Народная актрыса Расеі Лія Ахеджакава («Службовы раман», «Масква сьлязам ня верыць», «Гараж» і інш.) сказала, што ведае пра Курапаты як месца масавых расстрэлаў, а навіну пра адкрыцьцё там рэстарану ўспрыняла эмацыйна.
«Божа, яны звар’яцелі? Хто гэтыя людзі? Яны б яшчэ туалет адчынілі на такім месцы! Крыжа на іх няма! "Крыжа няма" — ня ў тым сэнсе, што ня вераць, а што гэта мярзоцьце. Абы толькі грошы ўкласьці, абы бізнэс разьвіваўся. А сумленьне ж павінна быць хоць нейкае?
Трэба ж памятаць, што ёсьць і людзі гранічных учынкаў, і іх дакладна спаляць! Абавязкова знойдзецца нехта, хто ня будзе доўга ўгаворваць, казаць пра сумленьне, спаляць і ўсё.
Але я б усё ж заклікала да сумленьня. Там, дзе расстрэльвалі нявінных людзей, ставіць рэстаран, туалет, лазьню, пральню — ганебна!»
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты
Чытайце таксама: