізкім, сваёй краіне і свайму народу. Карыстаючыся прысутнасьцю тут былых вязьняў гета, чальцоў іх сем’яў, хачу яшчэ раз выказаць захапленьне мужнасьцю і стойкасьцю гэтых людзей. Наша задача, задача ўсіх жыхароў зямлі — зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася.
Мы павінны процістаяць любым праявам ксэнафобіі і расізму, выступаць супраць любых праяваў этнічнай і рэлігійнай нянавісьці. Сёньня ў Беларусі робяць усё, каб захаваць памяць пра ахвяраў Галакосту, гарантаваць роўнасьць перад законам кожнаму чалавеку, незалежна ад расы, колеру скуры, нацыянальнага або этнічнага паходжаньня», — заявіў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей.
У Беларусі загінула каля 1 мільёна габрэяў
Міністарка аліі і інтэграцыі Дзяржавы Ізраіль, сустаршыня сумеснага беларуска-ізраільскага камітэту па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве, дэпутат Кнэсэту Софа Ландвэр падзякавала Беларусі за захаваньне памяці пра ахвяраў Галакосту.
Мэмарыяльны комплекс «Яма» яна назвала адным з самых пранікнёных помнікаў ахвярам Другой усясьветнай вайны. Софа Ландвэр сказала, што родам зь Менску некалькі пакаленьняў яе сям’і — бацькі яе маці страцілі тут трох сыноў, бабуля разам з братам ваявала і загінула ў партызанскім атрадзе, яе бацька-падпалкоўнік прайшоў усю вайну і пасьля дэмабілізацыі вярнуўся ў Менск.
«Немагчыма зразумець, як у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя сьвет пагрузіўся ў вір жудаснай бойні, як атрымалася, што цэлыя сем’і зьнішчаліся толькі за тое, што яны ня ўпісваліся ў ідэалёгію нацысцкіх ідэолягаў аб чысьціні расы!
Амаль тысячу гадоў Беларусь была для габрэяў бацькоўскім домам. Габрэйская Беларусь падаравала сьвету Марка Шагала, Хаіма Суціна, Мэнахема Бэгіна, Шымона Пэрэса. Я добра ведаю гісторыю беларускага народу, аднаго з самых спакойных, цярплівых і добразычлівых народаў сьвету. Менавіта па ім вайна нанесла ўдар велізарнай сілы, выкасіўшы амаль 1 мільён габрэяў», — сказала Софа Ландвэр.
Немцы асэнсоўваюць адказнасьць, — амбасадар ФРГ
Пасол ФРГ Пэтэр Дэтмар запэўніў прысутных, якія перажылі вайну, а таксама нашчадкаў ахвяр, што немцы асэнсоўваюць, якую адказнасьць за злачынствы сваіх землякоў яны нясуць да сёньняшняга дня.
«Мэмарыяльны комплекс „Яма“, як і многія іншыя месцы ў вашай краіне, — гэта месца жаху. Але ён стаў таксама месцам сустрэчы і замірэньня. Як аднойчы сказаў былы фэдэральны прэзыдэнт Ёахім Гаўк, „замірэньне — гэта цэльны дар, які ніколі нельга адымаць па патрабаваньні, тым больш па прымусе. Аб замірэньні можна толькі прасіць і атрымаць яго ў дар“», — сказаў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар.
На яго думку, найлепшай страхоўкай ад нацыянальнай варажнечы, таталітарызму, фашызму, нацыянал-сацыялізму будзе жывая памяць і актыўнае асэнсаваньне гісторыі.
«Менавіта на нас, немцах, ляжыць асаблівая адказнасьць заклікаць, каб ніколі больш, менавіта таму, што многія немцы мелі дачыненьне да злачынстваў. У гэтых словах — „каб ніколі больш“ — палягае разуменьне таго, што для нас, немцаў, азначаюць віна, місія і адказнасьць. У гэтае паняцьце ўваходзіць задача перадаць будучым пакаленьням досьвед жахлівага мінулага як папярэджаньне і процістаяць тым, хто яго ігнаруе. Мы, нашчадкі, абяцаем, што не забудзем жахі гісторыі, што захаваем памяць пра ахвяры», — падкрэсьліў амбасадар Нямеччыны ў Беларусі.
Да мэмарыялу «Яма» ўсклалі тысячы жывых кветак.