У большасьці сваёй, гарады будаваліся мужчынамі і для мужчын. Той факт, што жанчыны складаюць прыблізна палову насельніцтва, нібыта недастатковы аргумэнт для таго, каб улічваць нашыя патрэбы ў плянаваньні гарадзкіх прастораў.
Наўрад ці гэта робіцца наўмысна — людзі, што займаюцца горадабудаўніцтвам, часта проста не задумваюцца пра спэцыфіку жаночага жыцьця. Але жанчыны маюць у горадзе асаблівыя патрэбы, і частка з іх абумоўлена фізіялёгіяй, а частка — сацыяльным ладам грамадзтва. Так ці інакш, каб нам жылося камфортней у сучасных гарадах, іх трэба пэўным чынам удасканальваць.
Безбар’ернае асяродзьдзе
У размовах пра пандусы ў грамадзкіх месцах акцэнт робіцца, як правіла, на людзях з інваліднасьцю, якія перасоўваюцца на вазках. Але велізарная частка «мэтавай аўдыторыі» — мамы з малымі дзецьмі — застаецца па-за увагай. Узровень драмы нібыта не той: гіпатэтычна, жанчына можа зацягнуць вазочак на пяты паверх бязь ліфта і прыпадымаць яго пры кожным пераходзе дарогі. І ўвогуле, замест вазочка можна выкарыстоўваць сьлінг.
Зрэшты, жанчыны і праўда знаходзяць выйсьце: надрываючы сьпіны, носяць вазочкі, носяць дзяцей у сьлінгах альбо выходзяць з дзіцём з кватэры толькі ў крайніх выпадках (у краму па прадукты, у аптэку па лекі). У апошнім выпадку падвышаецца ўзровень сацыяльнай ізаляцыі, раздражнёнасьці і эмацыйнай стомленасьці жанчыны. Але разуменьня маштабу праблемы на ўзроўні грамадзтва і дзяржавы ўсё яшчэ, здаецца, няма.
Можна доўга (і цалкам справядліва) даводзіць, як важна прыцягваць татаў да клопату пра дзяцей увогуле і да цяганьня вазочкаў у прыватнасьці. Але ў рэальнай Беларусі немаўлятамі займаюцца амаль заўжды жанчыны, і гэтага ня варта ігнараваць.
Аўтаматы з тампонамі і пракладкамі ў грамадзкіх прыбіральнях
Тое, што ў грамадзкіх прыбіральнях мусяць быць папера, мыла і ўмывальнік, — гэта нібыта аксіёма. Гэтыя прадметы забясьпечваюць так званы базавы ўзровень камфорту. Але адрозьнівацца мужчынскія і жаночыя прыбіральні (у месцах, дзе ёсьць такі падзел) павінны не толькі шыльдачкамі на ўваходзе і наяўнасьцю ці адсутнасьцю пісуараў.
Жанчынам у прыбіральнях патрэбныя пракладкі і тампоны, і гэта таксама аксіёма. У ідэале яны мусяць быць бясплатнымі, але нават калі давядзецца і заплаціць — гэта ўсё адно лепш, чым тое, што ёсьць сёньня.
Цяпер, калі ў грамадзкай прыбіральні жанчына бачыць, што мэнструацыя пачалася надта рана, альбо што ёй патрэбны новы гігіенічны сродак, а з сабой яго няма, яна вымушана ствараць часовую канструкцыю з туалетнай паперы і згадваць, дзе найбліжэйшая аптэка ці супэрмаркет. У дваццаць першым стагодзьдзі ў эўрапейскай сталіцы жанчыны абмотваюць майткі туалетнай паперай, бо іншага выйсьця ў іх няма.
Дзіцячыя пакоі і куточкі ў грамадзкіх месцах
У кавярнях, крамах, банках, офісных цэнтрах вельмі дарэчнымі будуць пакоі, дзе маці могуць пакінуць дзяцей у бясьпецы на нейкі час, пакуль будуць вырашаць свае справы.
На шчасьце, апошнім часам невялікія куточкі для дзяцей у крамах і офісах банкаў можна заўважыць усё часьцей. Бізнэс разумее, што гэта пытаньне ня толькі сацыяльнай адказнасьці, але і прыбытковасьці. Калі даць жанчынам магчымасьць адчуваць сябе, напрыклад, у краме больш камфортна і нават даць ім магчымасьць адпачыць ад дзіцяці некалькі хвілін, дык больш верагодна, што яны будуць часьцей прыходзіць у гэтае месца.
Сьвятлейшыя вуліцы
Вы можаце запярэчыць мне, што асьветленыя вуліцы — гэта агульначалавечая патрэба, але на цёмных вуліцах, завулках, паркоўках і іншых тэрыторыях мы больш баімся быць згвалчанымі. Часам мы вымушаныя зьмяняць маршрут альбо ўвогуле адмаўляцца ад наведваньня пэўных мерапрыемстваў, калі на нашым шляху аказваюцца ўчасткі без асьвятленьня.
Таксама мы вельмі добра ведаем, што калі на цёмнай вуліцы на нас сапраўды нападуць, дык частка віны з нападніка пяройдзе не на службы, якія адказваюць за асьвятленьне, а на нас саміх. У грамадзтве ўсё яшчэ папулярная думка, што ахвяра гвалту вінаватая ў тым, што зь ёй здарылася.
Столікі для замены пампэрсаў у грамадзкіх прыбіральнях
Безумоўна, такія столікі мусяць зьяўляцца ня толькі ў месцах, маркіраваных як жаночыя. Таты таксама павінны прымаць удзел у клопаце пра дзіця. Але давайце рэалістычна глядзець на цяперашнюю Беларусь: адпачынак па даглядзе за дзіцём цягнецца тры гады, і толькі у 1% выпадкаў у гэты адпачынак ідуць мужчыны. Такім чынам, клопат пра немаўлят у грамадзкіх месцах — гэта аўтаматычна клопат пра жанчын.
А пакуль што маці даводзіцца альбо дэманстраваць цуды вынаходлівасьці, пераапранаючы і мыючы дзіця ў прыбіральні «ў паветры», альбо проста не адыходзіць ад дома далей чым на кілямэтар.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.