7 ліпеня — дзень народзінаў Янкі Купалы. Кіеўская карэспандэнтка Свабоды пашукала з гэтай нагоды ў архівах матэрыялы пра сяброўства беларускага песьняра з украінскім паэтам Паўлом Тычынам.
Янка Купала (1882–1942) і Паўло Тычына (1891–1967), якога лічаць найпапулярнейшым паэтам пачатку 20 стагодзьдзя ва Ўкраіне, былі сябрамі. Іх абодвух лічаць вызначальнымі асобамі для, адпаведна, беларускай і ўкраінскай нацыянальных літаратур. Купала і Тычына сябравалі, нягледзячы на дзевяцігадовую розьніцу ва ўзросьце, яны аднолькава захапляліся нацыянальным адраджэньнем пачатку ХХ стагодзьдзя, абодвух крытыкавалі як за «буржуазны нацыяналізм», так і за тое, што «апяваюць камуністычную партыю».
Пра некаторыя старонкі іхнага сяброўства распавядаюць дакумэнты, якія захоўваюцца ў Цэнтральным дзяржаўным музэі-архіве літаратуры і мастацтва Ўкраіны.
Знаёмства паэтаў
Паводле Паўла Тычыны, пазнаёміўся ён зь Янкам Купалам у 1914–1915 гадах, калі працаваў у кіеўскім часопісе «Світло».
Часопіс «Світло» выдаваўся ў Кіеве на ўкраінскай мове і лічыўся лібэральным. Але на пачатку 1915 году быў закрыты паводле распараджэньня кіеўскага губэрнатара: «приостановить на все время военного положения все периодические издания на малорусском, древне-еврейском языке и еврейском жаргоне». Тады адначасова з гэтым часопісам былі закрытыя яшчэ зь дзясятак украінскамоўных выданьняў.
Пасьля знаёмства дачыненьні Купалы і Тычыны не прыпыняліся — яны пільна сачылі за творчасьцю адзін аднаго, абменьваліся творамі, публікацыямі, віншавалі адзін аднаго са сьвятамі. А ліставаліся паміж сабою на сваіх родных мовах.
Адна формула жыцьця
Гістарычны пэрыяд абумовіў і падабенства жыцьцёвых ды творчых шляхоў гэтых паэтаў. Паўло Тычына пачынаў сваю творчасьць у 1907 годзе і да 1917 году ўваходзіў у «Брацтва самастойнікаў» — таемную арганізацыю, якая прапагандавала ідэі самастойнай Украіны. Украінскую рэвалюцыю 1917 году ён успрыняў як сьвята і працаваў у выданьні Цэнтральнай Рады УНР «Нова рада».
Складаны выбар абодвух паэтаў
У савецкі час, як і большасьць літаратараў ягонага пакаленьня, Паўло Тычына вымушаны быў выбіраць паміж жыцьцём і паэзіяй. Але, нягледзячы на абвінавачаньні ў буржуазным нацыяналізьме, ён стаў найбольш пасьпяховым савецкім украінскім паэтам і функцыянэрам — у розныя часы працаваў у шэрагу літаратурных выданьняў, Акадэміі навук УССР, быў міністрам адукацыі і старшынём Вярхоўнай Рады.
Паўло Тычына лічыўся своеасаблівым анёлам-ахоўнікам беларускіх літаратараў ва Ўкраіне — ён асабіста перакладаў іхныя творы на ўкраінскую мову і клапаціўся аб іх публікацыі. Але часам уплыву і аўтарытэту вядомага ўкраінскага паэта было недастаткова ва ўмовах тагачаснай сыстэмы, каб дапамагчы сваім беларускім сябрам.
У траўні 1930 году Янка Купала зьвярнуўся да Паўла Тычыны зь лістом, у якім цікавіўся, чаму ўкраінскае выдавецтва затрымлівае выданьне ягоных твораў на ўкраінскай мове:
«Хацелася б мне даведацца ад Вас, як стаіць справа з маім зборнікам перакладаў на ўкраінскую мову. Украінскае выдавецтва ні слоўка мне аб гэтым не павядоміла. Я шчыра прасіў бы Вас, Паўло Грыгоравіч, як-небудзь гэтую справу пасунуць наперад. Вас паслухаюць».
Адначасова, як вынікае з гэтага ж ліста, выдавецтва спыніла і выплату ганарараў за пераклады і рэдагаваньне зборніка.
Адметна, што якраз у гэты час у Беларусі пачынаецца кампанія супраць Купалы — яго абвяшчаюць «ідэолягам буржуазнага нацыянал-адраджэнства», родных раскулачваюць, а летам 1930-га і яго самога выклікаюць у ГПУ — дзяржаўнае палітупраўленьне пры НКВД — на допыт у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». І паўза з выданьнем ягоных перакладаў ва Ўкраіне можа быць зьвязаная якраз з гэтымі акалічнасьцямі.
«Паўлінка» па-ўкраінску
Клясычны твор Купалы «Паўлінка» зьявіўся на ўкраінскай мове таксама дзякуючы Паўлу Тычыну — ён пераклаў гэтую п’есу разам з паэтам Тэрэнам Масенкам, праз 10 гадоў пасьля гібелі беларускага песьняра. Але, у адрозьненьне ад тэатральных пастановак, пераклад выклікаў ва Ўкраіне шмат прэтэнзій. Магчыма, з гэтай прычыны камэдыя не зьявілася на ўкраінскай сцэне, як плянавалася, да 70-годзьдзя Янкі Купалы.
Паўло Тычына адрэагаваў на крытыку даволі рэзка:
«Рэцэнзэнт, відавочна, зласьлівы чалавек. Ён не разумее таго, што крытычныя заўвагі трэба рабіць наўпрост, пра галоўнае, у таварыскім тоне жадаць іх выправіць».
Заўвагі ж пераважна тычыліся пошуку больш дакладных аналягаў беларускіх слоў і спалучэньняў ва ўкраінскай мове — такіх, як «кірмаш», «засьцянковы шляхціч», «каморка», «боты», «мае якіх мухаў у носе», «тудэма-сюдэма». Найбольш дыскусій было пра тое, як правільна перакладаць палянізмы, якія выкарыстоўвалі Купалавы героі.
«Хочацца запытаць: каму гэтыя заўвагі? Перакладчыкам? Ці самому Купалу? Відавочна, Янку Купалу, бо гэта ж у Янкі Купалы чорным па белым напісана пра боты, і мы, перакладчыкі, нічога тут ад сябе не прыдумалі», — абураўся Паўло Тычына.
Ён вельмі хацеў, каб Купалаву камэдыю хутчэй пабачылі ўкраінскія гледачы, тым больш што пра гэта, як ён сьцьвярджаў, прасілі і тагачасны Камітэт у справах мастацтва, а таксама кіеўскія і абласныя тэатры.
Пераклад быў удасканалены. Але п’еса спазьнілася да юбілейнай даты беларускага літаратара. Яна была пастаўленая на сцэне Кіеўскага драматычнага тэатру імя Івана Франка толькі ў 1979 годзе. І гэта было прымеркавана да 60-годзьдзя стварэньня БССР, а не да юбілею Янкі Купалы.
Адметна, што п’есу на ўкраінскай сцэне тады паставіў беларускі рэжысэр Валеры Раеўскі, і ў ёй былі задзейнічаныя найлепшыя ўкраінскія акторы — Багдан Ступка, Нона Капяржынская, Паліна Куманчанка і Натальля Сумская, якая тады толькі пачынала тэатральную кар’еру. Мяркуючы па публікацыях у газэтах таго часу, тэатральная крытыка не шкадавала хвалебных эпітэтаў для гэтай пастаноўкі і актораў.
Летась купалаўская «Паўлінка» ў Тычынавым перакладзе зноў вярнулася на ўкраінскую сцэну. Цяпер — у афішах Чарнавецкага акадэмічнага абласнога музычна-драматычнага тэатру імя Вольгі Кабылянскай. Адметнасьць новай пастаноўкі ў тым, што акторы сьпяваюць песьні на беларускай мове.
«Мне захацелася паветра, дабрыні, сонца, людзей нармальных, можа нават у нейкім сэнсе наіўных у сваіх праявах дабрыні», — кажа рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля Вадзім Сікорскі.
Памёр, а не загінуў
Пасьля гібелі Янкі Купалы Паўло Тычына старанна зьбіраў у свой асабісты архіў усё зьвязанае зь імем беларускага калегі і сябра. У асобнай тэчцы — нават чарнавікі нэкралёгаў, якія рыхтаваліся да друку пасьля трагічнай весткі з Масквы.
Мяркуючы па архівах Паўла Тычыны, ва Ўкраіне ня ведалі падрабязнасьцяў здарэньня, а калі і ведалі, то ў дакумэнтах ня ўзгадвалі. У нэкралёгу, напісаным ад імя Саюзу савецкіх пісьменьнікаў Украіны і апублікаваным у тагачасным органе ЦК КП(б)У «Камуніст», паведамлялася:
«У ноч на 30 чэрвеня 1942 году памёр на 60 годзе жыцьця выдатны пісьменьнік нашай сацыялістычнай бацькаўшчыны, народны паэт Беларусі Янка Купала (псэўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча)».
Побач з нэкралёгам надрукаваны верш «Беларусам» (Памяці Янкі Купалы) украінскай паэтэсы Валянціны Ткачэнкі, якая лічылася ва Ўкраіне лірычным аўтарам — пісала вершы пра каханьне і прыроду.
Блытаніна з датай гібелі беларускага паэта прысутнічае і ў іншым дакумэнце — рукапісным нэкралёгу, што склаў яшчэ адзін украінскі пісьменьнік, Юры Мельнічук. Там спачатку была прастаўлена дата 1 ліпеня, а потым выпраўлена таксама на 30 чэрвеня:
«30 чэрвеня 1942 году мільёны чытачоў шматнацыянальнага Савецкага Саюзу даведаліся журботную вестку аб тым, што сьмерць вырвала з дружнай сям’і савецкіх паэтаў яе лепшага прадстаўніка — геніяльнага песьняра беларускага народа Янку Купалу».
Вершы Купалы ва ўкраінскай музыцы
Праз шэсьць гадоў пасьля гібелі Янкі Купалы ўкраінскі кампазытар Міхайла Верыкоўскі напіша на вершы Купалы дзьве песьні ў сваім цыкле «Калгасныя дуэты» — «Лён» ды «Вечарынка».
У школах Украіны Купалу не вывучаюць
Творы Янкі Купалы на ўкраінскую мову перакладалі найлепшыя ўкраінскія аўтары — Паўло Тычына, Максім Рыльскі, Уладзімір Сасюра, Дзьмітро Паўлычка, Сьцяпан Крыжаноўскі, Мікола Бажан ды іншыя. Але, нягледзячы на вялікую колькасьць перакладаў, Купалавы творы ня ўключаныя ў школьную праграму па вывучэньні замежнай літаратуры. Зь беларускіх аўтараў у сёмай клясе вывучаюць Васіля Быкава і чытаюць ягоную «Альпійскую баляду», і яшчэ адзін ягоны твор «Знак бяды» рэкамэндуюць для самастойнага чытаньня.
Выданьні Янкі Купалы цяпер цяжка знайсьці і ў кнігарнях — зборнік «Найлепшай паэзіі Янкі Купалы» ў перакладзе Дзьмітра Паўлычкі можна набыць у электроннай вэрсіі.
У гонар Янкі Купалы названыя вуліцы ў Кіеве, Львове, Луцку і акупаванай цяпер Макееўцы Данецкай вобласьці.