Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска з Сэулу: «Ніхто тут не чакае хуткага аб’яднаньня дзьвюх Карэяў»


Ганна Шмагун
Ганна Шмагун

Кіраўнікі Паўночнай і Паўднёвай Карэяў заявілі, што паміж дзьвюма краінамі пачынаецца «новая эра міру» і дамовіліся працаваць над ядзерным раззбраеньнем Карэйскай паўвыспы. Ці можна спадзявацца, што гэтае пацяпленьне пойдзе далей за дэклярацыю? Да якой ступені яно можа дайсьці?

Сваімі назіраньнямі за рэакцыяй і спадзяваньнямі паўднёвакарэйскага грамадзтва дзеліцца беларуска Ганна Шмагун, якая праходзіць навуковую стажыроўку ў Паўднёвай Карэі.

Як успрынялі жыхары Паўднёвай Карэі дамоўленасьці з КНДР?

— Яны лічаць іх вельмі значным крокам да нацыянальнага прымірэньня. Яшчэ пяць-дзесяць гадоў таму аб гэтым можна было толькі марыць. Кансэрватыўная правацэнтрысцкая партыя РК, якая да 2016 году мела большасьць у парлямэнце, была цалкам супраць прымірэньня з КНДР.

Цяпер гучаць толькі асобныя скептычныя галасы. Напрыклад, вядомы палітык Чжун Пхё (Hong Joon-pyo), які абраны кандыдатам у прэзыдэнты ад партыі «Свабодная Карэя», ацаніў дамоўленасьці з КНДР як «шоў, замаскаванае пад мір». Аднак, у параўнаньні з тым, што яшчэ нядаўна правацэнтрысты і чуць не хацелі пра прымірэньне, такія галасы цяпер — ня масавая зьява.

Усім памятаюцца міжкарэйскія саміты 2000, а потым 2007 году, калі таксама агучваліся добрыя намеры, а потым надыходзіла абвастрэньне. Правацэнтрысты лічаць цяперашнюю дэклярацыю фрагмэнтарнай і павярхоўнай — вельмі спрэчна, ці прымушае яе тэкст да дзеяньняў, зьвязаных з дэнуклеарызацыяй (стварэньнем бязьядзернай зоны). Пакуль КНДР не дэмантуе ядзерны палігон, санкцыі і ціск, адсутнасьць эканамічных стасункаў павінны захоўвацца, кажуць яны.​

Ганна Шмагун у Сэўле
Ганна Шмагун у Сэўле

Ці спадзяюцца ў Паўднёвай Карэі, што цяперашняе пацяпленьне пойдзе далей за дэклярацыі? І калі так, то наколькі далёка?

— Паводле маіх назіраньняў, так. Толькі спачатку, як я сказала, хочуць дачакацца канкрэтных крокаў па дэнуклеарызацыі Карэйскай паўвыспы. А потым ужо перайсьці да паглыбленьня эканамічнага супрацоўніцтва.

Аднак ніхто не спадзяецца на аб’яднаньне дзьвюх Карэяў у адну краіну ў найбліжэйшай будучыні.

Па-першае, занадта шмат часу краіны падзеленыя — больш як 70 гадоў. Грамадзтва сыходзіцца на думцы, што немагчыма аб’яднаць краіны хутка, прынамсі ў бліжэйшыя 100 гадоў.

Па-другое, ніхто не адмяняў розьніцу ў палітычных сыстэмах, а Кім Чэн Ын не зьбіраецца мяняць свой палітычны курс.

Паўднёвакарэйцы таксама лічаць, што трэба шмат часу, каб адукаваць насельніцтва КНДР, каб яно стала канкурэнтаздольным з насельніцтвам Паўднёвай Карэі. Тут маецца на ўвазе і адукацыйная, і тэхналягічная падрыхтоўка. Ёсьць, вядома ў КНДР добрая база для падрыхтоўкі ІТ-кадраў — унівэрсытэт імя Кім Ір Сэна — які рыхтуе «дзяржаўных хакераў». Але ён не для ўсіх — там існуе жорсткая праверка ідэалягічнага бэкграунду абiтурыентаў.

Не ў апошнюю чаргу стане перашкодай і пэўны моўны бар’ер: маецца на ўвазе і дыялект, і адрозьненьне ў лексыцы. У КНДР не выкарыстоўваюць замежных словаў, а ў РК распаўсюджаны так званы «конгліш»: у карэйскай мове зьявіліся і працягваюць зьяўляцца новыя словы, асыміляваныя з ангельскай, што тлумачыцца ўзаемным уплывам заходніх сацыяльна-палітычных сыстэмаў.

На побытавым узроўні шмат людзей насамрэч жадаюць нацыянальнага прымірэньня: «Мы адна нацыя, адбудзецца ўзьяднаньне сем’яў», — кажуць яны. Але ў той жа час іх пыл ахалоджвае разуменьне, што ў выпадку ўзьяднаньня яны павінны будуць плаціць значна большыя падаткі.

Хто, на думку, паўднёвакарэйцаў, больш выйграе ад дамоўленасьцяў, калі яны будуць рэалізаваныя? У чым яшчэ выгоды абедзьвюх Карэяў, акрамя відавочнай: міру?

— Насельніцтва КНДР праз кітайскі «чорны» інфармацый рынак мае ўяўленьне аб высокім узроўні жыцьця ў РК; прымірэньне з паўднёвымі суседзямі абяцае лепшыя эканамічныя ўмовы жыцьця.

КНДР цяпер эканамічна ізаляваная ад астатніх краінаў (спыніліся шчыльныя эканамічныя стасункі нават з Кітаем). Кім Чэн Ын лічыць, што КНДР можа стаць «другім Кітаем» праз супрацоўніцтва з РК: маецца на ўвазе захаваньне палітычнага рэжыму плюс пашырэньне эканамічнага патэнцыялу краіны.

КНДР зацікаўленая ў аднаўленьні паўднёвакарэйскіх інвэстыцыяў у прамысловы рэгіён Кэсон: гэта прамысловы парк, сумесна створаны Карэямі пасьля саміту-2000 на тэрыторыі КНДР. Тут вырабляюцца адзеньне, посуд, паўправаднікі, хімічная прадукцыя і шмат яшчэ што. Вытворчасьць дае шмат працоўных месцаў паўночнакарэйцам.


Карэязнаўца Ніна Шпітальнікава: «Парадаксальна, але жыцьцё ў КНДР у нечым прасьцейшае, чым у Эўропе»

Зь іншага боку, Паўднёвая Карэя таксама вельмі зацікаўленая ў эканамічных стасунках з КНДР. 123 прыватных паўднёвакарэйскіх кампаніяў мелі інвэстыцыі ў прамысловым комплексе Кэсон і панесьлі вялізарныя страты ў выніку абвастрэньня стасункаў. Паўднёвакарэйскі бізнэс зацікаўлены інвэставаць у КНДР пры ўмове нацыянальнага прымірэньня: у КНДР шмат, у параўнаньні з РК, карысных выкапняў, танная працоўная сіла.

Нацыянальная паўднёвакарэйская чыгуначная карпарацыя «Korail» бачыць для сябе магчымасьць выхаду на міжнародны рынак, бо Пханмунджомская дэклярацыя асобна пазначае магчымасьць злучэньня Паўночнай і Паўднёвай Карэі сеткай аўтамабільных і чыгуначных шляхоў.

Акрамя таго і сама Паўднёвая Карэя атрымае магчымасьць большых замежных інвэстыцыяў, бо цяпер, з прычыны напружанай сытуацыі з суседзямі, многія замежныя інвэстары ацэньваюць узровень інвэстыцыйных рызыкаў як вельмі высокі.

Ганна Шмагун — дасьледчыца ў галіне тэорыі і практыкі электроннага ўраду, кіраваньня інфармацыйнымі актывамі ў паслугах электроннага ўраду для грамадзянаў (дасьледчая праграма Паўднёвай Карэі Korea Foundation), спэцыяліст Cyberaan Ltd.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG