Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы «Беларускі камітэт «Сябры» і тактычнай групы «Беларусь» сёньня наведалі мэмарыяльны комплекс «Быкаўнянскія магілы», дзе ўшанавалі памяць ахвяр палітычных рэпрэсіяў.
«Сёньня ва Ўкраіне ўшаноўваюць памяць нявінных ахвяр, і ў Быкаўні, як і ў Курапатах, пахаваныя прадстаўнкі розных нацыянальнасьцяў. Бяда бальшавізму закранула ўсіх, таму мы выказваем сваю салідарнасьць і пашану тым, каго зьнішчыў камуністычны рэжым», — сказаў беларускі актывіст Алег Аўчыньнікаў.
Беларускія актывісты разам са сваімі сябрамі-украінцамі ўсклалі кветкі да галоўнага помніка ў Быкаўні і разьмешчаных тут жа польскіх могілак. На дрэвах і крыжах яны прымацавалі бел-чырвона-белыя стужкі.
Мэмарыял «Быкаўнянскія магілы» адкрыты пад Кіевам у 1994 годзе. Паводле ацэнак спэцыялістаў, на гэтым месцы могуць быць пахаваныя да 100 тысяч грамадзян, расстраляных НКВД. У 2012 годзе побач з украінскім мэмарыялам былі пабудаваныя і польскія вайсковыя могілкі — у быкаўнянскім лесе пахаваныя каля 2 тысяч палякаў, расстраляных у 1940 годзе атрадамі НКВД паводле загаду Сталіна.
Мэмарыялы ахвяраў сталінізму ў Быкаўні і Курапатах — 6 падабенстваў і адрозьненьняў
У Быкаўні таксама пахаваныя і беларусы, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў ва Ўкраіне. Але на гэты момант дакладна высьветлена прозьвішча толькі аднаго зь іх — Уладзімера Брыля, брата беларускага пісьменьніка Янкі Брыля.
Уладзімер Брыль, безь віны расстраляны. Гісторыя жыцьця і сьмерці брата пісьменьніка ў дакумэнтах
Напярэдадні ўкраінскі мэмарыял наведалі прадстаўнікі беларускай грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», якія прывезьлі ў Кіеў выставу «Праўда пра Курапаты».