Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША нанесьлі маштабныя ўдары па емэнскіх хусітах


Пасьля ўдару па еменскім горадзе Сана, 15 сакавіка 2025
Пасьля ўдару па еменскім горадзе Сана, 15 сакавіка 2025

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у суботу аддаў загад нанесьці маштабныя ваенныя ўдары па хусітах у Емэне ў сувязі з нападамі гэтай групоўкі на суднаходства ў Чырвоным моры.

Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка хусітаў, загінуў як найменей 31 чалавек, больш за 100 былі параненыя.

Прэзыдэнт ЗША таксама папярэдзіў Іран, які лічыцца галоўным саюзьнікам хусітаў, што яму трэба неадкладна спыніць падтрымку групоўкі. Паводле Трампа, калі Іран будзе пагражаць Злучаным Штатам, «Амэрыка прыцягне вас да поўнай адказнасьці».

Цяперашнія ўдары — самая буйная ваенная апэрацыя ЗША на Блізкім Усходзе з моманту ўступленьня Трампа на пасаду ў студзені. Гэта адбылося, калі Злучаныя Штаты ўзмацнілі санкцыйны ціск на Тэгеран, спрабуючы пасадзіць яго за стол перамоваў па ядзернай праграме. Reuters паведамляе са спасылкай на неназванага амэрыканскага чыноўніка, што ўдары могуць працягвацца тыднямі.

«Для ўсіх тэрарыстаў-хусітаў: ВАШ ЧАС МІНУЎ, І ВАШЫ АТАКІ ПАВІННЫ СПЫНІЦЦА, ПАЧЫНАЮЧЫ АД СЁНЬНЯ. КАЛІ ГЭТАГА НЕ АДБУДЗЕЦЦА, НА ВАС ЗЬ ПЕКЛА ПРАЛЬЕЦЦА ДОЖДЖ, ЯКОГА ВЫ ЯШЧЭ НЯ БАЧЫЛІ!» — напісаў Трамп у суботу ў сваёй сацсетцы Truth Social.

Палітбюро хусітаў назвала напады «ваенным злачынствам». «Нашы емэнскія ўзброеныя сілы цалкам гатовыя адказаць на эскаляцыю эскаляцыяй», — гаворыцца ў заяве.

Хто такія хусіты

Ісламская радыкальная групоўка хусітаў «Ансар Ала» кантралюе паўночную частку Емэну, уключаючы частку марскога ўзбярэжжа. Створаны імі ўрад не прызнаны пераважнай большасьцю краін сьвету.

У канцы 2023 году хусіты абвясьцілі, што ўключаюцца ў вайну супраць Ізраіля на баку групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, і пачалі атакаваць зьвязаныя зь Ізраілем, а таксама з ЗША і іхнымі саюзьнікамі караблі ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы. Аднак многія з атакаваных суднаў маюць мала агульнага ці ўвогуле не зьвязаныя з канфліктам у сэктары Газа.

Прадстаўнік Пэнтагону заявіў, што з 2023 году хусіты 174 разы атакавалі амэрыканскія ваенныя караблі і напалі на 145 камэрцыйных суднаў.

Праз Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбскі праліў і Адэнскі заліў ля берагоў Емэна ажыцьцяўляецца каля 12% усяго гандлёвага суднаходства ў сьвеце, у тым ліку каля 30% усіх кантэйнэрных перавозак. Пасьля пачатку нападаў хусітаў на гандлёвыя судны многія суднаходныя кампаніі былі вымушаныя выбіраць іншыя маршруты, што значна зацягвае і робіць даражэйшымі перавозкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG