Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск павёз на сэсію ПА АБСЭ рэзалюцыю аб лічбавай эканоміцы


Архіўнае фота. Сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ 6 ліпеня 2017 году ў Менску
Архіўнае фота. Сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ 6 ліпеня 2017 году ў Менску

Афіцыйная дэлегацыя Беларусі павезла на сэсію ПА АБСЭ рэзалюцыю аб лічбавай эканоміцы. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі.

«На 27-й штогадовай летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), якая пачынаецца 7 ліпеня ў Бэрліне, мы прэзэнтуем адмысловую беларускую рэзалюцыю. Яна скіраваная на разьвіцьцё лічбавай эканомікі, а таксама прысьвечаная пытаньням эканамічнага росту ў рэгіёне АБСЭ, ліквідацыі розных перашкод і бар’ераў, гарманізацыі стандартаў і г.д.», — патлумачыў старшыня камісіі.

Валер Варанецкі (архіўнае фота, падчас сэсіі ПА АБСЭ 6 ліпеня 2017 году ў Менску)
Валер Варанецкі (архіўнае фота, падчас сэсіі ПА АБСЭ 6 ліпеня 2017 году ў Менску)

Ён падкрэсьліў, што сумневу наконт уключэньня беларускай прапановы ў парадак дня сэсіі няма, паколькі «мы ўжо перакрылі з гакам неабходны колькасны мінімум падтрымкі краінамі-ўдзельніцамі форуму нашай рэзалюцыі».

У склад дэлегацыі ўваходзяць тры сябры Нацыянальнага сходу: намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук і старшыні міжнародных камісій абедзьвюх палат Сяргей Рахманаў і Валер Варанецкі.

Падчас сэсіі ў прадстаўнікоў уладаў Беларусі заплянаваныя двухбаковыя сустрэчы з калегамі са Швайцарыі, Польшчы, Нямеччыны, Азэрбайджану ды некаторых іншых краін.

Асноўная тэма сэсіі — «Выкананьне абавязаньняў у рамках АБСЭ: роля парлямэнтаў». Удзельнікі сканцэнтруюцца на заканадаўчых мерах, якія скіраваныя на ўмацаваньне міжнароднага супрацоўніцтва і выкананьне абавязаньняў па падтрыманьні міру і бясьпекі ў рэгіёне АБСЭ.

Сэсія завершыцца 11 ліпеня выбарамі старшыні ПА АБСЭ і ягоных намесьнікаў. На гэтых галасаваньнях Беларусь будзе мець тры галасы, па колькасьці сяброў дэлегацыі.

26-я сэсія ПА АБСЭ летась праводзілася ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG