Пасля нападак праўладных актывістаў у Менску закрылі выставу «Беларускі бэстыярый». Праца выставы ў галерэі «Мастацтва» плянавалася да 22 сакавіка, але 13 сакавіка ў сацыяльных сетках праекту зьявіўся допіс аб закрыцьці экспазыцыі. Наведаць яе можна было ўсяго два дні.
«Сябры! Зь незалежных ад нас прычынаў выстава „Беларускага бэстыярыю“ закрытая. Экскурсіяў больш ня будзе», — паведамілі арганізатары.
Аўтары выставы дадалі, што аўдыягід экспазыцыі зробяць агульнадаступным.
Аўтары праекта Валянцін Дэльвеста, муж і жонка Яўген і Яўгенія Кот аб’ядналі ў адной экспазыцыйнай прасторы пэрсанажаў беларускіх казак, мітаў, паданьняў і легендаў, пісала пра адкрыцьцё выставы дзяржаўная газэта «Звязда».
«Мы займаемся гэтай тэмай каля дзесяці гадоў. „Нашыя“ пэрсанажы сабраныя з усіх канцоў краіны і прэзэнтаваныя на выставе з указаньнем месцаў іх «жыхарства». Мы абодва дызайнэры, але працуем у розных кірунках: Яўген стварае ілюстрацыі, а Яўгенія вырабляе арт-аб’екты ў зьмешанай тэхніцы, выкарыстоўваючы палімэрную гліну, пап’е-машэ, тэкстыль і іншыя прыродныя матэрыялы. Выстава ў Менску для нас першая, раней мы выстаўляліся ў музэях Гомля, у Бярэзінскім запаведніку», — расказалі газэце «Звязда» Яўген і Яўгенія Кот.
12 сакавіка, на другі дзень пасьля адкрыцьця выставы, тэмай экспазыцыі абурылася праўладная актывістка і мастачка Сьвятлана Жыгімонт, паведаміла «Наша ніва».
«Цудоўныя выставы праходзяць у Палацы ў Вялікі пост», — напісала яна.
Яе незадаволенасць падхапілі Вольга Бондарава і Аляксандар Плавінскі. Яны ўгледзелі ў тэматыцы беларускіх мітаў і казак «сатанізм» і «нэапаганства».
Форум