Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуска ў Нігерыі робіць кар’еру і займаецца дабрачыннасьцю


Сэнегальскае сафары
Сэнегальскае сафары

Для Аляксандры Папчанкі Афрыка стала другім домам. Усё пачалося з паездкі ў Гамбію і Сэнэгал шэсьць гадоў таму. Потым было валянтэрства ў Гане, вандроўкі ў Кенію і Танзанію. Апошнія 2,5 года жыве і працуе ў Нігерыі. На ўзьбярэжжы Атлянтыкі паўдзельнічала ў «вольным забегу» да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР, цяпер рыхтуе дабрачынны канцэрт у Менску, каб дапамагчы нігерыйскім дзецям.

Аляксандра зь Менску, нядаўна адзначыла 31-ы дзень нараджэньня. У 2010-м скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Яшчэ са студэнцкіх часоў пачала супрацу са сталічным піяр-агенцтвам, пасьля практыкавалася ў Гандлёва-прамысловай палаце, атрымала міжнародны досьвед у брытанскай кампаніі, якая спрабавала наладзіць бізнэс у Беларусі.

«Да машыны падбягае чалавек і пачынае каменем выбіваць шкло»

Пошукі ў сумежных сфэрах працягваліся, але так ці інакш гэта было зьвязана з маркетынгам або піяр-індустрыяй. Афрыка выключэньнем ня стала.

З валянтэрамі нігерыйскіх арганізацый
З валянтэрамі нігерыйскіх арганізацый

«Зацікаўленасьць Афрыкай здарылася 6 гадоў таму, калі я першы раз выправілася турысткай у Гамбію, — кажа Аляксандра Папчанка. — Пасьля быў вопыт валянтэрства ў Гане, некалькі месяцаў працавала настаўніцай у пачатковай школе. Таксама было некалькі паездак ва ўсходнюю частку. Я заўсёды мела жаданьне пажыць тут доўга, а ня проста прыехаць з вандроўкай. Таму пачала праглядаць варыянты, і неяк у Фэйсбуку пабачыла вакансію: шукалі чалавека, які валодае расейскай мовай і хацеў бы папрацаваць у Нігерыі».

Рэкрутынгам займаўся ўкраінскі мэдыяхолдынг. Кампанія рэалізуе шэраг праектаў па ўсім сьвеце, у Нігерыі трымае найвялікшы навінавы сайт. Цягам году Аляксандра працавала ў якасьці мэнэджэра па digital-маркетынгу, а калі пагадненьне падышло да завяршэньня, вырашыла застацца ў Афрыцы.

«Абсалютна шчыра скажу: мне Нігерыя спадабалася, захацелася тут застацца надалей, — прызнаецца дзяўчына. — Добры варыянт трапіўся даволі хутка, і на гэты момант я працую ў эўрапейскім рэклямным агенцтве, дзейнасьць якога скіраваная менавіта на краіны Афрыкі. Займаюся рэклямай, продажам, прасоўваньнем. Фактычна тое, з чаго пачынала яшчэ ў Менску, што ўмею і люблю рабіць».

Сярод малых пачатковай школы ў Гамбіі
Сярод малых пачатковай школы ў Гамбіі

Як і бальшыня афрыканскіх дзяржаў, Нігерыя наўрад ці можа пахваліцца высокім узроўнем грамадзкай бясьпекі. Яшчэ памятная драматычная гісторыя беларускі Ірыны Экпа-Умы, выкрадзенай у траўні 2007 году. За вызваленьне бандыты патрабавалі ад кампаніі-працадаўцы выкуп — больш як 1 мільён даляраў.

Цікаўныя дзеці Афрыкі
Цікаўныя дзеці Афрыкі

Аляксандра Папчанка чула пра жарсьці нулявых, але кажа, што цяпер крымінальная сытуацыя заўважна выправілася

«Цяпер нашмат лепей, — упэўненая суразмоўца. — Я чула гісторыі 10-15-гадовай даўнасьці, калі выкраданьне было звыклай справай. Магчыма, і сёньня бывае, але хіба адзінкавыя выпадкі. Няма навінаў, каб некага скралі і патрабавалі грошы. Дый раней гэта пагражала перадусім тым, хто працаваў у вялікай кампаніі або паходзіў з заможнай сям’і. Тады маглі ўзяць у закладнікі дзяцей, некага са сваякоў. Аднак гэта ня робіцца проста на вуліцы. Як правіла, прадуманая апэрацыя, у якой задзейнічаныя ахоўнікі, супрацоўнікі гэтай жа фірмы. Бо дакладна павінны ведаць, што выкуп будзе».

А вось што тычыцца высьвятленьня адносінаў, дык тое ня рэдкасьць для любога часу сутак — не перашкодай нават транспартны паток у цэнтры мэгаполісу.

Краявіды Лагасу
Краявіды Лагасу

«Разбоі здараюцца нават у дарожным трафіку, — кажа Аляксандра. — Могуць падысьці са зброяй, запатрабаваць тэлефон, грошы. І хоць гэта будзе ў патоку машын, якія ледзь рухаюцца ў заторы, ніхто ня выйдзе і не дапаможа. Нядаўна ехала ў таксі, раптам да суседняй машыны падбягае чалавек і пачынае каменем выбіваць шкло. Пару разоў стукнуў, але яно толькі трэснула, і ён пайшоў далей. Як сказаў мой кіроўца, мабыць, убачыў на крэсьле тэлефон і паспрабаваў такім чынам да яго дабрацца. Для нас дзікая сытуацыя, а тут фактычна нуль рэакцыі».

«Стаіць разваленая трушчоба, і побач едзе круты джып чыноўніка»

Нігерыя — вялізная краіна з насельніцтвам пад 200 мільёнаў чалавек і плошчай у пяць разоў большай за Беларусь. Лагас, дзе жыве Аляксандра Папчанка, уваходзіць у лік самых густанаселеных мэгаполісаў сьвету, тут блізу 20 мільёнаў жыхароў.

На вуліцах найбуйнейшана афрыканскага мэгаполісу
На вуліцах найбуйнейшана афрыканскага мэгаполісу

Нягледзячы на багацьце нетраў (перадусім нафта і газ), краіну цяжка аднесьці да ліку заможных — за выключэньнем невялічкай праслойкі тых, хто дапушчаны да дывідэндаў ад прыроднай рэнты.

«Асноўная частка насельніцтва жыве ў галечы, — кажа беларуска. — Чула, што сярэдні кляс у Нігерыі не перавышае 3% ад усёй колькасьці жыхароў, то бок разьбежка паміж фінансавай стабільнасьцю і павальным жабрацтвам гіганцкая. Шмат хто існуе проста ў непрыдатных умовах. І ў той жа час побач з трушчобамі едуць элітныя аўто чыноўнікаў, нафтавых дзялкоў. Нідзе ня бачыла столькі дарагіх машын, як тут. У заможнай Швайцарыі такога няма».

Гандляры гароднінай
Гандляры гароднінай

Паводле афіцыйных справаздачаў, Нігерыя — першы экспартэр нафты ў Афрыцы і восьмы ў сьвеце. Сыравіна мае найвышэйшыя тэхнічныя паказьнікі, што істотна зьніжае выдаткі на яе перапрацоўку. Продаж нафты дае 90% экспартных прыбыткаў — прыкладна 10 мільярдаў даляраў на год. Але куды ідуць тыя грошы — найвялікшая загадка нацыянальнай эканомікі.

«Жахлівая карупцыя, адсюль і ўсё астатняе, у тым ліку ўзровень жыцьця, — кажа беларуска. — Нафтавая краіна, але прыблізна тая ж сытуацыя, што і ў Расеі, толькі горш. Дзеліцца недзе наверсе, да нізоў не даходзіць. На сацыяльную сфэру наогул нічога ня траціцца. Таму на ўсіх узроўнях квітнее хабарніцтва. Спыняе «даішнік» — значыць, будзе прасіць грошай. Па-сяброўску, з усьмешкай, але настойліва (асабліва калі ты белы, то пэўна ня бедны). Ці бізнэс, які хоча зайсьці на мясцовы рынак. Акрамя дыджытал-сфэры, дзе больш лібэральна, іншыя пытаньні вырашаюцца праз «дай».

Мусульманскія жанчыны
Мусульманскія жанчыны

Калі беднякам наканавана нарадзіцца і памерці збольшага ў адной і той жа беспрасьветнасьці, дык клапатлівыя бацькі вышэйшага сацыяльнага рангу намагаюцца зрабіць усё, каб даць дзецям добрую адукацыю за мяжой і, па магчымасьці, мець запасны варыянт для адыходу.

«Дзеці чыноўнікаў, багатых навучаюцца звычайна ў ЗША, Брытаніі, — працягвае суразмоўца. — Там жа стараюцца і застацца, калі толькі ня робяць бізнэс дома. Тады вяртаюцца, працягваюць выпампоўваць грошы зь нетраў. Ня хочацца гнаць на краіну, але так і ёсьць. Будуць біць сабе ў грудзі, якія яны вялікія патрыёты, і разам з тым нігерыйцы па ўсім сьвеце. Так, хто ў навучаецца ў прэстыжных унівэрсытэтах Заходняй Эўропы ці Штатаў, -- далёка не звычайныя грамадзяне. Проста ня ўсе маюць такія магчымасьці».

Калі даход бацькоў больш сьціплы, а жаданьне пахваліцца статусам перад суседзямі і сваякамі моцнае, сыноў і дачок могуць паслаць у краіны «другога эшалёну». Некалі гэта быў Савецкі Саюз, цяпер раз-пораз у гэтым сьпісе фігуруе і Беларусь. Такіх студэнтаў Аляксандра Папчанка сама нямала сустракала, пакуль вучылася ў БДУ.

Лагас не ўваходзіць у лік самых чыстых гарадоў
Лагас не ўваходзіць у лік самых чыстых гарадоў

«Хто ў сродках абмежаваны, пасылаюць ва Ўсходнюю Эўропу — якраз прадстаўнікі сярэдняга клясу. Гэткі кампраміс паміж сьціплымі прыбыткамі і запаветным замежжам. Праўда, нават з атрыманай адукацыяй знайсьці працу будзе няпроста. Таму стараюцца там зачапіцца, неяк уладкавацца. Бо калі тут няма подступу, як кажуць, „да кармушкі“, будзе складана. Едуць у тым ліку ў Расею, пра яе прынамсі ведаюць. Што да Беларусі — добра, калі перапытаюць, ці не была яна ў СССР, але збольшага зьдзіўляюцца, што гэта асобная краіна».

«Рэлігійны чалавек ці не, ён верыць у традыцыйную чорную магію»

Як кажа Аляксандра Папчанка, насуперак усім жыцьцёвым складанасьцям ніяк ня скажаш, што мясцовыя «фавэлы» раз і назаўсёды накрыла дэпрэсія. Прадстаўнікі галоўных канфэсій з розным размахам, але з аднолькавым імпэтам адзначаюць рэлігійныя і цывільныя сьвяты, спраўляюць адвечныя рытуалы і вераць старажытным забабонам.

У чаканьні навальніцы
У чаканьні навальніцы

«Паводле веравызнаньня Нігерыя падзеленая 50×50: палова — мусульмане, палова — хрысьціяне, — кажа яна. — Трэба сказаць, што паміж канфэсіямі абсалютны мір. Дагэтуль трымаюцца мясцовых традыцый: незалежна ад таго, рэлігійны чалавек ці не, ён будзе верыць у так званую чорную магію. Абажаюць розныя сьвяткаваньні, гэта выходныя дні — як на раство Хрыстова, так і на раство Мухамэда. Быў Вялікдзень, то адзначалі ад чацьвярга аднаго тыдня да серады другога. Уся Нігерыя гуляла. І звычайна ўсё вельмі дружна. У гэтым пляне няма ніякіх праблемаў».

Якое месца ва ўсім гэтым шматканфэсійным карагодзе займаюць экспаты — замежнікі з розных кантынэнтаў, якія зьвязалі свой лёс з Афрыкай?

Публічная адзінота
Публічная адзінота

«Тут здаўна шмат экспатаў, — кажа Аляксандра. — Гэта і тыя, хто прыехаў працаваць з Амэрыкі, з краінаў Эўропы, Азіі. І тыя, што жывуць у Нігерыі сем’ямі ўжо ў другім, трэцім пакаленьнях. Напрыклад, лібанцы. Бадай, самая вялікая і значная дыяспара. Пасьля іх, відаць, ідуць індусы. Значная італьянская прысутнасьць. З боку абарыгенаў стаўленьне да ўсіх добрае. Але да белай жанчыны яно адназначна больш паважлівае, чым да чорнай. На жаль, гендэрнае пытаньне і сёньня надзвычай актуальнае».

25 сакавіка Аляксандра Папчанка арганізавала ўласнае сьвята — адзначыла юбілей абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ўдарным маратонам. Забег адбыўся ў рамках глябальнай кампаніі беларусаў сьвету «Вольны забег да Дня Волі». Пераадолеўшы сябе і 10 кілямэтраў пад афрыканскім сонцам, на фінішы сфатаграфавалася з гістарычным сьцягам у руках.

Аляксандра зь гістарычным сьцягам
Аляксандра зь гістарычным сьцягам

Хоць Лагас і стаў адным з самых экзатычных пунктаў на мапе сьвяткаваньня 100-х угодкаў БНР, мясцовая публіка асаблівага ўзрушэньня ня выявіла.

«Так, ня ўразіліся, — сьмяецца „маратонка“. — Намагалася расказаць пра дату, але іх зацікавіла толькі асабістае дасягненьне. Паколькі я абсалютна не спартыўны чалавек, давялося рыхтавацца... Ні тагачасных, ні цяперашніх геапалітычных раскладаў яны не разумеюць. Так, для некаторых Беларусь — не зусім пусты гук. Але гэта, як правіла, ужо іншы ўзровень — па адукацыі, пасадзе, даходах. Ёсьць нават такія, хто чуў пра Лукашэнку, ведае, што ён дыктатар. Але на гэтым усё».

«Пасьля прэзыдэнта-мусульманіна наступным будзе хрысьціянін»

На фоне Беларусі нават у Афрыцы ўсё часьцей праглядаюцца прыкметы дэмакратызацыі — хоць яшчэ нядаўна менавіта тут махровыя дыктатуры адчувалі сябе найбольш камфортна. У Нігерыі, як кажа Аляксандра Папчанка, народ прымусіў вышэйшых кіраўнікоў да ратацыі ва ўладзе.

Гандлёвае скрыжаваньне
Гандлёвае скрыжаваньне

«Як абіраюць прэзыдэнтаў? Пасьля мусульманіна (як правіла, з народнасьці хаўса) наступным будзе хрысьціянін (хутчэй за ўсё, з племені ёруба), — палітлікбез ад Аляксандры. — Ну, і віцэ-прэзыдэнтам будзе прадстаўнік іншай рэлігіі: пры кіраўніку-мусульманіну — хрысьціянін, і наадварот. Такая замена кожны раз, намагаюцца збалянсаваць сілы, пачынаючы ад такога ўзроўню. І хоць людзі самі па сабе жывуць дружна, па-сяброўску, але ў любым выпадку ідэнтыфікуюць: вось я бэрбэр, а ён ігба. Усё досыць ацэначна. Гэта каб у нас было асаблівае стаўленьне да палешукоў, а тыя інакш успрымалі менчукоў».

«Тысячы людзей стаяць вакол скрыні і хорам лічаць галасы», — беларуска параўнала выбары ў Гане і ў Беларусі

«Ніякіх дынастый, перадачы ўлады. Толькі два прэзыдэнцкія тэрміны». Беларус пра свой мэнэджарскі досьвед у Кеніі

Нягледзячы на асаблівасьці рэгіёну, дадому Аляксандра пакуль не зьбіраецца. Кажа, што ёсьць жаданьне пачаць уласную справу — набыты досьвед дадае ўпэўненасьці, што ўсё атрымаецца.

«Паглядзім, як насамрэч складзецца, але ёсьць пляны наконт невялікага ўласнага бізнэсу, — прызнаецца яна. — Я бачу ў гэтым практычны сэнс, у тым ліку і магчымасьць зарабіць. Таму на гэты момант ёсьць сэнс удасканальвацца менавіта тут. Прагучыць, можа, парадаксальна, але гэта адна з рэдкіх краін, дзе рэальна зрабіць значны скачок у пляне ўласнага разьвіцьця (фінансавага таксама), ня маючы асаблівых кантактаў і стартавых магчымасьцяў. Белы колер скуры спрыяе рэалізацыі задумаў».

Бедны раён Лагаса
Бедны раён Лагаса

Пры канцы траўня Аляксандра зьбіраецца ў Менск, каб пад Міжнародны дзень абароны дзяцей наладзіць ужо традыцыйны, чацьвёрты па ліку дабрачынны канцэрт «Belarus in Africa». У папярэднія гады заробленыя сродкі пайшлі на будоўлю новай школы ў Гане, на дапамогу сабраць малых нігерыйцаў у школу і аплаціць рамонт школьнага будынка ў Лагасе.

«Я заўсёды ў гэты час прыяжджаю ў Беларусь, каб заклікаць падтрымаць малазабясьпечаныя сем’і ў краінах Афрыкі, — кажа Аляксандра. — Пачынала з Ганы, цяпер вось Нігерыя. Выступаюць розныя гурты, танцавальныя калектывы, так ці інакш зьвязаныя з каляафрыканскай тэматыкай — і беларускія, і нігерыйскія. Таксама праходзіць хэнд-мэйд кірмаш, можна набыць эксклюзіўныя рэчы, зробленыя ў адзінкавым экзэмпляры. Сёлета сродкі пойдуць на патрэбы пачатковай школы ў Лагасе, якой мы ўжо некалькі год апякуемся».

Афіша мінулагодняга дабрачыннага канцэрту
Афіша мінулагодняга дабрачыннага канцэрту

Паводле Аляксандры Папчанкі, беларусы ў Афрыцы ёсьць, але яны або растварыліся сярод глябалізаваных экспатаў, або горнуцца да расейскамоўных кампаній. Пераважна гэта жанчыны і дзяўчаты, якія ў свой час павыходзілі замуж за мясцовых хлопцаў, калі тыя вучыліся ў Менску ці іншых гарадах.

Ня дзіва, што на ўвесь чорны кантынэнт у Аляксандры не знайшлося аднадумцаў, каб адзначыць сьвяточным маратонам знакавую дату беларускай гісторыі. Ну, і дакладна гэта адзіны чалавек, які можа зьдзівіць абарыгенаў беларускай мовай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG