Ён напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X:
«Калі Радыё Свабодная Эўропа пачало трансьляцыю, яно было маяком для тых, каго таталітарызм пазбавіў праўды. [Чэскія дысыдэнты] Пэраўтка, Тыгрыд і іншыя выгнаньнікі словамі змагаліся супраць цэнзуры і хлусьні. Сёньня сытуацыя не адрозьніваецца ад той.
Ад Беларусі да Ірану, ад Расеі да Афганістану, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і Голас Амэрыкі застаюцца сярод нешматлікіх крыніцаў свабоднай інфармацыі для тых, хто жыве пад прыгнётам. Заглушыць іх было б стратай ня толькі для іх, але і для ўсіх нас, хто верыць у дэмакратыю».
Увечары 14 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, накіраваны на скарачэньне сямі фэдэральных агенцтваў, у тым ліку Агенцтва глябальных мэдыя ЗША (USAGM), якое апякуецца Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (РСЭ/РС) і іншымі дзяржаўнымі мэдыярэсурсамі.
Указ таксама закранае агенцтвы, якія займаюцца пытаньнямі бяздомнасьці, працоўных спрэчак і разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.
«На працягу 7 дзён з даты падпісаньня гэтага ўказу кіраўнік кожнай з пералічаных [у дакумэнце] дзяржаўных установаў павінен падаць дырэктару Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня справаздачу, якая пацьвярджае поўнае выкананьне ўказу, а таксама тлумачыць, якія падразьдзелы або функцыі гэтай установы прадпісаныя законам і ў якой ступені», — гаворыцца ў тэксьце ўказу.
Празь некалькі гадзін пасьля публікацыі ўказу СМІ распаўсюдзілі ліст USAGM, у якім гаварылася, што ўхвалены Кангрэсам грант, які фінансуе РСЭ/РС, быў спынены.
Ліст падпісала Кэры Лэйк, якая пазначыла сваю пасаду як старэйшы дарадца выканаўцы абавязкаў генэральнага дырэктара USAGM з паўнамоцтвамі, дэлегаванымі выканаўцам абавязкаў генэральнага дырэктара.
Лэйк была вылучана Трампам на пасаду кіраўніка Голасу Амэрыкі, хаця яе кандыдатура ўсё яшчэ павінна быць ухваленая Кансультацыйнай радай міжнароднага вяшчаньня.
Прэзыдэнт і галоўны выканаўчы дырэктар РСЭ/РС Стывэн Капус сказаў, што скасаваньне пагадненьня аб гранце стане «велізарным падарункам ворагам Амэрыкі».
«Іранскія аятолы, кітайскія камуністычныя лідэры і аўтакраты ў Маскве і Менску будуць сьвяткаваць спыненьне існаваньня РСЭ/РС пасьля 75 гадоў. Перамога нашых супернікаў зробіць іх мацнейшымі, а Амэрыку слабейшымі», — сказаў ён.
«Мы карысталіся моцнай двухпартыйнай падтрымкай на працягу ўсёй слаўнай гісторыі РСЭ/РС. Бяз нас амаль 50 мільёнаў чалавек у закрытых грамадзтвах, якія кожны тыдзень залежаць ад нас у атрыманьні дакладных навін і інфармацыі, ня будуць мець доступу да праўды аб Амэрыцы і сьвеце», — дадаў Капус.
USAGM — гэта незалежнае дзяржаўнае агенцтва ЗША, якое ажыцьцяўляе вяшчаньне навін і інфармацыйных праграм амаль на 50 мовах для аўдыторыі прыкладна 361 мільён чалавек кожны тыдзень.
Бюджэтны запыт USAGM на 2025 фінансавы год склаў 950 мільёнаў даляраў, што павінна пакрыць усе яго апэрацыйныя выдаткі і капітальныя ўкладаньні. У бюджэт уваходзяць мэдыяплятформы:
- Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа (РСЭ/РС),
- Голас Амэрыкі,
- Радыё Свабодная Азія,
- Офіс радыёвяшчаньня на Кубу (Radio Martí),
- Блізкаўсходнія радыёвяшчальныя сеткі (MBN)
- Фонд адкрытых тэхналёгій.
«Абуральна, што Белы дом спрабуе зьнішчыць фінансаванае Кангрэсам агенцтва падтрымкі незалежнай журналістыкі, якая кідае выклік наратывам аўтарытарных рэжымаў па ўсім сьвеце», — заявіў Карляс Мартынес дэ ля Сэрна, дырэктар праграм Камітэту абароны журналістаў, у сваёй заяве 15 сакавіка.
«Мы заклікаем лідэраў Кангрэсу абараніць гэтае найважнейшае агенцтва, якое дае неадцэнзураваныя навіны ў краінах, дзе прэса абмежавана».
Падчас свайго першага тэрміну прэзыдэнцтва Трамп, які ад моманту вяртаньня ў Белы дом у студзені прыняў шэраг захадаў па скарачэньні дзяржаўных выдаткаў, канфліктаваў з USAGM наконт рэдакцыйнай незалежнасьці і накірунку праграм.
Пасьля вяртаньня да ўлады ён зноў выказаў падобныя перасьцярогі. Прыхільнікі USAGM лічаць, што гэтыя мэдыярэсурсы зьяўляюцца важным інструмэнтам дыпляматыі ЗША.
Акрамя USAGM, пад дзеяньне ўказу патрапілі:
- Фэдэральная служба пасярэдніцтва і прымірэньня
- Міжнародны цэнтар навукоўцаў Вудра Вільсана пры Смітсанаўскім інстытуце
- Інстытут музэйных і бібліятэчных паслугаў
- Міжведамасная рада ЗША ў пытаньнях бяздомнасьці
- Фонд фінансавых інстытутаў разьвіцьця супольнасьцяў
- Агенцтва разьвіцьця бізнэсу нацыянальных меншасьцяў.