Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Сэрбіі сказаў, што ўлады атрымалі «пасланьне» пасьля масавых пратэстаў у Бялградзе


Удзельнікі пратэсту ў Бялградзе 15 сакавіка 2025 увечары ўключылі ліхтарыкі на сваіх мабільных тэлефонах
Удзельнікі пратэсту ў Бялградзе 15 сакавіка 2025 увечары ўключылі ліхтарыкі на сваіх мабільных тэлефонах

Пасьля масавых вулічных пратэстаў у сэрбскай сталіцы ў суботу прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч прызнаў «велізарную нэгатыўную энэргію і гнеў», накіраваныя на ўлады краіны, і паабяцаў, што «нам давядзецца памяняцца».

«Усе людзі ва ўрадзе павінны разумець пасланьне, калі зьбіраецца такая колькасьць людзей. Нам давядзецца памяняцца», — сказаў ён на прэс-канфэрэнцыі 15 сакавіка.

Вучыч сказаў, што, паводле ацэнак уладаў, колькасьць пратэстоўцаў на вуліцах Бялграду была ад 88 000 да 107 000 чалавек.

Пры гэтым Архіў грамадзкіх сходаў, нефармальная арганізацыя, якая ацэньвае колькасьць пратэставых натоўпаў у Сэрбіі, назваў колькасьць людзей, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыі ў Бялградзе, ад 275 000 да 325 000 чалавек.

Дэманстранты прыбылі ў сталіцу з усёй Сэрбіі — пешшу, на роварах і матацыклах, паведамляла Балканская служба Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.

Напярэдадні прэзыдэнт Вучыч заявіў, што прасіў паліцыю праяўляць стрыманасьць.

Вялікія групы прыхільнікаў Вучыча таксама прыбылі ў Бялград у апошнія дні, сканцэнтраваўшыся ў парку каля яго офіса, таксама ў цэнтры гораду, у гэты лягер прывезьлі трактары, каб абазначыць тэрыторыю. Да раніцы суботы ў многіх з гэтых трактароў спусьцілі шыны, на некаторых зь іх былі налепкі з акрываўленай рукой і заклікам да пратэстаў. Паліцыя паведаміла, што ў некаторых трактароў ёсьць іншыя пашкоджаньні, у тым ліку разьбітыя вокны або вырваныя дзьверы. Затрымалі двух чалавек.

Падчас акцыі пратэсту ў суботу ў натоўп заехаў аўтамабіль BMW. Пацярпелі тры чалавекі, у іх лёгкія траўмы. Кіроўца спрабаваў уцячы, але яго затрымала паліцыя.

У інтэрнэце распаўсюджвалі відэакадры інцыдэнту. На іх бачна, як кіроўца заяжджае ў натоўп людзей, калі яны ідуць па вуліцы, а затым уцякае зь месца здарэньня.

Масавыя пратэсты ў Сэрбіі працягваюцца з восені 2024 году. Яны пачаліся пасьля трагедыі ў Нові-Садзе, дзе ў выніку абвалу бэтоннага навеса ля чыгуначнага вакзала загінулі 15 чалавек. Дэманстранты патрабуюць пакараць вінаватых і адправіць у адстаўку кіраўніцтва краіны, у тым ліку прэзыдэнта Аляксандра Вучыча. На тле пратэстаў у студзені 2025 году прэм’ер-міністар Сэрбіі Мілаш Вучавіч падаў у адстаўку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG