Сьледчы камітэт па Менску распачаў крымінальную справу за атрыманьне хабару (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі) у дачыненьні да дырэктаркі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту, паведамляецца на афіцыйным сайце Сьледчага камітэту.
Паводле Сьледчага камітэту, галоўны трэнэр нацыянальнай каманды па інваспорце перадала ў якасьці хабару 15 тысяч даляраў кіраўніцы ўстановы за спрыяльнае вырашэньне пытаньня аб заключэньні новага працоўнага кантракту. Гэтую суму трэнэрка атрымала ў якасьцi ўзнагароджаньня за падрыхтоўку спартоўцаў, якія занялі прызавыя месцы на Паралімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.
раней дырэктарка дала зразумець, што толькі ў выпадку перадачы ёй грошай жанчына зможа працягнуць працу на пасадзе галоўнага трэнэра. 46-гадовая жанчына затрыманая, сьледчыя будуць хадайнічаць перад пракурорам аб ужываньні да яе меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Высьвятляюцца абставіны здарэньня, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.
«Ніхто ня мае права ганьбіць паралімпійскі спорт», — старшыня Паралімпійскага камітэту
«Ніхто ня мае права ганьбіць паралімпійскі спорт», — так пракамэнтаваў БелаПАН старшыня Паралімпійскага камітэту Алег Шэпель паведамленьне Сьледчага камітэту аб затрыманьні дырэктаркі Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Іны Рамановіч.
«Яшчэ на Паралімпіядзе ў Паўднёвай Карэі да мяне дайшла інфармацыя пра не зусім здаровую атмасфэру ў цэнтры, — сказаў Шэпель. — Я на месцы правёў сход з дэлегацыяй, на які не запрасіў толькі спартоўцаў. І сказаў: вось ёсьць такая інфармацыя, не ганьбіце паралімпійскай спорт. Я ня сьледчы, але калі даведаюся, што гэта было на самай справе, зраблю ўсё, каб з цэнтру (хоць ён і зьяўляецца падразьдзяленьнем Мінспорту) былі звольненыя як тыя, хто бярэ, так і тыя, хто дае».
Чутки пра затрыманьне Іны Рамановіч зьявіліся яшчэ 11 траўня, але ў камэнтары БелаПАН Рамановіч абвергла іх:
«Цяпер я знаходжуся ў вайсковым шпіталі. 8 траўня мне стала дрэнна», — паведаміла Рамановіч, якая ўзначальвае цэнтар каля году. Па словах дырэктаркі, яна была ў шоку і стрэсе ад таго, што яе імя зьвязваюць зь незаконнай дзейнасьцю. «Спадзяюся, у сытуацыі разьбяруцца. Хавацца я не зьбіраюся», — заявіла кіраўніца РЦАП.
У Міністэрстве спорту і турызму адзначаюць, што тэма барацьбы з карупцыяй уздымаецца на кожнай нарадзе, якую праводзіць новы міністар Сяргей Кавальчук з апаратам ведамства.
5 лютага быў затрыманы дырэктар менскага Палаца спорту Сяргей Праневіч. Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабараў. 15 лютага «за непрыняцьце дзейсных мераў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамасных арганізацыях» вызвалены ад пасады міністар спорту і турызму Аляксандр Шамко.
5 сакавіка на яго месца быў прызначаны былы супрацоўнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Сяргей Кавальчук. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, міністрам стаў талковы вайсковы чалавек, таму што ў галіне неабходна навесьці парадак.