Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі авіярамонтны завод перапрафілююць пад выпуск новай прадукцыі


Дзьмітры Пантус падчас наведваньня Аршанскага авіярамонтнага заводу. Каляж з 2 фота прэс-службы Дзяржкамваенпраму
Дзьмітры Пантус падчас наведваньня Аршанскага авіярамонтнага заводу. Каляж з 2 фота прэс-службы Дзяржкамваенпраму

Усе прадпрыемствы Дзяржкамваенпраму ў Аршанскім рэгіёне «знаходзяцца ў працэсе мадэрнізацыі і перапрафіляваньня вытворчасьці» для выпуску «запатрабаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі», паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі.

Своечасовае завяршэньне мадэрнізацыі і перапрафіляваньня — на «асаблівым кантролі» ў старшыні Дзяржкамваенпраму Дзьмітрыя Пантуса, паведамілі ў ведамстве. 16 красавіка ён наведвае Аршанскі авіярамонтны завод, вытворчыя цэхі якога цяпер перапрафілююць, каб «павысіць якасьць паслуг па рамонце авіяцыйнай тэхнікі», а таксама пачаць выпускаць «новую і больш запатрабаваную прадукцыю».

Цяпер на заводзе пачынаюць рэалізаваць «маштабны праект, накіраваны на імпартазамяшчэньне ў галіне авіябудаваньня», паведамляе прэс-служба. Падрабязнасьці не агучваюцца. На фота зьлева бачна, як Дзьмітры Пантус стаіць, імаверна, каля пакуль не да канца сабранага бесьпілётніка.

Расея прапануе пабудаваць у Беларусі завод па вытворчасьці бесьпілётных авіяцыйных сыстэм з магутнасьцю да 100 тысяч адзінак штогод.

Акрамя Аршанскага авіярамонтнага заводу, у падпарадкаваньні Дзяржкамваенпраму ў Аршанскім раёне знаходзіцца завод «Тэхніка сувязі» ў Барані, якія зьяўляецца часткай холдынгу «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня», а таксама закрыты вытворча-тэхнічны клястар «Вусьце», дзе распрацоўваюць, мадэрнізуюць, вырабляюць і тэстуюць сродкі паражэньня розных тыпаў і клясаў.

Сёлета ў студзені Дзьмітры Пантус ужо наведваў абаронныя прадпрыемствы на Віцебшчыне, адзначае ведамства.

  • Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, падтрыманага ўладамі Беларусі, супраць Расеі і Беларусі пачалі ўводзіць міжнародныя санкцыі. У выніку краіны вымушаныя былі актывізаваць узаемную супрацу ў сфэрах, зьвязаных у тым ліку і з абароннай прамысловасьцю.
  • Праз пэўны час пасьля пачатку вайны шэраг беларускіх прадпрыемстваў пачалі выконваць расейскія замовы. Так, напрыклад, як мінімум 16 беларускіх прадпрыемстваў у той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасьці дэталяў снарадаў для расейскіх сыстэм залпавага агню БМ-21 «Град», вынікае з расьсьледаваньня аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol.
  • У пералік санкцый, уведзеных Эўразьвязам, ЗША, Вялікай Брытаніяй і Канадай былі ўключаныя Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт Беларусі, многія яго прадпрыемствы і асабіста Дзьмітры Пантус. Сярод прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, — Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне, Аршанскі авіярамонтны завод, Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), ААТ «КБ „Радар“», ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод», ААТ «Інтэграл», ТАА «Абаронныя ініцыятывы» і іншыя.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG