У праекце, які цыркулюе ўнутры адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, пералічаныя тры ўзроўні краін, грамадзяне якіх могуць сутыкнуцца з абмежаваньнямі на ўезд у Злучаныя Штаты, піша The New York Times са спасылкай на амэрыканскіх чыноўнікаў, знаёмых з пытаньнем. Усяго ў праекце сьпісу 43 краіны.
Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзіла агенцтва Reuters, якое таксама азнаёмілася з унутраным мэмарандумам.
Самы строгі ўзровень абмежаваньняў будзе катэгарычна забараняць грамадзянам 11 краін уезд у Злучаныя Штаты.
Праект, распрацаваны дыпляматычнымі і сілавымі службовымі асобамі, уключае ў «чырвоны» сьпіс наступныя краіны:
- Афганістан
- Бутан
- Куба
- Іран
- Лівія
- Паўночная Карэя
- Самалі
- Судан
- Сірыя
- Вэнэсуэла
- Емэн
«Аранжавы» сьпіс краін — тых, якім візы будуць рэзка абмежаваныя, але ня спыненыя.
У гэтых выпадках уезд можа быць дазволены для дзелавых паездак, але не асобам, якія падарожнічаюць па іміграцыйных або турыстычных візах. Грамадзяне з гэтага сьпісу таксама будуць праходзіць абавязковае асабістае сумоўе для атрыманьня візы. У яго прапануюць унесьці 10 краін:
- Беларусь
- Эрытрэю
- Гаіці
- Лаос
- М’янму
- Пакістан
- Расею
- Сьера-Леонэ
- Паўднёвы Судан
- Туркмэністан
Пасьля ўступленьня на пасаду Дональд Трамп выдаў указ, які патрабуе ад Дзярждэпартамэнту вызначыць краіны, «па якіх інфармацыя аб праверцы і скрынінгу настолькі недастатковая, што апраўдвае частковае або поўнае прыпыненьне прыёму грамадзян з гэтых краін». Ён даў дэпартамэнту 60 дзён на завяршэньне справаздачы для Белага дому па гэтым сьпісе, то бок ён павінен быць гатовы на наступным тыдні.
У «жоўтым» сьпісе, які дае 60 дзён для вырашэньня праблем:
- Ангола
- Антыгуа і Барбуда
- Бэнін
- Буркіна-Фасо
- Камбоджа
- Камэрун
- Каба-Вэрдэ
- Чад
- Рэспубліка Конга
- Дэмакратычная Рэспубліка Конга
- Дамініка
- Экватарыяльная Гвінэя
- Гамбія
- Лібэрыя
- Малаві
- Малі
- Маўрытанія
- Сэнт-Кітс і Нэвіс
- Сэнт-Люсія
- Сан-Таме і Прынсыпі
- Вануату
- Зімбабвэ
Чыноўнікі, якія размаўлялі на ўмовах ананімнасьці, папярэдзілі, што сьпіс быў распрацаваны Дзярждэпартамэнтам некалькі тыдняў таму, і што да таго часу, як ён паступіць у Белы дом, верагодныя зьмены.
Чыноўнікі пасольстваў і рэгіянальных бюро Дзярждэпартамэнту, а таксама спэцыялісты па бясьпецы іншых дэпартамэнтаў і разьведвальных службаў вывучаюць праект. Яны даюць камэнтары пра тое, ці зьяўляюцца апісаньні недахопаў у канкрэтных краінах дакладнымі альбо ці існуюць палітычныя прычыны — напрыклад, не рызыкаваць парушэньнем супрацоўніцтва па якім-небудзь іншым прыярытэце — каб перагледзець уключэньне некаторых краін.
Незразумела, ці будуць людзі зь дзейнымі візамі вызваленыя ад забароны ці іх візы будуць ануляваныя. Таксама незразумела, ці мае намер адміністрацыя вызваліць ад яго цяперашніх уладальнікаў грын-карт, якія ўжо атрымалі дазвол на законнае пастаяннае пражываньне.
20 студзеня Трамп выдаў указ, які патрабуе ўзмоцненай праверкі бясьпекі ўсіх замежнікаў, якія жадаюць уехаць у ЗША, для выяўленьня пагроз нацыянальнай бясьпецы.
Форум