Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША даюць Эр-Рыяду яшчэ некалькі дзён на расьсьледаваньне «справы Хашокджы»


Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа
Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа

Злучаныя Штаты гатовыя даць Савудаўскай Арабіі «яшчэ некалькі дзён» на расьсьледаваньне зьнікненьня апазыцыйнага журналіста Джамаля Хашокджы. Пра гэта ў чацьвер заявіў у Вашынгтоне дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Ён вярнуўся ў Вашынгтон з Эр-Рыяду, куды тэрмінова вылецеў у сувязі са справай Хашокджы і распавёў у чацьвер прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу аб выніках сваёй паездкі.

Паводле Пампэа, савудаўскія ўлады запэўнілі яго, што правядуць дбайнае расьсьледаваньне. Дзяржсакратар сказаў, што ў Вашынгтоне чакаюць яго вынікаў у бліжэйшыя дні, пасьля чаго прымуць рашэньне аб далейшых кроках.

Джамаль Хашокджы, уплывовага журналіста, які жыў у ЗША і крытыкаваў савудаўскага насьледнага прынца Махамэда, ніхто ня бачыў пасьля таго, як ён 2 кастрычніка зайшоў у будынак савудаўскага консульства ў Стамбуле. Улады Турэччыны выказалі падазрэньне, што ён быў забіты ў будынку консульства. Турэцкія СМІ ў апошнія дні апублікавалі розныя матэрыялы, якія сьведчаць на карысьць вэрсіі аб наўмысным забойстве журналіста.

Афіцыйны Вашынгтон пакуль не вылучаў абвінавачваньняў на адрас Эр-Рыяду, аднак запатрабаваў расьсьледаваньня. Абставіны справы вывучае сумесная турэцка-савудаўская сьледчая група. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ў чацьвер заклікалі правесьці расьсьледаваньне на ўзроўні ААН.

З-за сытуацыі са зьнікненьнем Хашокджы шматлікія кампаніі і прыватныя інвэстары адмовіліся ад удзелу ў бізнэс-форуме ў Савудаўскай Арабіі на наступным тыдні. У чацьвер аб сваёй адмове ехаць на форум пасьля сустрэчы з Трампам і Пампэа заявіў міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG