Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля магілёўскай турмы галадае жанчына-інвалід, патрабуе спатканьня з арыштаваным мужам


Анжаліка Калатазішвілі ў альтанцы каля турмы
Анжаліка Калатазішвілі ў альтанцы каля турмы

Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі другія суткі галадае каля Магілёўскай турмы № 4. 48-гадовая жанчына, інвалід 1-й групы, дамагаецца, каб ёй далі спатканьне з мужам, якога два месяцы трымаюць тут у сьледчым ізалятары.

Яе мужу, грамадзяніну Грузіі Кахаберу Калатазішвілі, інкрымінуюць «захоўваньне, ужываньне і распаўсюд наркатычных сродкаў».

«Сьледчы не ідзе на кантакт»

Анжаліка пісала мужу двойчы на тыдзень, але ў лістах ад яго ня ўбачыла адказаў на свае пытаньні. З гэтага яна зрабіла выснову, што яе лісты да мужа не даходзяць, і захацела яго пабачыць.

«Я не прашу гадзіннага спатканьня. Мне будзе дастаткова пяці хвілінаў, каб пабачыць, у якім стане мой муж», — патлумачыла яна.

Аднак спатканьня сьледчы ёй не дазволіў.

«Ён не ідзе са мною на кантакт», — сказала галадоўніца.

Пасьля гэтага 25 верасьня ў Слаўгарадзе яна абвясьціла галадоўку. Пра сваю акцыю яна паведаміла праз электронную пошту ў адміністрацыю прэзыдэнта, міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. І 26 верасьня прыехала галадаць пад браму сьледчага ізалятару ў Магілёве.

Ахоўнікі турмы сказалі, што нельга галадаць каля папраўчай установы, і параілі праводзіць галадоўку каля Слаўгарадзкага аддзелу Сьледчага камітэту.

У той жа вечар у галадоўніцы моцна забалела галава — і яе забрала ад турмы «хуткая дапамога».

27 верасьня яна зноў вярнулася да турмы. «Буду галадаць да апошняй магчымасьці», — кажа Анжаліка Калатазішвілі.

«Мужа зьняволілі праз маё змаганьне за справядлівасьць»

Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа перасьледуюць празь яе ўпартасьць.

З 2014 году яна дамагаецца ад мэдыкаў кампэнсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.

Яна сьцьвярджае, што з-за памылковага анкалягічнага дыягназу ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе рацыю. Мэдыкі ж памылковасьць дыягназу не прызнаюць. Лячэньне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», — дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай мэдыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць апэрацыі на агульных падставах.

«Парэзалі, але раку не знайшлі». Як жанчына са Слаўгараду змагаецца за жыцьцё
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:48 0:00

Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі.

«Я мела сустрэчу з амбасадарам Грузіі, які абяцаў дапамогу, але сказаў, што ў чужой краіне мы госьці», — расказала Анжаліка Калатазішвілі.

Паводле яе, прадстаўнік амбасады Грузіі мае наведаць Кахабера Калатазішвілі 27 верасьня.

Анжаліка Калатазішвілі
Анжаліка Калатазішвілі

Юрыст: Даваць спатканьне са зьняволеным — права сьледчага

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа: беларускае заканадаўства прадугледжвае спатканьне са зьняволеным падчас сьледзтва, «як права органа, які вядзе працэс».

Павал Сапелка
Павал Сапелка

«Гэта не абавязак, а права ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, то бок сьледчы вырашае, ці даваць спатканьне. Пры гэтым адмову ён не абавязаны тлумачыць, — удакладняе экспэрт. — Як на мой погляд стандартам мусіць быць магчымасьць зьняволенага прынамсі гаварыць з роднымі праз тэлефон, аднак, і гэта не прадугледжана. У заканадаўстве мае быць прапісаны зразумелы пералік падставаў для спыненьня зносін зь сям’ёй, калі гэта можа паўплываць на хаду расьсьледаваньня».

Амбасада Грузіі: «Займаемся гэтым пытаньнем»

У амбасадзе Грузіі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю са зьняволеным Кахаберам Калатазішвілі, аргумэнтаваўшы гэтым тым, што «ня маюць права даваць інфармацыю пра сваіх грамадзян, якіх бароніць закон аб пэрсанальных дадзеных, трэцім асобам». У гутарцы са Свабодай прадстаўнік амбасады зазначыў:

«Амбасада займаецца гэтым пытаньнем і робіць усё магчымае для абароны нашага грамадзяніна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG