Новы лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, абраны 8 ліпеня, хоча пашырыць актыўнасьць партыі ў сацыяльных сетках.
«Мы працуем над тым, каб прыцягнуць у сацыяльныя сеткі тых партыйцаў, якіх там дагэтуль з розных прычынаў няма. Наша агульная пазыцыя такая — працаваць у сетках камандай, — сказаў Палякоў у інтэрвію Свабодзе.— Сёньня ўжо мала таго, што хтосьці з кіраўнікоў мае сваю старонку ў сеціве. Пераходзім на агульную працу, каб усе бачылі, што тут не адзін лідэр, а каманда АГП».
Зь цяперашніх чатырох кіраўнікоў АГП старшыня і адзін зь ягоных трох намесьнікаў жывуць у рэгіёнах: Палякоў — у Гомлі, Аляксей Кірыенка — у Магілёве.
«Гэта для нас не перашкода. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць дзейнічаць дыстанцыйна. Апошнюю партыйную палітраду я праводзіў онлайн з маршруткі, калі ехаў зь Менску да Гомля. І гэта ня стала перашкодай. Тут няма розьніцы, ці я сяджу ля кампутара дома, у менскім офісе, ці дзесьці ў дарозе», — кажа старшыня АГП.
Васіль Палякоў абраны новым лідэрам АГП
Разам з гэтым Васіль Палякоў лічыць для сябе актуальным пераезд у Менск.
«Ёсьць яшчэ вялікі кавалак працы, зьвязаны з афіцыйнымі сустрэчамі і паездкамі. Зь Менску да Віцебску — гэта адна адлегласьць, а з Гомля ў Віцебск значна далей і складаней», — кажа Палякоў.
Васіля Палякова абралі старшынём АГП 8 ліпеня. Да гэтага 18 год партыяй кіраваў Анатоль Лябедзька.